Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 снежня 2020, 16:24

Аўдонін: новы пакет санкцый па Беларусі ўзмоцніць крызіс адносін з Захадам

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы пакет санкцый па Беларусі прывядзе да эскалацыі крызісу ў адносінах з Захадам. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксей Аўдонін.

"Увядзенне новага пакета санкцый не будзе садзейнічаць развіццю двухбаковых або шматбаковых адносін таго ж ЕС, ЗША з Беларуссю, а наадварот, будзе прыводзіць да эскалацыі крызісу. Але трэба разумець, што беларускі народ свой выбар зрабіў. І спробы навязаць волю беларускаму народу праз такія санкцыі будуць прыводзіць толькі да яшчэ большага аддалення ад успрымання краін Захаду з боку і самой Беларусі, і яе народа", - сказаў Аляксей Аўдонін.

Паводле яго слоў, праз пэўны час краінам Захаду самім давядзецца спрабаваць наладзіць і выбудаваць дыялог з Беларуссю. "Чаму яны будуць гэта рабіць? Таму што ў іх ёсць вельмі моцнае сваё фінансава-эканамічнае лобі. Гэта вялікія кампаніі, карпарацыі, якія, зразумела, зацікаўлены ў тым, каб працаваць на беларускім рынку, на рынку ЕАЭС. І санкцыі - гэта ўдар па інтарэсах значных еўрапейскіх, амерыканскіх кампаній і банкаў. Таму, калі бакі або цэнтры сілы паддаюцца палітычным авантурам і інтарэсам якіх-небудзь палітычных груп, яны, як правіла, дзейнічаюць на шкоду свайму нацыянальнаму капіталу і свайму насельніцтву, якое атрымлівае рабочыя месцы ў гэтых кампаніях. Пастаўкі прадукцыі будуць змяншацца, зарплаты будуць зніжацца, і яны тым самым атрымаюць адваротны эфект ад увядзення такіх санкцый", - адзначыў аналітык.

Аляксей Аўдонін упэўнены: самай галоўнай санкцыяй Беларусі ў адказ будзе магчымасць нашых прадпрыемстваў і эканомікі аператыўна перабудавацца і стварыць умовы для развіцця ўласнай вытворчасці тых тавараў і паслуг, якія раней пастаўляліся з краін Захаду. "Гэта датычыцца тэхналагічнага абсталявання, магчымасці работы розных фінансава-банкаўскіх структур. Гэта азначае больш актыўнае цеснае супрацоўніцтва ў першую чаргу з лідарам сусветнай эканомікі Кітаем, які займае і будзе займаць у бліжэйшыя 10-15 гадоў першынство па тэмпе эканамічнага росту. Трэба актыўна развіваць супрацоўніцтва адначасова з краінамі Блізкага Усходу і пераймаць у іх перадавыя тэхналогіі. Ствараць на тэрыторыі Беларусі навукаёмістыя высокадаходныя прадукты, паслугі і тым самым выключаць магчымасці нашай залежнасці ад тых краін, якія шляхам санкцый спрабуюць уздзейнічаць на беларускую дзяржаву", - сказаў ён на заканчэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі