Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 снежня 2021, 18:06

МЗС Беларусі бачыць акт варожасці і агрэсіі ў "санкцыйным законе", што абмяркоўваецца ў Літве

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Санкцыйны закон" адносна Беларусі, які абмяркоўваецца ў Літве, з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права. Аб гэтым заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, паведамляе БЕЛТА.

"Ужо больш за тыдзень усе мы з'яўляемся сведкамі спектакля, які разыгрываецца ў суседняй Літве вакол транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Акцёрскае майстэрства і прадпрымальнасць некаторых удзельнікаў гэтай драмы ўражваюць. Але пакінем на водкуп самім літоўцам ацэнкі работы свайго ўрада. Унутраныя праблемы суседняй краіны - іх справа. Галоўнае, што ў гэтай каламутнай вадзе некаторыя актары пад лозунгамі салідарнасці спрабуюць пад шумок працягнуць праз парламент рашэнні, якія з'яўляюцца проста верхам безадказнасці і цынізму. Заспакойваючы ўсіх тым, што нейкі ўнесены ў Сейм законапраект дазволіць без эканамічнай шкоды спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў, на справе яны фарміруюць умовы для поўнай забароны паставак і транзіту любых беларускіх тавараў для далейшай перавозкі морам", - заявіў Анатоль Глаз.

Ён падкрэсліў: ужо сама па сабе гэта ініцыятыва з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права, не лічачы шматбаковых і двухбаковых абавязацельстваў Літвы. У іх ліку забеспячэнне бесперашкоднага транзіту тавараў, безумоўнае прадастаўленне доступу да мора дзяржаве, якая не мае выхаду да мора, які павінен максімальна забяспечвацца нават ва ўмовах надзвычайных сітуацый і ваенных дзеянняў.

"Тое, што афіцыйны Вільнюс выбарачна тлумачыць нормы міжнароднага права і шчыра лічыць, што нязручныя для іх нормы можна не выконваць, - ужо ні для кога не сакрэт, асабліва пасля драмы з мігрантамі. Але ў дадзеным выпадку размова ідзе аб мэтанакіраванай спробе блакады: заблакіраваны паветраныя зносіны, абмежаваны сухапутныя, цяпер падбіраюцца да чыгуначных. Гэта ўсё ў адносінах да дзяржавы, якая не мае выхаду да мора. Што гэта, калі не акт варожасці і агрэсіі? Гэта задума таксама пагражае непасрэдна харчовай бяспецы шэрага краін свету - імпарцёраў беларускага калію, справакуе нестабільнасць, неўраджай, рост цэн, пагоршыць праблему голаду. І ўсе гэтыя наступствы спакойна ўкладваюцца ў галовах літоўскіх палітыкаў, - заўважыў прэс-сакратар МЗС. - Таксама як і тое, што ад гэтай неразумнай задумы пацерпіць іх уласнае насельніцтва. Больш за мільярд долараў беларускага экспарту і транзіту забяспечваюць сёння дабрабыт не толькі Клайпедскага порта і літоўскай чыгункі. Размова ідзе ўжо пра сотні літоўскіх прадпрыемстваў і дабрабыт значнай колькасці літоўскіх сем'яў. Мы ўжо не гаворым аб пагрозе бяспецы транзіту з трэціх краін".

"Нічым іншым, акрамя бяссільнай злосці, растлумачыць гэта нельга. Ужо даўно настаў час добра падумаць і спыніць гэту безадказную палітыку, якая можа не толькі дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне, але і знаходзіцца на грані неаб'яўленай вайны", - дадаў Анатоль Глаз.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі