Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 снежня 2019, 19:38

Макей: патрэбны новы "план Маршала" з надзейнымі механізмамі бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне

5 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на 26-м пасяджэнні Савета міністраў АБСЕ 5 снежня ў Браціславе заявіў аб неабходнасці новага плана для ўмацавання еўрапейскай бяспекі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Міру цяжка дасягнуць, але ён можа быць парушаны занадта лёгка. Нам патрэбны новы "план Маршала" для еўрапейскай бяспекі - план, калі ўсе дзяржавы-ўдзельніцы інвесціравалі б у стварэнне надзейных механізмаў бяспекі ў нашым рэгіёне", - заявіў Уладзімір Макей.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што 30 гадоў таму Парыжская хартыя для новай Еўропы абвясціла прынцып непадзельнай бяспекі, які паставіў сабе за мэту растапіць лёд недаверу і пабудаваць адзіную Еўропу. "Ці збыліся нашы агульныя надзеі? На жаль, не. Хранічны і ўзрастаючы крызіс даверу, аслабленне рэжымаў кантролю над узбраеннямі, хуткае нарошчванне ваеннага патэнцыялу, пашырэнне палітычнага і ідэалагічнага разрыву - вось сапраўдныя складнікі катастрофы", - канстатаваў міністр.

Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь выдатна разумее, якія непрадказальныя наступствы гэта можа мець для нашага неспакойнага рэгіёна, які знаходзіцца ў геапалітычна небяспечнай сейсмічнай зоне. "Што мы прапануем? У 2017 годзе Прэзідэнт Беларусі заклікаў аднавіць стратэгічны дыялог, накіраваны на пераадоленне супярэчнасцей і адраджэнне духу Хельсінкскага працэсу. Ён прапанаваў склікаць саміт для шчырага і адкрытага абмеркавання на самым высокім узроўні стану спраў і шляхоў далейшага выпраўлення і перазагрузкі архітэктуры бяспекі ў Еўропе, - сказаў Уладзімір Макей. - Гэта прапанова застаецца на стале".

"Беларусь гатова інвесціраваць, нараўне з іншымі дзяржавамі-аднадумцамі, у пошук рашэнняў для пераводу пануючай парадыгмы канфлікту ў парадыгму бяспекі на аснове супрацоўніцтва, заснаванага на ўзаемадзеянні", - заявіў міністр замежных спраў.

На яго думку, нельга недаацэньваць ролю малых і сярэдніх краін. Яны павінны быць раўнапраўнымі ўдзельнікамі дыялогу па пытаннях бяспекі, каб пазбегнуць новага падзелу Еўропы на сферы ўплыву.

"Нядаўняе спыненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці прадаўжае вельмі небяспечную тэндэнцыю да эскалацыі ваеннай напружанасці ў Еўропе, - перакананы кіраўнік беларускага МЗС. - Беларусь прапанавала распрацаваць шматбаковую дэкларацыю з выразным і цвёрдым абавязацельствам краін не размяшчаць на сваёй тэрыторыі ракеты сярэдняй і меншай далёкасці і адмовіцца ад іх вытворчасці. Мы ўсведамляем, што рэалізацыя гэтай ініцыятывы запатрабуе палітычнай волі і напружаных намаганняў".

З улікам таго, што кіберпрастора ўсё больш становіцца арэнай канфрантацыі, Беларусь прапанавала сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства шляхам заключэння міжнародных пагадненняў па кібербяспецы, аналагічных пагадненням аб дадатковых мерах умацавання даверу і бяспекі ў ваенна-палітычнай сферы.

Уладзімір Макей адзначыў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 75-я гадавіна заканчэння Другой сусветнай вайны, горкія ўрокі якой нагадваюць нам аб каштоўнасці міру і небяспецы нацыяналізму, ксенафобіі і неанацызму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі