Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 верасня 2018, 13:57

Беларусь прапануе сумяшчаць дзейнасць Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы з МУР

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе сумяшчаць дзейнасць Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы з МУР. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні круглага стала па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Круглы стол Савет Рэспублікі праводзіць сумесна з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы (КМРУ). Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што 25 верасня 2015 года 193 краіны ААН прынялі новы Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, зацвердзілі 17 Мэт устойлівага развіцця. Беларусь актыўна ўключылася ў работу па іх рэалізацыі. "У дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад мае сэнс спалучэнне з Мэтамі ўстойлівага развіцця ААН, паважаючы пры гэтым суверэнныя правы кожнай арганізацыі і іх самастойны статус", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

"Работа над Мэтамі ўстойлівага развіцця дае пазітыўны вынік. Пры гэтым дасягаецца гарманізацыя і ўніфікацыя", - дадаў спікер.

Ён падкрэсліў, што Беларусь, нягледзячы на шматвяковую гісторыю, вучыцца ў іншых дзяржаў і народаў. "Мы не лічым для сябе ганебным пераймаць чужы вопыт развіцця грамадзянскай супольнасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прымаючы ў 2010 годзе закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, беларускі парламент заканадаўча замацаваў у краіне базавыя прынцыпы Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання", - звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч.

У беларускім заканадаўстве прадугледжана магчымасць грамадзянам працаваць не толькі праз Саветы дэпутатаў, але і праз органы тэрытарыяльнага самакіравання, непасрэдна ўдзельнічаць у дзяржаўных і грамадскіх справах. "Гэта рэальны прынцып развіцця сучаснай грамадзянскай супольнасці з улікам агульнаеўрапейскіх прынцыпаў", - падкрэсліў спікер.

Ён пажадаў кангрэсу поспехаў у рэалізацыі сваіх задач, у тым ліку ў супрацоўніцтве з краінамі, якія пакуль не з'яўляюцца членамі СЕ, але імкнуцца зрабіць жыццё еўрапейцаў паўнацэнным і бяспечным.

Як паведамлялася, у час семінара будуць разгледжаны пытанні збліжэння беларускага заканадаўства аб мясцовым кіраванні і самакіраванні і палажэнняў Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Размова таксама пойдзе аб удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для мясцовых органаў улады. Акрамя таго, эксперты абмяркуюць перспектывы развіцця асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўмацаванню пабрацімскіх сувязей як інструмента развіцця прыгранічных тэрыторый.

У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Узначальвае дэлегацыю старшыня кангрэса Гудрун Мослер-Цёрнстром.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы - гэта кансультатыўны орган Савета Еўропы, які прадстаўляе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады еўрапейскіх дзяржаў. Ён складаецца з Палаты мясцовых улад і Палаты рэгіёнаў. Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мае статус запрошанага наглядальніка ў КМРУ. У склад кангрэса ўваходзяць 324 прадстаўнікі амаль 200 тыс. адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак 47 краін - членаў СЕ.-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі