Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 снежня 2019, 17:56

Інвестыцыі, падтрымка бізнесу і рэгіянальны парадак дня - Крутой аб прыярытэтах работы першым віцэ-прэм'ерам

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой лічыць прыярытэтамі ў сваёй рабоце ва ўрадзе прыцягненне інвестыцый, падтрымку бізнесу і работу з рэгіёнамі. Сёння прэм'ер-міністр Сяргей Румас прадставіў яго ў якасці новага першага віцэ-прэм'ера калектыву Апарату Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага Дзмітрый Крутой займаў пасаду міністра эканомікі, раней працаваў у Міністэрстве лясной гаспадаркі. На пасадзе міністра эканомікі ён каардынаваў работу па падрыхтоўцы праграмы дзеянняў абноўленага ўрада, цяпер займаецца каардынацыяй падрыхтоўкі дарожных карт па развіцці інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

"Людзі ва ўрадзе вам знаёмыя, вы ўсіх ведаеце. Кабінеты ў гэтым будынку таксама ўсе знаёмыя вам як міністру эканомікі. Спадзяюся, што вы адразу, з першых секунд, уключыцеся ў работу, нічога новага ў гэтым няма", - сказаў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада пажадаў яму паспяховай работы ў новай якасці, заўважыўшы, што Дзмітрый Крутой, якому 38 гадоў, стаў самым маладым намеснікам прэм'ер-міністра ў гісторыі суверэннай Беларусі.

Дзмітрый Крутой адзначыў, што часу на адаптацыю яму не спатрэбіцца, паколькі Міністэрства эканомікі можна лічыць малым урадам: гэта ведамства працуе непасрэдна на Савет Міністраў, у Мінэканомікі з урадам цесныя сувязі. Ён звярнуў увагу, што задачы, якія Прэзідэнт абазначыў сёння перад дэпутатамі, датычыліся эканомікі, а значыць, гэта інструкцыя да дзеяння і для ўрада.

Пасля прадстаўлення калектыву Апарату Саўміна Дзмітрый Крутой канкрэтызаваў БЕЛТА, якімі пытаннямі зоймецца ў першую чаргу ў якасці першага віцэ-прэм'ера.

Адной з самых важных задач стане прыцягненне інвестыцый, паляпшэнне адпаведнага заканадаўства і перагляд усяго інвестыцыйнага парадку дня. "У Беларусі павінны быць лепшыя ўмовы для прыцягнення інвестыцый, асабліва прамых замежных. Барацьба за інвестара вельмі абвастрылася, усе краіны імкнуцца прапанаваць лепшыя прэферэнцыі і льготы. Беларусь тут ні ў якім разе не павінна адстаць з улікам таго, што ў нас вельмі добрая база ў гэтай частцы, ёсць свабодныя эканамічныя зоны, Парк высокіх тэхналогій, індустрыяльны парк "Вялікі камень". Таму інвестыцыйны парадак дня будзе адным з важнейшых", - растлумачыў Дзмітрый Крутой.

"Па-другое - прадукцыйнасць працы. Ёсць справядлівая крытыка, што яна на многіх прадпрыемствах недапушчальна нізкая. Таму ўрад пастаянна павінен шукаць рэзервы па павышэнні дабаўленай вартасці, і на гэтай падставе - заработных плат", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Урад прадоўжыць працаваць над развіццём прадпрымальніцтва і разняволеннем дзелавой ініцыятывы. "Умовы для бізнесу створаны. Цяпер усе гэтыя дакументы трэба рэалізоўваць на практыцы, дапамагаць і ўсяляк падтрымліваць", - лічыць ён.

Яшчэ адна задача - паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. "З улікам праблем, што ўзніклі ў сярэдзіне 90-х, і пэўнай ямы, у якой апынулася краіна цяпер, патрэбны рашэнні і прапановы па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі, павелічэнні нараджальнасці, каб у сярэднетэрміновай перспектыве балансаваць бюджэт і бюджэтныя расходы па гэтым напрамку", - сказаў Дзмітрый Крутой.

У цэнтры ўвагі будзе і рэгіянальная палітыка. Урад апошні год вельмі актыўна займаецца гэтай тэмай. У якасці прыкладу Дзмітрый Крутой прывёў Аршанскі раён, работу з адстаючымі па паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыямі і праекты па 11 буйных гарадах. "Гэта тры вялікія пілотныя праекты, яны ні ў якім разе не павінны страціць дынаміку. Асабліва ў наступным годзе з улікам таго, што ў нас новы дэпутацкі корпус, ім трэба сустракацца з насельніцтвам, дапамагаць у гэтай рабоце ўраду", - рэзюмаваў першы віцэ-прэм'ер.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі