Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 снежня 2021, 15:16

Андрэйчанка: Саюзная дзяржава - рэальны інструмент абароны інтарэсаў нашых грамадзян

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Саюзная дзяржава - рэальны інструмент абароны інтарэсаў нашых грамадзян, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні 61-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Саюзнае будаўніцтва не абстрактны геапалітычны праект, а рэальны інструмент абароны інтарэсаў народаў Саюзнай дзяржавы. Такое бачанне інтэграцыі неаднаразова пацвярджалася лідарамі нашых краін, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Лічу, што для парламентарыяў прынцыпова важна ведаць не толькі сутнасць прынятых Саюзных праграм. Ключавым для нас таксама з'яўляецца бачанне выканаўчай уладай шляхоў і метадаў рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, тых пытанняў, дзе спатрэбіцца ўдзел дэпутацкага корпуса".

Спікер выказаў упэўненасць, што поспех саюзнага будаўніцтва магчымы толькі на шляху актыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ўсіх галін улады.

"Так, дэкрэтам аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады прадугледжваецца падпісанне і ратыфікацыя міжнародных пагадненняў, унясенне змяненняў у каласальны аб'ём нацыянальных нарматыўных прававых актаў. Таму ва ўсіх гэтых працэсах парламентарыі павінны прыняць самы актыўны ўдзел", - адзначыў ён.

Прычым рабіць усё трэба максімальна аператыўна, паколькі тэрміны кароткія. "Напрыклад, згодна з дэкрэтам, міжнародны дагавор у сферы мытнага ўзаемадзеяння павінен быць падрыхтаваны і падпісаны ўжо да 1 лютага 2022 года, - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. - Каб зрабіць нашу работу максімальна эфектыўнай, прапаную разгледзець магчымасць уключэння саюзных дэпутатаў у склады міжведамасных рабочых груп па гарманізацыі заканадаўства ў адпаведных галінах эканомікі. Гэта дасць магчымасць не толькі падключыць дэпутацкі корпус да распрацоўкі рашэнняў на стадыі іх падрыхтоўкі, але самае галоўнае - бачыць перспектывы развіцця той ці іншай сферы заканадаўства. Неабходна істотна павысіць і аддачу ад работы нашых камісій".

Эфектыўным бачыцца замацаванне за профільнымі камісіямі і канкрэтнымі дэпутатамі функцыі маніторынгу выканання саюзных праграм. "Атрыманая імі інфармацыя можа стаць прадметам дэталёвага абмеркавання ў ходзе парламенцкіх слуханняў, урадавай гадзіны", - дадаў спікер.

На пасяджэнні сесіі будуць прызнаны паўнамоцтвы дэпутатаў Парламенцкага сходу, дэлегаваных Саветам Федэрацыі і Дзяржаўнай думай Федэральнага сходу Расіі, пройдуць выбары старшыні і намесніка старшыні Парламенцкага сходу. Акрамя таго, будуць зацверджаны абноўленыя склады камісій і выбраны старшыні і намеснікі старшынь камісій.

Адно з галоўных пытанняў парадку дня сесіі - абмеркаванне мер, накіраваных на выкананне дэкрэта Вышэйшага дзяржаўнага савета СД ад 4 лістапада 2021 года нумар 6 "Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады". Асноўныя напрамкі прадугледжваюць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўніфікацыю, гарманізацыю і збліжэнне заканадаўства дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы па наступных пытаннях: правядзенне адзінай структурнай макраэканамічнай палітыкі і стварэнне агульнага фінансавага рынку, стварэнне адзінай эканамічнай прасторы і забеспячэнне роўных умоў гаспадарання, гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства, правядзенне адзінай падатковай палітыкі, а таксама адзінай гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі ў дачыненні да трэціх краін, міжнародных арганізацый і аб'яднанняў, правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне аховы працы, сацыяльнай абароны насельніцтва, пенсійнага забеспячэння, уніфікацыя грамадзянскага заканадаўства і вызначэнне асноў стварэння ўласнасці Саюзнай дзяржавы.

Парламентарыі разгледзяць саюзныя інтэграцыйныя праграмы і дзейнасць па заканадаўчым забеспячэнні іх выканання. Акрамя таго, плануецца абмеркаванне сітуацыі на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах і рэакцыі Еўрасаюза і іншых міжнародных арганізацый на праблемы міжнароднай міграцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі