Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
11 лістапада 2016, 10:12

Беларусь і Турцыя выходзяць на новы этап развіцця адносін - Макей

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя выходзяць на новы этап развіцця адносін. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу" напярэдадні візіту Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Мінск, паведамляе БЕЛТА.

"З прычыны таго, што мы займаем падобныя пазіцыі на міжнароднай арэне, з прычыны таго, што пазіцыі краін па пытаннях унутрыпалітычнага развіцця ў многім падобныя, двухбаковае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй развіваецца вельмі актыўна. Мы падыходзім да гэтага візіту з сур'ёзным багажом у тым, што датычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, у тым, што датычыцца развіцця палітычных кантактаў. Думаю, што менавіта ўстанаўленне ў свой час даверных, цёплых, дружалюбных кантактаў паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў прывяло да таго, што мы сёння практычна выходзім на новы этап двухбаковага супрацоўніцтва", - адзначыў Уладзімір Макей.

Беларусь і Турцыя дасягнулі сур'ёзных зрухаў у сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, актыўна развіваюцца кантакты ў сферы навукі і адукацыі, у турызме. "Маючы адбыцца візіт дасць магчымасць усебакова абмеркаваць пытанні двухбаковага супрацоўніцтва - і палітычнага, і гандлёва-эканамічнага, іншага ўзаемадзеяння. Ну і, вядома ж, пытанні ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, сітуацыю ў нашых рэгіёнах, якую, на жаль, нельга ахарактарызаваць як стабільную", - дадаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, візіт Рэджэпа Таіпа Эрдагана з'яўляецца яркім пацвярджэннем узаемнай зацікаўленасці Беларусі і Турцыі ў паглыбленні ўсебаковага супрацоўніцтва. "З прычыны таго, што ў нашых рэгіёнах ёсць шэраг праблем, скажам так, і ў сусветнай эканоміцы крызісныя пытанні дамінуюць, нам здаецца, што гэты візіт дасць магчымасць абмеркаваць з турэцкім бокам, з кіраўніцтвам Турцыі магчымасці выхаду на новы, больш высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі. Гэта вельмі важна для нашых краін", - сказаў ён.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што Беларусь у апошні год значна актывізавала дзейнасць па хутчэйшым уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. "Мы лічым, што гэта ў інтарэсах і Беларусі, і нашых знешнеэканамічных партнёраў. І Турцыя ў гэтым плане адыгрывае вельмі важную ролю. Таму што Турцыя першапачаткова з'яўляецца членам рабочай групы па ўступленні Беларусі ў СГА, а з 2010 года прадстаўнік Турцыі ўзначальвае гэту групу", - растлумачыў Уладзімір Макей. Уступленне Беларусі ў СГА дасць магчымасць яшчэ больш актывізаваць і двухбаковы гандаль, і ўзаемадзеянне з Турцыяй на розных міжнародных пляцоўках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі