Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 сакавіка 2020, 17:07

Еўразійскі міжурадавы савет пройдзе па відэасувязі

25 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета, якое планавалася правесці 10 красавіка ў Мінску з удзелам прэм'ер-міністраў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, пройдзе па відэасувязі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках праведзенага сёння таксама ў фармаце відэаканферэнцыі пазачарговага пасяджэння Савета ЕЭК.

"Члены Савета ЕЭК абмеркавалі і пытанні, звязаныя з маючым адбыцца ў красавіку пасяджэннем Еўразійскага міжурадавага савета. Вызначыліся, што яно будзе праведзена таксама ў рэжыме відэаканферэнцыі", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Асноўнай тэмай парадку дня пазачарговага Савета ЕЭК стала выпрацоўка мер барацьбы з каранавірусам. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў краінах саюза пакуль не назіраецца стабілізацыя захваральнасці на каранавірус, ёсць праблемы ў рабоце вытворчых і грашова-крэдытных сфер. Пры гэтым ён падкрэсліў, што дзяржорганы краін ЕАЭС прымаюць сістэмныя, аператыўныя рашэнні. Калегія ЕЭК ажыццяўляе маніторынг сітуацыі, накіравала ў краіны саюза агляд неабходных мер, унесла пэўныя рэкамендацыі.

"Мэтазгодна прыняць шэраг рашэнняў, каб не дапусціць разладжвання ўнутранага рынку з-за ўвядзення нашымі краінамі аднабаковых забарон і абмежаванняў, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Адпаведныя дакументы прыняты Калегіяй ЕЭК і накіраваны членам Савета. Гэта вымушаная мера, якая знаходзіцца ў прававым полі Еўразійскага эканамічнага саюза".

Прапанаваны, у прыватнасці, абмежаванні вывазу за межы Еўразійскага эканамічнага саюза пэўных тавараў, якія вельмі патрэбны грамадзянам краін, што ўваходзяць у яго, на ўнутраным рынку. Таксама плануецца прадаставіць некаторыя льготы па імпарце сацыяльна-значных спажывецкіх тавараў.

"Сёння ЕАЭС правяраецца, што называецца, на трываласць, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Рашэнні павінны быць узгодненымі. Іншага не можа быць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі