Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 чэрвеня 2021, 11:50

Андрэйчанка: пад сцягам "абароны свабоды і дэмакратыі" запушчаны працэс эканамічнага ўдушэння Беларусі

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад сцягам "абароны свабодны і дэмакратыі" запушчаны працэс эканамічнага ўдушэння Беларусі шляхам нарошчвання санкцыйнай палітыкі і выціскання беларускіх прадпрыемстваў з сусветных рынкаў. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на 60-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая праходзіць у фармаце відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"60-я сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі праходзіць напярэдадні знакавай даты - 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Праявіўшы небывалы гераізм і самаадданасць, нашы народы выстаялі. Залогам Вялікай Перамогі стала наша адзінства і глыбокая вера ў правільнасць сваёй справы. Памяць аб гэтым для нас свяшчэнная і служыць трывалым фундаментам саюзнага будаўніцтва, развіцця раўнапраўнага дыялогу Беларусі і Расіі, умацавання дружбы двух братэрскіх народаў", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, сёння, на жаль, у міжнародных адносінах па-ранейшаму дамінуюць палітыка нацыянальнага эгаізму, імкненне да сілавога праціскання геапалітычных інтарэсаў асобных краін. "І Беларусь зноў, як у далёкім 1941 годзе, прымае на сябе ўдар. На гэты раз так званага калектыўнага Захаду, нацэленага на суверэнітэт і падрыў незалежнасці краіны, разбурэнне эканомікі, а ў рэшце рэшт - развал Саюзнай дзяржавы, - сказаў спікер. - Хачу падзякаваць нашым расійскім калегам за паслядоўную і ўзважаную пазіцыю, палітычную і інфармацыйную падтрымку на фоне знешняга націску на беларускае кіраўніцтва і спроб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне".

"Пад сцягам "абароны свабоды і дэмакратыі" запушчаны працэс эканамічнага ўдушэння Беларусі шляхам нарошчвання санкцыйнай палітыкі і выціскання беларускіх прадпрыемстваў з сусветных рынкаў. Паралельна ў сумежных краінах на заходнім напрамку істотна нарошчваецца ваенна-палітычная прысутнасць краін НАТА. Да прамога процістаяння пакуль справа не даходзіць перш за ўсё дзякуючы створанаму за гады саюзнай дзяржавы магутнаму абароннаму комплексу, здольнаму даць належны адказ любому агрэсару. Але тое, што супраць нашых краін разгорнута поўнамаштабная гібрыдная вайна, ужо не выклікае сумненняў", - падкрэсліў старшыня ніжняй палаты парламента.

Уладзімір Андрэйчанка ўпэўнены, што інтэнсіўны дыялог кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў па пытаннях паглыблення стратэгічнага партнёрства і развіцця саюзнага будаўніцтва стане дастойным адказам як знешнім, так і ўнутраным апанентам Саюзнай дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі