Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
30 лістапада 2018, 11:01
Ігар Петрышэнка

Ствараць камфортныя ўмовы жыцця для інвалідаў трэба ўсім разам

Ігар Петрышэнка
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі

У грамадстве неабходна ўкараняць разуменне ўніверсальнага асяроддзя як умоў жыцця, аднолькава зручных для кожнага чалавека незалежна ад узросту, фізічных асаблівасцей або нейкіх абмежаванняў. Такое меркаванне выказаў 29 лістапада намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на адкрыцці міжнароднага форуму "Універсальнае асяроддзе" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вырашэнне праблем асоб з абмежаванымі магчымасцямі з'яўляецца адным з базавых прынцыпаў рэалізацыі сацыяльна арыентаванай палітыкі дзяржавы. Сёння ў нашай краіне жыве каля 570 тыс. інвалідаў, больш за 340 тыс. грамадзян старэйшых за 80 гадоў. Гэта тыя катэгорыі, якія ў першую чаргу патрабуюць да сябе асаблівай увагі і адносін. У бягучай пяцігодцы (2016-2020 гады) толькі ў рамках рэалізацыі дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на падтрымку гэтай катэгорыі асоб будзе накіравана больш за Br2 млрд", - сказаў Ігар Петрышэнка.

У рэспубліцы актыўна ўдасканальваецца заканадаўства, выбудоўваецца сістэма эфектыўнай медыка-псіхалагічнай і сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі. Вырашаюцца пытанні лекавага забеспячэння. "Дзяржава стварыла паўнацэнныя ўмовы для заняткаў людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі фізкультурай і спортам. І мы, вядома, ганарымся поспехамі нашых паралімпійцаў, якія праслаўляюць нашу краіну выдатнымі спартыўнымі рэзультатамі", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра.

Усе гэтыя напрамкі работы, як і стварэнне безбар'ернага асяроддзя, служаць галоўнай мэце - паўнацэннай інтэграцыі людзей ва ўсфе сферы жыццядзейнасці. "Новае для многіх паняцце "ўніверсальнае асяроддзе" - гэта і ёсць сістэмны, комплексны падыход, які дае магчымасць чалавеку, незалежна ад яго здароўя, функцыянальных абмежаванняў, карыстацца навакольнай прасторай без пабочнай дапамогі. Гэта сучасны шлях цывілізаванага развіцця, стварэння свету, камфортнага для кожнага. Усё тое, што распрацоўваецца і прымяняецца для людзей з інваліднасцю, служыць таксама прапановай камфорту для ўсіх нас", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць канкрэтызацыі супрацоўніцтва, пераводу яго ў практычную плоскасць для вырашэння штодзённых праблем людзей з інваліднасцю. "Але самае галоўнае - карэнным чынам змяніць свядомасць грамадства ў адносінах да людзей з інваліднасцю, пачынаць фарміраваць яе ўжо з дзіцячых гадоў і актыўна прадаўжаць у далейшым. Важна, што фармат гэтага мерапрыемства не толькі дэманстрацыйная, але і камунікацыйная платформа. Упэўнены: правядзенне форуму стане добрай традыцыяй, а яго пляцоўка - месцам канструктыўнага дыялогу, развіцця культуры сацыяльнага партнёрства паміж грамадствам, дзяржаўнымі інстытутамі і бізнесам", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

Форум "Універсальнае асяроддзе", першая спецыялізаваная выстаўка "ПараЭкспа" і выстаўка для старэйшага пакалення "50 плюс" адкрыліся 29 лістапада ў Мінску. На працягу трох дзён у выставачным павільёне па пр. Пераможцаў, 14 будзе працаваць маштабная выстаўка навацый у сродках рэабілітацыі, пройдуць майстар-класы і кансультацыі спецыялістаў, дыскусійныя секцыі і шмат забаўляльных мерапрыемстваў.

Арганізатарамі форуму і выставак выступае "Экспафорум" пры падтрымцы Мінгарвыканкама і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі