Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 сакавіка 2019, 17:19

Форум "Беларусь-Хакайда" пройдзе ў Японіі восенню наступнага года

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Форум "Беларусь-Хакайда" пройдзе ў Японіі восенню наступнага года. Дамоўленасць аб яго правядзенні дасягнута ў час рабочай паездкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Японіі Руслана Есіна ў прэфектуру Хакайда, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Японіі.

Кіраўнік беларускай дыпмісіі правёў сустрэчу з губернатарам Хакайда Харумі Такахасі. Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі двухбаковага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Руслан Есін выказаў удзячнасць за садзейнічанне, якое аказала адміністрацыя прэфектуры, ва ўстаноўцы ў Хакадатэ бюста выхадца з Беларусі, першага консула Расійскай Імперыі ў Японіі Іосіфа Гашкевіча. Губернатар у сваю чаргу падзякавала беларусам за падтрымку жыхароў Хакайда, якія пацярпелі ў выніку стыхійных бедстваў у 2018 годзе, а таксама кіраўніку дзяржавы за магчымасць адпачынку дзяцей з гэтай прэфектуры ў Беларусі ў 2019 годзе.

Адбыліся таксама сустрэчы беларускага пасла з намеснікам мэра Сапара Тору Ёсіёка, кіраўніцтвам гандлёва-прамысловай палаты горада і старшынёй Федэрацыі біятлона Японіі Хіраакі Ібэ.

"Бакі абмяняліся думкамі аб пашырэнні ўзаемадзеяння ў эканамічнай, спартыўнай і адукацыйнай сферах. Таксама дасягнута дамоўленасць аб правядзенні восенню 2020 года форуму "Беларусь-Хакайда", - праінфармавалі ў пасольстве.

У горадзе Сапара прайшла пашыраная сустрэча прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса Беларусі і Расіі з дзелавымі і грамадскімі коламі Хакайда. На ёй прысутнічалі каля 50 прадстаўнікоў кампаній і арганізацый рэгіёна, а таксама суайчыннікі. Яны азнаёміліся з экспазіцыямі, прысвечанымі двухбаковаму эканамічнаму супрацоўніцтву. Адбылася таксама прэзентацыя кнігі пра дзейнасць Іосіфа Гашкевіча ў Японіі.

Акрамя таго, кіраўнік беларускай дыпмісіі сустрэўся з японскімі спартсменамі, якія наведвалі Беларусь летам 2018 года для правядзення трэніровак на спартыўнай базе Федэрацыі біятлона Беларусі ў Наваполацку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі