Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
20 лістапада 2012, 15:25

Выкарыстанне медыяцыі і трацейскіх судоў - паказчык наяўнасці інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

Беларускае эканамічнае правасуддзе не стаіць на месцы. Вышэйшы гаспадарчы суд планамерна развівае праект электроннага правасуддзя, робіць судовы працэс максімальна камфортным для яго ўдзельнікаў, прадугледжвае магчымасць падачы іскавай заявы ў электронным варыянце, асаблівую ўвагу ўдзяляе тэме пазасудовых мер урэгулявання канфлікту - медыяцыі і трацейскім судам.Гаспадарчыя суды рыхтуюцца выступаць з новымі ініцыятывамі, прадаўжаючы курс на дынамічнае і якаснае развіццё гаспадарчага заканадаўства ў Беларусі. Аб надзённых справах і праблемах эканамічнага правасуддзя ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі Віктар Камянкоў.


- Віктар Сяргеевіч, якія праблемы сёння найбольш востра стаяць перад гаспадарчымі судамі Беларусі? Якія мэты пастаўлены перад імі?


- Праблемы сістэмы гаспадарчых судоў дыктуюцца цяперашнімі рэаліямі, у першую чаргу эканомікай. Я заўсёды падкрэсліваю, што эканамічны суд - люстэрка рэальнага жыцця. Калі ў эканоміцы ў нас былі праблемы з цукрам - былі цукровыя справы, з бензінам і палівам - паліўныя, з нафтай - нафтавыя.


Планамернае развіццё інстытута дзяржаўнасці, міжнародныя абавязацельствы Беларусі і іншыя рэаліі сучаснай рэчаіснасці ставяць перад гаспадарчымі судамі ўсё новыя задачы, абумоўленыя імкненнем нашай дзяржавы адпавядаць сусветным стандартам у галіне судаводства і забяспечыць іх вырашэнне.


Упэўнены, павышэнне эфектыўнасці і якасці судовага працэсу - першачарговая праблема, таму што судовы працэс павінен быць прывабны для тых, хто звяртаецца за абаронай. За апошнія 10 гадоў мы пастаянна аналізавалі свой працэсуальны кодэкс, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы для істцоў і адказчыкаў. Мы думаем таксама аб прававой дасведчанасці грамадзян, павышэнні аўтарытэту судовай улады, а такім чынам, і аўтарытэту дзяржаўнай улады.


Судовыя рашэнні даступны для шырокага кола карыстальнікаў праз Інтэрнэт і базы даных. Любы чалавек, апынуўшыся ў праблемнай сітуацыі, можа звярнуцца да нашых баз і знайсці ўжо гатовыя судовыя рашэнні па хвалюючых пытаннях. Пагадзіцеся, лепш вучыцца на чужых памылках.


Адзначу, што гаспадарчыя суды не могуць працаваць ізалявана, наша мэта - узаемадзеянне з усёй судовай сістэмай, праваахоўнымі органамі. Па-першае, гэта шлях да эфектыўнай работы, а па-другое, узаемадзеянне дапамагае папярэджваць памылкі кантралюючых органаў. У нас даволі шмат спраў па аспрэчванню рашэнняў кантралюючых органаў: і мытні, і падатковай інспекцыі. Гаспадарчыя суды штогод абагульняюць такія справы, вывучаюць і аналізуюць, а потым указваюць на памылкі дзяржорганаў. Гэта робіцца для таго, каб падатковы або мытны інспектар, праводзячы праверку, не дапускаў парушэнняў закону і правоў суб'екта гаспадарання.


І, вядома ж, сярод нашых прыярытэтных мэт развіццё праекта электроннага правасуддзя.


- Наколькі паспяхова ён развіваецца? Якія новаўвядзенні з'явіліся ў гэтай сферы?


- Мы стараемся ўкараніць усе формы электроннага правасуддзя, а ў выніку павінны стварыць паўнацэнную працуючую сістэму. На сённяшні дзень выкарыстоўваюцца толькі элементы электроннага правасуддзя, хоць ужо цяпер любы грамадзянін можа падаць іскавую заяву ў электроннай форме, праўда, яна ўсё яшчэ дубліруецца на паперы. Усе формы такога правасуддзя выкарыстоўваем па максімуму. Сярод навацый - выкарыстанне смс-паведамленняў у рабоце выканаўцаў гаспадарчых судоў. Нашы супрацоўнікі пастаянна нагадваюць людзям аб неабходнасці аплаты запазычанасці. Гэта нязвыклая рэч для многіх даўжнікоў, таму ў асобных рэгіёнах працуе вельмі эфектыўна. Напрыклад, у Віцебскай вобласці. Там гаспадарчы суд са жніўня па кастрычнік адправіў амаль паўтысячы смс-паведамленняў даўжнікам, і ўжо можна прывесці шматлікія прыклады пагашэння запазычанасці індывідуальнымі прадпрымальнікамі.


Гаспадарчыя суды пачалі выкарыстоўваць формы інфармавання бакоў па разглядаемай справе па любых электронных адрасах, праз тыя ж смс-паведамленні. Абсалютна па ўсіх каналах, дзе можна адшукаць чалавека. Мы выкарыстоўваем узаемадзеянне з ДАІ. Супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі можа спыніць, напрыклад, якога-небудзь прадпрымальніка і лішні раз нагадаць, што яго аўтамабіль можа пайсці на аплату непагашаных даўгоў.


- Як вы ацэньваеце развіццё ў Беларусі пазасудовых мер урэгулявання канфліктаў? У прыватнасці медыяцыі. На ваш погляд, ці зможа медыяцыя арганічна ўліцца ў прававую культуру Беларусі?


- Галоўная мэта развіцця пазасудовых мер урэгулявання канфліктаў - у эфектыўнай і законнай абароне правоў і інтарэсаў суб'ектаў, якія звярнуліся ў гаспадарчыя суды. У мяне няма ніякага сумнення ў тым, што медыяцыя арганічна ўвальецца ў прававую культуру беларускага грамадства. Работа медыятараў, як, зрэшты, і трацейскіх судоў, наглядны ўзор наяўнасці ў краіне цывілізаваных інстытутаў самарэгулявання грамадзянскай супольнасці. Медыяцыя - гэта ўніверсальная працэдура. Яна прымяняецца практычна ва ўсіх сферах прыватнаправавога рэгулявання.


Задумайцеся, бо нават ваяўнічыя дзяржавы прыходзяць да высновы, што вайна бессэнсоўная, яны знаходзяць падставы для прымірэння. І гэта пры такіх маштабах і мэтах, а часам два прадпрымальнікі спрачаюцца так, што становяцца ворагамі, нават калі родныя людзі. Медыяцыя дазваляе бакам нават у выпадку вельмі вострага канфлікту самім дамовіцца і вырашыць яго. Мне здаецца, мы да гэтага часу па-сапраўднаму не ацэньваем карысць медыяцыі.


За медыяцыяй будучыня не толькі ў гаспадарчым судаводстве. Пры Беларускім рэспубліканскім саюзе юрыстаў праводзіліся сустрэчы з медыятарамі, і мне было прыемна даведацца, што асобныя медыятары заняліся ўрэгуляваннем канфліктаў у шлюбна-сямейных адносінах. Пакуль, вядома, усё гэта мерапрыемства на пачатковым этапе, але я бачу вялікую перспектыву. Статыстыка разводаў у краіне не самая суцяшальная, а сям'я - ячэйка нашага грамадства. Чым хутчэй адбудзецца ўкараненне медыяцыі ў гэтай сферы жыцця, тым хутчэй зможам аздаравіць абстаноўку. Як ні круці, але гэта элемент існавання адказнай грамадзянскай супольнасці.


Судовы працэс у нас праходзіць па 5 інстанцыях, мы ж прымяняем медыяцыю на ўсіх без выключэння этапах. Тут і крыецца сакрэт нашага магчымага поспеху. Бо калі пасля рашэння суда першай інстанцыі прайграўшы бок зразумее, што яму будзе складана захаваць свае прынцыповыя пазіцыі, то можа падумаць аб прымірэнні. Для судоў гэта, вядома, вялікая ўступка, бо вынесеныя рашэнні даводзіцца адмяняць на карысць бакоў-спрачальнікаў.


- Гэта, несумненна, сведчыць аб гуманнасці суда...


- Так, гэта прыцягвае канфліктуючыя бакі. У іншых краінах, дзе ёсць медыяцыя, на гэта не пайшлі - там медыяцыя прымяняецца толькі ў судзе першай інстанцыі.


- Віктар Сяргеевіч, наколькі гатовы беларускія юрысты да пашырэння прымянення працэдуры медыяцыі?


- У планах - стварэнне Нацыянальнай школы падрыхтоўкі медыятараў. Не без задавальнення адзначу, што на постсавецкай прасторы Беларусь першая ў гэтым напрамку, нават расіяне прыязджаюць да нас за вопытам. Краіны Балтыі, ЕС нават уражаны нашым поспехам.


Зразумела, што не кожны юрыст здольны паспяхова правесці медыяцыю, для гэтага патрэбны і адпаведныя задаткі, і спецыяльная падрыхтоўка, у тым ліку псіхалагічная. Неабходна ўмець адчуць тонкія нюансы ў характары чалавека, зразумець, як на яго можна паўплываць, што яму можна растлумачыць. Вядома, неабходна ведаць методыку правядзення працэдуры медыяцыі. Іншы раз людзі ў выніку канфлікту наогул адзін на аднаго глядзець не могуць, таму медыятар павінен у самым пачатку сустрэцца з кожным асобна, высветліць ключавыя пазіцыі канфліктаў. Можна проста пасядзець з кожным з бакоў у нефармальнай абстаноўцы. Мы, дарэчы, дазволілі ў гаспадарчых судах стварыць пакой, дзе можна было б вось так проста паразмаўляць і выпіць чаю.


Па кожнай з катэгорыі спрэчак працаваць няпроста. Мы прадугледжваем тры этапы падрыхтоўкі медыятараў: азнаямленчы, потым юрысты пачынаюць разглядаць канкрэтныя справы, а на трэцім этапе спадзяёмся атрымаць супермедыятараў, здольных працаваць па любых справах.


- Якім вы бачыце будучае развіццё сістэмы трацейскіх судоў? Якія іх роля і значэнне пры вырашэнні спрэчак у банкаўскай сферы?


- Лічу, што развіццё і станаўленне ў Беларусі трацейскіх судоў павінна ісці ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі судамі, гэта сусветны вопыт, такой пазіцыі прытрымліваюцца многія дзяржавы. Трацейскія суды гэта, як і медыяцыя, альтэрнатыўны спосаб вырашэння спрэчак. Дарэчы, такія суды маюць даўнюю гісторыю, у тым ліку ў Беларусі. У XII стагоддзі доўг запісваўся або на дошчачцы, або на сцяне мелам або вугольчыкам. У надпісе называўся даўжнік, сума доўгу, дата вяртання, а калі ў назначаны тэрмін даўжнік не расплачваўся, то сітуацыя складвалася не так, як сёння. Тады не крэдытор бегаў за даўжніком, а даўжнік за крэдыторам з просьбай не сціраць інфармацыю пра доўг, баючыся гневу Усявышняга.


З моманту ўступлення ў сілу закона "Аб трацейскіх судах" у Беларусі зарэгістравана 17 пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, ужо каля 10 іскавых заяў прыняты імі да разгляду, некаторыя ўжо і разгледжаны па сутнасці.


Сусветны вопыт сведчыць аб дастаткова высокай актыўнасці выкарыстання трацейскага разбору пры вырашэнні спрэчак у банкаўскай сферы. Зварот у трацейскі суд можа дазволіць банкам скараціць выкарыстанне публічных і галосных судовых працэсаў, захаваць канфідэнцыяльнасць у сферы банкаўскіх паслуг, паколькі ў гэтым зацікаўлены сам банк і яго кліенты. Грошы шуму не любяць. Укладчык, які не атрымаў ад банка адпаведную суму, або даўжнік, які не вярнуў крэдыт, - яны ўсе хочуць, каб вырашэнне іх рознагалоссяў прайшло ціха і спакойна. Бо на кон пастаўлена іх прафесійная рэпутацыя - з імі потым не захочуць працаваць патэнцыяльныя партнёры. Таму прынцып непублічнасці ў трацейскім разглядзе важны.


Аднак да стварэння трацейскіх судоў трэба падыходзіць абдумана, каб яны не былі ангажыраванымі, зробленымі пад пэўны буйны канцэрн або аб'яднанні, як гэта адбылося ў Расіі і Украіне.


На ўзроўні Саюза юрыстаў і гаспадарчых судоў мы пастараліся, каб у трацейскія суды трапілі самыя аўтарытэтныя юрысты.


- Ці дапускаеце вы магчымасць узнікнення канфлікту інтарэсаў паміж працэдурай медыяцыі і трацейскімі судамі?


- Наяўнасць у дзяржаве альтэрнатыўных спосабаў вырашэння канфліктаў дае магчымасць удзельнікам грамадзянскага абароту выбіраць найбольш эфектыўны і эканамічны ў канкрэтнай сітуацыі. Медыяцыя і трацейскі разбор з'яўляюцца самастойнымі спосабамі ўрэгулявання (вырашэння) спрэчак.


Гэтыя інстытуты маюць агульныя мэты, але механізмы іх рэалізацыі розныя. Медыяцыя прадугледжвае пазасудовае ўрэгуляванне канфлікту без прававой ацэнкі пры дапамозе медыятара, пазбаўленага кансультатыўных функцый, які выкарыстоўвае галоўным чынам прафесійныя навыкі вядзення перагавораў, умення працаваць з інтарэсамі бакоў і матываваць да самастойнага пошуку выйсця з сітуацыі. Трацейскі суд прызначаны вырашыць спрэчку па сутнасці, грунтуючыся на нормах заканадаўства.


Упэўнены, што патэнцыял трацейскіх судоў і медыяцыі ў бліжэйшыя гады будзе ўсё больш запатрабаваны ў асяроддзі айчыннага прадпрымальніцтва.


Такім чынам, медыяцыя і трацейскі суд, хутчэй, партнёры, чым канкурэнты.


- Ці можна даць адназначны адказ: ці будзе ўведзена ў Беларусі амністыя капіталу? Калі так, то якія меры варта прадпрымаць для паспяховага прымянення амністыі?


- Амністыя капіталаў - гэта мера вымушаная, на яе дзяржавы ідуць па прымусу з-за складаных абставін. А таму гэта пытанне абмяркоўваецца ў Беларусі не першы год і знаходзіць як прыхільнікаў, так і праціўнікаў.


Тэма эканамічнай амністыі становіцца актуальнай для краін, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, або там, дзе фарміраванне капіталу некаторы час адбывалася на звышдаходах. Гэты працэс у свой час перажылі ЗША, Францыя, Турцыя, Казахстан.


Неабходна ўлічваць два аспекты амністыі капіталу - эканамічны і маральны. З аднаго боку, можна атрымаць дадатковыя сродкі - патэнцыяльныя ўнутраныя інвестыцыі, з другога - падарваць давер да падатковай сістэмы і выклікаць раскол у грамадстве паміж асобамі, якія легалізавалі незаконна нажытыя даходы, і добрасумленнымі падаткаплацельшчыкамі. Пры прыняцці рашэння аб амністыі капіталу існуе небяспека, што будуць легалізаваны таксама даходы, атрыманыя заведама злачынным шляхам, напрыклад ад гандлю кантрафактам. Выключыць такія сітуацыі пры правядзенні амністыі немагчыма. Чалавек прынясе ў банк грошы, і ніхто не зможа спытаць аб іх паходжанні.


Нельга забываць, што пры правядзенні такіх акцый ацэньваецца верагодны эканамічны эфект, які можа не апраўдацца. Так, у Ірландыі сабралі каля 2,5 працэнта ВУП, у Казахстане ў выніку амністыі ў 2001 годзе былі легалізаваны не больш за 15 працэнтаў чаканых валютных паступленняў. Эфект ад амністый, рэгулярна праводзімых у Індыі, з кожным разам усё больш нізкі. У сувязі з гэтым сумніўнай з'яўляецца пастаноўка умоў і дадатковых абавязацельстваў для вываду капіталу з ценю.


Пры ацэнцы мяркуемага выніку неабходна ўлічваць, што сродкі, на легалізацыю якіх накіраваны мерапрыемствы амністыі, знаходзяцца ў актывах прадпрыемстваў або на рахунках у замежных банках. Вопыт Казахстана паказвае, што ў выніку амністыі абсалютная большасць укладаў прыйшла не з-за мяжы, а за кошт унутраных наяўных сродкаў. Не выключана сітуацыя, што легалізаваныя грашовыя сродкі зноў адправяцца за мяжу. У рамках дзеючага заканадаўства амністыя капіталу немагчыма. У выпадку прыняцця рашэння аб правядзенні такой акцыі неабходна маштабная падрыхтоўчая работа.


На першым этапе не абысціся без папярэдняй растлумачальнай работы. Людзям трэба будзе дапамагчы ўсвядоміць мэты амністыі, механізм яе рэалізацыі. Вельмі важна, каб разлік на дараванне ня ўкарэніўся ў свядомасці, і не адбывалася мэтанакіраванае незаконнае накапленне капіталу з мэтай яго далейшай легалізацыі. Эксперты сыходзяцца на думцы, што правядзенне маштабнай амністыі капіталаў не павінна адбывацца часцей за адзін раз ў пакаленне.


Неабходна помніць, што падставай для амністыі ў асноўным становяцца недахопы падатковага адміністравання. Аднаразовае дараванне не прывядзе да ўстаранення прычын, якія выклікаюць ухіленне ад выплаты падаткаў і падахвочваюць бізнес выводзіць капітал за мяжу.


Такім чынам, удасканаленне заканадаўства ў сферы падаткаабкладання і прадпрымальніцтва, якое паспяхова праводзіцца ўжо не першы год, устараненне прычын для вядзення ценявога бізнесу, умацаванне даверу да фінансавых інстытутаў і інструментаў, павышэнне ўзроўню фінансавай дасведчанасці насельніцтва будуць належным чынам садзейнічаць прытоку інвестыцый у эканоміку Беларусі без прымянення такой супярэчлівай меры, як амністыя капіталу.


- Віктар Сяргеевіч, прывядзіце прыклады прадпрыемстваў, дзе была праведзена санацыя, а прадпрыемства потым выйшла на новыя магутнасці.


- Перакананы, што санацыя павінна быць пазасудовая і судовая. Выкарыстоўваць яе трэба больш мэтанакіравана. Праводзіць яе неабходна на прававым рэгуляванні і эканамічным абгрунтаванні. У Беларусі статыстыка па санацыі не ўступае статыстыцы самых развітых краін. Швецыю і Японію раней прыводзілі ў якасці прыкладу, а мы ўжо не ўступаем ім.


Мы павінны думаць аб санацыi ў якасці прэвентыўнай меры рэагавання на праблемы прадпрыемства. Мне спадабалася сістэма мер у ЗША, Германіі і Фінляндыі, дзе санацыя прымяняецца на ранніх этапах.


Адразу трэба адзначыць, што на момант звароту ў гаспадарчы суд з заявай аб банкруцтве суб'екты гаспадарання з'яўляюцца неплацежаздольнымі, часта неплацежаздольнасць мае ўстойлівы характар. У такіх даўжнікоў, як правіла, няма маёмасцi, дастатковай для задавальнення прад'яўленых да іх патрабаванняў крэдытораў. У сувязі з гэтым у параўнанні з працэдурай лiквiдацыйнага вядзення санацыя ўводзіцца гаспадарчымі судамі вельмі рэдка.


Тым не менш можна прывесці прыклады паспяховай санацыі, калі даўжнікам удавалася аднавіць сваю плацежаздольнасць, прымяняючы для яе аднаўлення ўсе магчымыя меры, у тым ліку перапрафіляванне вытворчасці, закрыццё нерэнтабельных вытворчасцей, продаж часткі маёмасці, ліквідацыю дэбіторскай запазычанасці, а таксама іншыя спосабы.


У якасці аднаго з прыкладаў паспяховай санацыі можна прывесці справу аб эканамічнай неплацежаздольнасці, узбуджаную па заяве камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "Ганцавіцкі камбінат панэльнага домабудавання".


Змяншэнне аб'ёму вытворчасці КУВП "Ганцавіцкі КПД" было выклікана выпускам неканкурэнтаздольнай прадукцыі, зношанасцю будынкаў, збудаванняў, тэхналагічнага абсталявання. Крэдыторская запазычанасць даўжнiка складала Br5,18 млрд. Каэфіцыенты плацежаздольнасці даўжнiка на дату адкрыцця конкурснага вядзення па справе былі значна ніжэйшыя за нарматыўныя паказчыкі.


Планам санацыi, распрацаваным антыкрызісным кіраўніком, прадугледжвалася мадэрнізацыя існуючай вытворчасці пад выпуск жалезабетонных канструкцый жылых дамоў канструктыўнай схемы "шырокі крок" з выхадам на вытворчую магутнасць 50 тыс.куб.м жалезабетонных вырабаў у год. За трохгадовы перыяд санацыі прадпрыемству ўдалося дасягнуць значных вынікаў: атрымана прыбытку Br2,18 млрд., з якіх Br2,14 млрд. накіравана на задавальненне патрабаванняў конкурсных крэдытораў; налічана Br5,71 млрд. амартызацыйнага фонду, з якіх Br1,64 млрд. накіравана на мадэрнізацыю вытворчасці.


- Ці можна назваць новы рэестр камерцыйных арганізацый і ІП з павышанай рызыкай учынення эканамічных правапарушэнняў своеасаблівай санацыяй мікраклімату ў галіне гаспадарання?


- Неабходна сказаць, што ўказ нумар 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанню незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў", які ўступае ў сілу 1 студзеня 2013 года, быў сустрэты неадназначна. Большасць водгукаў у Інтэрнэце адмоўныя: суб'екты гаспадарання заклапочаны магчымым самавольствам падатковых органаў, а таксама ўскладзеным абавязкам па праверцы сваіх дзелавых партнёраў.


Разам з тым суб'екты гаспадарання, якія адкрыта працуюць на рынку і добрасумленна выплачваюць абавязковыя плацяжы з выкарыстаннем законных метадаў іх мінімізацыі, разумеюць накіраванасць указа на ліквідацыю нядобрасумленнай канкурэнцыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі.


Указ з'яўляецца мерай не толькі па істотнаму скарачэнню ўрону, што наносіцца дзяржаве ценявой эканомікай, але і забеспячэннем роўных і спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэтым сэнсе акт павінен вывесці з гульні лжэпрадпрымальніцкія структуры, якія функцыянуюць з дапамогай падстаўных дырэктараў пад кіраўніцтвам арганізаваных груп, і ажыццяўляюць эканамічныя правапарушэнні і крымінальныя злачынствы.


- З якімі заканадаўчымі ініцыятывамі рыхтуюцца выступаць гаспадарчыя суды ў бліжэйшы час?


- Цяпер Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі падрыхтаваў праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення гаспадарчага судаводства", распрацаваны ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год. У праекце прапануецца ўдасканаленне норм Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса з улікам практыкі яго прымянення, унясенне змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс.


У прыватнасці, змяненні накіраваны на ўмацаванне працэсуальнай дысцыпліны асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, а таксама на ўніфікацыю гаспадарчага і грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства. Напрыклад, прадугледжваецца пакіданне іска без разгляду пры няяўцы без уважлівых прычын істца або заяўніка на судовае пасяджэнне, нарматыўнае замацаванне палажэнняў, якія забяспечваюць выкарыстанне ў гаспадарчым судаводстве электроннага дакументаабароту і інфармацыйных тэхналогій.


У праект уключаны таксама нормы, звязаныя з дзейнасцю ў Беларусі трацейскіх судоў, а таксама арбітражнай камісіі пры таварнай біржы.


Адным з канцэптуальных напрамкаў, замацаваных у праекце, з'яўляецца нарматыўнае замацаванне палажэнняў, якія забяспечваюць выкарыстанне ў гаспадарчым судаводстве электроннага дакументаабароту і інфармацыйных тэхналогій. Так, у праекце прапануецца ўрэгуляванне пытанняў прымянення сістэмы відэа-канферэнц-сувязі для правядзення судовых пасяджэнняў і ажыццяўлення асобных працэсуальных.


Гаспадарчае заканадаўства ў Беларусі развіваецца дынамічна і якасна, а гаспадарчыя суды і ў далейшым будуць будаваць сваю работу зыходзячы з неабходнасці пошуку розных спосабаў аптымізацыі гаспадарчага судаводства.



Іван БЯЗЛЮДАЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі