Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 мая 2021, 14:26

Гурскі: сітуацыю ў Беларусі нельга разглядаць па-за агульнасусветным кантэкстам

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыю ў Беларусі нельга разглядаць па-за агульнасусветным кантэкстам, заявіў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Інстытута эканомікі НАН Васіль Гурскі.

"Нельга разглядаць сітуацыю ў Беларусі па-за агульнасусветным кантэкстам. Беспрэцэдэнтны націск, які зведвае наша краіна апошнім часам як у форме эканамічных санкцый, так і ў форме інфармацыйнага націску, абумоўлены агульнасусветнымі тэндэнцыямі абвастрэння палітыка-эканамічнага процістаяння сусветных цэнтраў сілы. Усё апошняе дзесяцігоддзе мы можам назіраць, як працэсы глабалізацыі змяняюцца рэгіяналізацыяй па прычыне нарастання канфліктнасці міжнародных эканамічных адносін", - сказаў Васіль Гурскі.

На яго думку, дзеянні ў адносінах да Беларусі з'яўляюцца адным з эпізодаў барацьбы за сусветнае панаванне. "ЗША, пашыраючы свае нацыянальныя інтарэсы, зусім не саромеюцца выкарыстоўваць увесь спектр сродкаў падаўлення (санкцыі, гандлёвая і інфармацыйная вайна, узброены канфлікт, каляровыя рэвалюцыі). Прытрымліваючыся прынцыпаў "права моцнага" і "мэта апраўдвае сродкі", праводзяць агрэсіўную палітыку ў адносінах да практычна ўсіх краін, якія да гэтага часу не з'яўляюцца іх сатэлітамі. Кітай, Расія, Беларусь, Украіна, Іран, Ірак, Венесуэла, Лівія, Сірыя. Спіс краін, якія зведалі агрэсію (у той ці іншай форме), вельмі шырокі і не залежыць ад геаграфічнага месцазнаходжання і палітычнага ладу. Умешваюцца пад любым выглядам - абароны правоў чалавека, або навакольнага асяроддзя, або дэмакратыі, галоўнае, каб у выніку краіна аказалася ў поўнай залежнасці ад іх", - падкрэсліў эксперт.

Васіль Гурскі адзначыў, што сёння ў свеце ідзе жорсткая барацьба за лічбавае дамінаванне, за кантроль над інфармацыйнымі рэсурсамі, сродкамі збору, перадачы і апрацоўкі даных. "Відавочна, што перавага будзе ў тых, хто будзе кантраляваць тэхналогіі і тэхнічныя сродкі, якія забяспечваюць каардынацыю кіберфізічных сістэм. Адсюль гандлёвая вайна ЗША з КНР, асноўнай прычынай якой з'яўляецца валоданне КНР тэхналогіяй 5G. Сёння віртуальная рэальнасць пачынае дамінаваць над жывымі стасункамі і рэальнасцю фізічнай. Ніколі раней асобны чалавек не меў доступу да такіх аб'ёмаў інфармацыі і такіх шырокіх магчымасцей для камунікацый. Ніколі раней асобны чалавек або кампанія не мелі магчымасці маніпуляваць свядомасцю і паводзінамі велізарнай колькасці людзей, у тым ліку з дапамогай непраўдзівай (фэйкавай) інфармацыі, якая мяжуе з махлярствам і кіберзлачыннасцю. Менавіта інфармацыйная прастора стала сёння полем бітвы не толькі паміж краінамі, але і паміж карпарацыямі. ЗША самі сутыкнуліся з гэтай праблемай, калі ў студзені 2021 года Дональд Трамп, з'яўляючыся дзеючым кіраўніком дзяржавы, рашэннем кіраўнікоў буйнейшых IT-карпарацый быў выключаны з усіх сацыяльных сетак і фактычна аказаўся адрэзаны ад сродкаў камунікацыі", - нагадаў ён.

"Усё гэта выразна сведчыць, што інфармацыйныя рэсурсы, камунікацыйныя тэхналогіі, іх праграмнае забеспячэнне і тэхнічныя сродкі перадачы і захоўвання даных павінны знаходзіцца пад кантролем сацыяльна адказнай дзяржавы, а не прыватных асоб або карпарацый, накіраваных на атрыманне прыбытку і дамінаванне на рынку. Разумнае абмежаванне свабоды індывіда - неабходная ўмова парадку ў грамадстве. Імкненне нашай дзяржавы абараніць сваю інфармацыйную прастору, на законных падставах процідзейнічаць міжнароднаму тэрарызму, у тым ліку інфармацыйнаму, і адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ў саюзе з Расіяй, цесным партнёрстве з КНР і супрацоўніцтве з іншымі краінамі, успрымаецца як выклік або нават пагроза дыктату "сусветнага гегемона" і выклікае адкрыта варожую рэакцыю", - звярнуў увагу эксперт.

На яго думку, сапраўдная прычына замежнага націску ў адносінах да Беларусі ляжыць у плоскасці палітыка-эканамічнага процістаяння сусветнага маштабу, накіраванага на перадзел рынкаў і сфер уплыву не толькі паміж дзяржавамі, але і міжнароднымі карпарацыямі. "Нельга вырываць тое, што адбываецца ў нашай краіне, з кантэксту агульнасусветных працэсаў", - рэзюмаваў Васіль Гурскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі