Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 лістапада 2019, 14:33

Лідары краін АДКБ прынялі заяву па ўмацаванні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі

28 лістапада, Бішкек /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Па выніках пасяджэння ў Бішкеку Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прынята заява аб удасканаленні міжнароднага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў мэтах умацавання глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У тэксце дакумента адзначаецца трывога адносна пагаршэння сітуацыі ў сферы міжнароднай бяспекі і аслабленнем прававых механізмаў яе падтрымання, што прадаўжаецца, нарастаннем рызык і пагроз для стабільнасці, павышэннем канфліктнага ўзроўню ў розных рэгіёнах свету. Змешчаны заклік да ўсіх дзяржаў сумесна працаваць над умацаваннем і развіццём дзеючай сістэмы міжнародных дамоўленасцей па кантролі над узбраеннямі, раззбраенні і нераспаўсюджванні.

Пасля завяршэння саміту выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў паведаміў журналістам, што на пасяджэнні бакі абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку ў свеце ў цэлым і ў зоне адказнасці арганізацыі. На гэтай аснове былі выказаны адпаведныя прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы па тых ці іншых напрамках. У тым ліку гэта датычыцца развіцця міжнароднай дзейнасці АДКБ.

Размова таксама ішла аб неабходнасці практычнага развіцця нядаўна заснаваных у АДКБ інстытутаў партнёра і наглядальніка пры арганізацыі. Паводле слоў Валерыя Семерыкова, гэта работа будзе актывізавана, і ўжо ёсць кандыдаты, якія могуць атрымаць адпаведныя статусы.

Што датычыцца ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, было адзначана, што добра арганізавана ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі ААН. Адзначалася, што падрыхтоўцы калектыўных міратворчых сіл неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, каб яны маглі выконваць свае задачы ў місіях па мандаце Савета Бяспекі ААН. "Такая работа праводзіцца ўжо. Узгоднена і ў стадыі рэалізацыі дарожная карта па ўбудоўванні нашага міратворчага патэнцыялу ў дзейнасць ААН", - заявіў Валерый Семерыкоў.

Ён закрануў тэму назначэння генеральнага сакратара АДКБ: "Сёння кіраўнікі дзяржаў павіншавалі Станіслава Зася, прадстаўніка Беларусі, з назначэннем на гэту пасаду з 1 студзеня 2020 года. Гэта рашэнне падрыхтавана ў мэтах выканання рашэння СКБ, дзе дакладна рэгламентавана назначэнне генеральных сакратароў на ратацыйнай аснове".

Акрамя таго, на саміце падпісаны план калектыўных дзеянняў дзяржаў - членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019-2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам.

Прыняты план мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Частка рашэнняў СКБ датычыцца ўнясення змяненняў у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, у палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі АДКБ, у правілы працэдуры органаў АДКБ. Напрыклад, канкрэтызаваны парадак унясення і ўзгаднення кандыдатуры на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, замяшчэння гэтай пасады ў выпадку немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў, удакладнена працэдура ўзгаднення кандыдатуры генеральнага сакратара.

На разгляд былі вынесены пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, у прыватнасці праект палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ. Унесены змяненні ў палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў - членаў АДКБ па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя "ПРОКСІ").

Прынята рашэнне адносна пераліку дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкістанска-афганскім прыграніччы.

Акрамя таго, разгледжаны пытанні, якія датычацца фарміравання бюджэту арганізацыі і яго выканання.

Старшынства ў АДКБ на наступны міжсесіённы перыяд у 2019-2020 гадах перайшло да Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі