Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 верасня 2019, 15:46

Беларусь прыняла прынцыпова важнае рашэнне, захаваўшы прыхільнасць да палажэнняў ДРСМД - Прэйгерман

30 верасня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Рашэнне Беларусі, агучанае Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у пачатку верасня, аб захаванні прыхільнасці да асноўных палажэнняў Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці з'яўляецца прынцыпова важным. Яно можа стаць стымулам для паводзін іншых дзяржаў. Такое меркаванне выказаў журналістам заснавальнік і дырэктар Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Было заяўлена, што мы ў аднабаковым парадку гарантуем: будзем выконваць тыя палажэнні, да якіх нас абавязвалі ў ДРСМД, і заклікаем іншыя краіны далучыцца да гэтай пазіцыі і нават прыняць дэкларацыю, - нагадаў эксперт. - Гэта канкрэтныя дзеянні, якія тут і цяпер робяць сітуацыю больш бяспечнай, ствараюць стымулы для паводзін іншых дзяржаў. Гэта прынцыпова важна".

Яўген Прэйгерман звярнуў увагу, што раней Беларусь выступала з ініцыятывамі, дзе задзейнічана вялікая колькасць удзельнікаў, чые погляды на бяспеку часта не супадаюць. Напрыклад, адносна ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, аднаўлення Хельсінкскага працэсу. "Беларусь тут, як кот Леапольд, заклікае ўсіх сябраваць і задумацца аб тым, якім чынам гэту дружбу інстытуцыянальна аформіць, - растлумачыў ён. - Але ініцыятыва, агучаная ў пачатку верасня, прынцыпова іншая. Яна не проста да нечага заклікае". У гэтым выпадку Беларусь сама выступае як актыўная дзеючая асоба і сваім прыкладам можа падштурхнуць іншых перайсці ад слоў аб бяспецы да канкрэтных мер.

"Калі гэты крок будзе ў далейшым падмацаваны водгукамі з боку іншых дзяржаў і нейкімі дадатковымі ініцыятывамі з боку Беларусі, то за кошт гэтага мы зможам не проста гаварыць, што нам трэба пачакаць моманту, калі сітуацыя ў свеце зменіцца і баланс сіл адновіцца, а мы зможам дамовіцца аб новых правілах гульні", - упэўнены эксперт.

"Не ведаю, ці было гэта прыкметна па СМІ, але рэакцыя ў дыпламатычнай супольнасці на гэту ініцыятыву была не проста пазітыўная, а вельмі пазітыўная", - рэзюмаваў ён.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам падкрэсліў, што Беларусь з'яўлялася паўнапраўнай удзельніцай Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці: "Мы не выходзілі з яго, і не маем намеру вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі не будзе пагрозы нашай бяспецы. Пакуль такой сітуацыі няма. Спадзяюся, і не будзе".

"Перакананы, што дэкларацыя адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе магла б стаць сапраўдным укладам ва ўмацаванне бяспекі. Мы не ідэалісты і бачым усе складанасці, з якімі можа сутыкнуцца гэта ініцыятыва ва ўмовах існуючых супярэчнасцей. Але ж і Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, і глабальныя забароны іншых відаў зброі масавага знішчэння таксама калісьці здаваліся немагчымымі", - сказаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі