Сцяг Субота, 21 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
14 студзеня 2015, 09:53

Ларыса Багдановіч: Пачуццё сацыяльнай адказнасці павінна быць развіта ў кожным чалавеку

Пачуццё сацыяльнай адказнасці павінна быць развіта ў кожным чалавеку. Такое меркаванне выказала ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях Ларыса Багдановіч.


"Я не сказала б, што праблема сацыяльнага ўтрыманства існуе ў Беларусі ў дзяржаўным маштабе, гэта больш пытанне справядлівасці. Пачуццё сацыяльнай справядлівасці павінна сфарміраваць псіхалогію кожнага чалавека, які павінен працаваць і зарабляць не толькі на сябе, але і на тых, хто слабейшы. Нездарма сёння так шмат гавораць аб сацыяльным партнёрстве", - адзначыла дэпутат.


Ларыса Багдановіч растлумачыла, што яна мае на ўвазе, гаворачы аб сацыяльнай справядлівасці. Напрыклад, нехта працуе на прадпрыемстве, нехта санітаркай у бальніцы, нянечкай у дзіцячым садзе або на заводзе, заработная плата ў іх розная, адпаведна пенсіі таксама розныя. Але ў той жа час ёсць людзі, якія ў савецкія гады працавалі на будоўлях у іншых краінах і па тых мерках атрымлівалі вялікія грошы, і, калі настаў пенсійны ўзрост, у іх з'явіліся прэтэнзіі да дзяржавы ў сувязі з памерам іх пенсіі. Цяпер ад такіх людзей паступае вельмі многа зваротаў. Паводле слоў дэпутата, у снежні мінулага года на прыём прыйшоў грамадзянін, не задаволены памерам пенсіі, - яна ў яго Br2,2 млн. Ён прынёс даведку аб зарплаце: у той час як у СССР людзі атрымлівалі па 100-120 рублёў, у яго зарплата пры рабоце ў сферы будаўніцтва ў іншых краінах была 4-5 тыс. рублёў. "Але ў бюджэт беларускай дзяржавы ён не ўнёс нічога, а значыць і ў свой сацыяльны фонд, у сваю скарбонку. Атрымліваецца, што такія людзі для астатніх па вялікім рахунку з'яўляюцца ўтрыманцамі, паколькі яны карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі дабротамі. А так быць не павінна, павінна быць пачуццё сацыяльнай справядлівасці", - лічыць парламентарый.


Ёсць і іншыя катэгорыі грамадзян, якія дзяржава падтрымлівае. Гэта, напрыклад, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Здараецца, што маладая жанчына, адвучыўшыся ў ВНУ, нараджае дзіця ў 21-22 гады, а малыш - інвалід. Яна мае права на выхад на пенсію пасля васьмі гадоў догляду дзіцяці-інваліда ў 50 гадоў, але ў яе да гэтага часу можа не быць ні аднаго года страхавога стажу, а патрэбна пяць гадоў. "Дзяржава дапамагае такім людзям, але разам з тым стварае ўмовы маці для атрымання працоўнага стажу для пенсіі. Працуюць рэабілітацыйныя цэнтры, медыцынскія і сацыяльныя ўстановы, дзе маці можа пакінуць дзіця на пэўны час на працягу дня і пайсці на работу. Гэтак мы спрабуем адысці ад утрыманства ў гэтай катэгорыі грамадзян, ды і сама жанчына павінна быць зацікаўлена ў тым, каб мець працоўны стаж і атрымліваць працоўную, а не сацыяльную пенсію. Яна павінна паклапаціцца аб сваім будучым", - падкрэсліла дэпутат.


Гаворачы аб тых людзях, якія нідзе не працуюць і "валяюцца пад плотам", намеснік старшыні пастаяннай камісіі адзначыла, што гэта катэгорыя грамадзян не такая шматлікая. "Яна, так сказаць, наўрад ці адыграе вырашальную ролю ў развіцці эканомікі краіны. Але ў заканадаўстве ніхто не адмяняў таго, што кожны працаздольны павінен працаваць, і ў нашай краіне павінна быць менавіта так", - лічыць Ларыса Багдановіч.


13 студзеня на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўваўся праект дэкрэта, накіраваны на стымуляванне занятасці грамадзян. "У Прэзідэнта ў гэтым плане няма ніякіх паблажак, і я з ім згодна", - падкрэсліла Ларыса Багдановіч.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі