Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 красавіка 2021, 15:58

Макей: Беларусь не будзе глядзець праз пальцы на дэструктыўныя дзеянні звонку і адкажа адэкватна

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не будзе глядзець праз пальцы на дэструктыўныя і разбуральныя дзеянні з любога боку і адкажа адэкватна. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Закранаючы тэму абвастрэння беларуска-польскіх адносін, Уладзімір Макей падкрэсліў: "Перадгісторыю вы ведаеце. Не мы былі ініцыятарамі абвастрэння нашых міждзяржаўных адносін. Наадварот, мы заўсёды выступалі за тое, каб нашы адносіны развіваліся на канструктыўнай, раўнапраўнай аснове".

"Нягледзячы на нашы запыты, звязаныя з дэструктыўнай дзейнасцю шэрага асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і некаторых прыбалтыйскіх краін, мы не атрымлівалі такога ж канструктыўнага адказу ад нашых партнёраў, - прадоўжыў міністр. - Таму мы былі вымушаны пайсці на некаторыя рэзкія крокі, звязаныя з высылкай дыпламатаў з Брэста і Гродна".

"Я не магу наогул успрыняць, як можна праводзіць у школе мерапрыемствы, звязаныя з гераізацыяй "праклятых салдат", гэта мерапрыемствы, якія ідуць уразрэз з нашым заканадаўствам. Можа, у іх яны лічацца героямі, але ў нас яны лічацца злачынцамі і павінны несці адпаведнае пакаранне. Таму крымінальныя справы, якія заведзены супраць асобных грамадзян Беларусі, маюць канкрэтныя прычыны, і ёсць канкрэтныя доказы іх правапарушэнняў і злачынстваў. Тое, што нашы партнёры спрабуюць прадставіць у некаторых міжнародных арганізацыях, на знешнім контуры як уціск польскай меншасці ў Беларусі, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці", - выказаў недаўменне Уладзімір Макей.

Міністр заявіў: "Мы поўнасцю выконваем усе нашы міжнародныя абавязацельствы ў гэтай сферы. Больш таго, сёння кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, каб ні ў якай меры гэтыя абавязацельствы не былі парушаны. Усё будзе ісці ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, з нашым заканадаўствам".

Пры гэтым кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў нармальных, канструктыўных адносінах з Польшчай і іншымі суседнімі краінамі. "Але гэта не значыць, што мы будзем глядзець праз пальцы на тыя дэструктыўныя, разбуральныя дзеянні, якія ажыццяўляе той ці іншы бок супраць Беларусі. Наконт гэтага, безумоўна, заўсёды знойдзецца адэкватны адказ", - заявіў Уладзімір Макей.

Міністр адзначыў, што сёння Прэзідэнту былі даложаны і ім падтрыманы канкрэтныя меры, накіраваныя на далейшае развіццё адносін з суседнімі дзяржавамі, у тым ліку з Польшчай, але зыходзячы з таго, што гэтыя адносіны павінны развівацца на канструктыўнай, раўнапраўнай аснове і з павагай унутранага заканадаўства нашай краіны і міжнародных абавязацельстваў. "Мы зацікаўлены ў развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, і сёння абмяркоўвалася пытанне магчымага вяртання паслоў у нашы краіны. Але зразумела, што для гэтага павінны быць сур'ёзныя падставы, якія даюць магчымасць усім бакам спадзявацца, што гэта прывядзе да больш спакойнага развіцця сітуацыі і пераводу яе ў нармальнае дыскусійнае рэчышча", - адзначыў кіраўнік МЗС.

Ён падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці канструктыўных адносін з Польшчай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі