Таджыкістану не трэба спяшацца з далучэннем да Мытнага саюза
Таджыкістану не трэба спяшацца з далучэннем да Мытнага саюза Беларусі, Расіі, Казахстана. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі выказаў пасол Таджыкістана ў Беларусі Казідаўлат Каімдодаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца ўваходжання Таджыкістана ў Мытны саюз, мы заўсёды гаворым, што стварэнне таго ці іншага саюза не павінна нікому нанесці ўрон. Мы павінны быць да гэтага гатовы", - сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, неабходную для ўступлення прававую базу можна стварыць за параўнальна кароткі тэрмін, аднак вялікае значэнне мае і наяўнасць адпаведнай эканамічнай базы. У прыватнасці, Казідаўлат Каімдодаў заявіў, што ў выпадку ўступлення ў Мытны саюз Таджыкістан страціць $400-500 млн. "А гэтыя грошы трэба спачатку знайсці", - сказаў ён.
"Мы не павінны спяшацца. Трэба рыхтавацца, таму што ў будучым у нас павінна быць у краінах СНД або ЕўрАзЭС свабоднае перамяшчэнне рабочай сілы і тавараў", - лічыць пасол.
Акрамя таго, гаворачы аб магчымым далучэнні Таджыкістана да Мытнага саюза, Казідаўлат Каімдодаў падкрэсліў важнасць тэрытарыяльнага пытання. Так, Таджыкістан не мае агульных наземных граніц з цяперашнімі трыма членамі саюза. Разам з тым калі ў бліжэйшыя гады будзе вырашана пытанне з уступленнем у Мытны саюз Кыргызстана, то гэта адкрые і большыя магчымасці для далучэння Таджыкістана, паколькі краіны маюць агульную граніцу.
