Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Уладзімір Макей: Нацыянальнае развіццё і глабальны мір праз гуманізм, культуру і адукацыю

Інтэрв'ю 16.04.2014 | 15:44
Беларусь 12 мая 2014 года святкуе 60-годдзе членства ў ЮНЕСКА - Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Да гэтай важнай падзеі распрацавана вялікая праграма мерапрыемстваў, якія на працягу года будуць праводзіцца ў краіне, у тым ліку Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА. Да юбілейнай даты прымеркаваны і афіцыйны візіт у Мінск генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Бокавай, які адбудзецца 17-20 красавіка. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў аб вытоках членства ў ЮНЕСКА, важнейшых напрамках супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй, а таксама аб інтарэсе сусветнай супольнасці да Мірскага замка і Нясвіжа, да беларускіх абрадаў.

- Уладзімір Уладзіміравіч, у 2010 годзе ЮНЕСКА адзначыла 65-гадовы юбілей. З якой мэтай стваралася арганізацыя, і якіх вынікаў удалося дасягнуць за гэты перыяд?


- ЮНЕСКА, як і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, узнікла ў 1945 годзе пасля Другой сусветнай вайны, жахі якой падштурхнулі чалавецтва да пошуку шляхоў устанаўлення сапраўднай культуры міру. "Думкі аб вайне ўзнікаюць у розумах людзей, таму ў свядомасці людзей трэба ўкараняць ідэю абароны міру" - гэтымі словамі пачынаецца Статут ЮНЕСКА, і яны вызначаюць асноўную мэту дзейнасці арганізацыі, якая праз супрацоўніцтва ў галінах адукацыі, навукі і культуры садзейнічае ўмацаванню міру і бяспекі.

За час свайго існавання ЮНЕСКА зрабіла шмат. Яна ўнесла важкі ўклад у барацьбу з расавай дыскрымінацыяй. Пад эгідай ЮНЕСКА група вучоных з розных краін свету прадставіла доказы, якія развянчалі псеўданавуковую аснову, што апраўдвала расавую дыскрымінацыю. Слова "раса" набыло іншы кантэкст. Вынікі работы вучоных таксама ляглі ў аснову Канвенцыі аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі, прынятай генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 1960 годзе, якая застаецца актуальнай да гэтага часу.

Адукацыя заўсёды была ў цэнтры дзейнасці ЮНЕСКА, дзякуючы яе намаганням міжнародная супольнасць прызнала, што без якаснай і даступнай адукацыі для ўсіх немагчыма пераадолець беднасць, голад і хваробы. Статыстыка сведчыць, што і ў нашы дні 16 працэнтаў дарослага насельніцтва (каля 776 млн чалавек) з'яўляецца неадукаваным, 75 млн дзяцей застаюцца без пачатковай адукацыі. У сувязі з гэтым Афрыка і гендарная роўнасць прадаўжаюць заставацца глабальнымі прыярытэтамі ЮНЕСКА. Спецыялісты арганізацыі садзейнічаюць бедным краінам у распрацоўцы і правядзенні палітыкі ў галіне адукацыі, распаўсюджваюць прыклады перадавой практыкі і навучальныя матэрыялы, дапамагаюць развіццю праграм тэхнічнай і прафесійнай адукацыі.

ЮНЕСКА - адзіная глабальная арганізацыя, якая займаецца міжнародным супрацоўніцтвам у галіне культуры. За гады яе дзейнасці сфарміраваны цэлы комплекс нарматыўных дакументаў, накіраваных на захаванне культурнай спадчыны, фарміраванне культуры міру, выхаванне талерантнасці і павагі да розных форм культурнага самавыяўлення. Не думаю, што памылюся, выказаўшы меркаванне, што ўсе дзяржавы - члены ЮНЕСКА арыентуюцца на гэтыя дагаворы пры выбудоўванні сваіх дзяржаўных палітык у галіне культуры.

Для абароны вынікаў творчай дзейнасці чалавека ў 1952 годзе ў ЮНЕСКА была прынята Сусветная канвенцыя аб аўтарскім праве, якая ўвяла ва ўжытак усім вядомы сёння знак аўтарскага права © і заклала аснову міжнароднай сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці.

ЮНЕСКА адна з першых падняла трывогу ў сувязі з бескантрольнай эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў. У 1968 годзе пад эгідай ЮНЕСКА прайшла міжнародная канферэнцыя, якая паставіла гэту праблему ў парадак дня міжнароднага супрацоўніцтва. У арганізацыі створаны і дзейнічае шэраг міжнародных навуковых праграм па паляпшэнні ацэнкі рэсурсаў Зямлі і кіраванні імі.

Гэта толькі некаторыя вынікі работы. Паступова арганізацыя стала лабараторыяй ідэй, нарматворчым форумам, цэнтрам для абмену інфармацыяй і каталізатарам шырокага міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва. Лепшым пацвярджэннем запатрабаванасці ЮНЕСКА з'яўляецца той факт, што ў арганізацыю ўваходзяць 195 дзяржаў - гэта нават больш, чым у ААН (193 дзяржавы).

- Беларусь стаяла ля вытокаў заснавання ААН. Чаму беларусы не былі сярод першых членаў ЮНЕСКА?

- Беларусь стала членам ЮНЕСКА 12 мая 1954 года практычна адначасова з СССР і Украінай. Сваю ролю ў тым, што перагаворы аб уступленні савецкіх рэспублік у ЮНЕСКА зацягнуліся амаль на 10 гадоў, адыграла палітычная канфрантацыя часоў халоднай вайны. Нягледзячы на свой гуманітарны мандат, ЮНЕСКА, як, урэшце, і многія іншыя арганізацыі сістэмы ААН, была ўключана ў процістаянне дзвюх процілеглых ідэалогій: сацыялістычнай і капіталістычнай. Гэтыя блокі мелі розныя падыходы да вырашэння праблем міжнароднага супрацоўніцтва.

Паказальны той факт, што ў сярэдзіне 80-х гадоў незадаволеныя ўзмацненнем у ЮНЕСКА пазіцый сацыялістычных і шэрага краін, якія сталі на шлях развіцця, ЗША і Вялікабрытанія выйшлі з арганізацыі. Мінула нямала гадоў, перш чым яны ў 2003 годзе аднавілі сваё членства.

- Якая роля Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА?

- Статутам ЮНЕСКА прадугледжана стварэнне ў дзяржавах-членах нацыянальных камісій па справах ЮНЕСКА, якія прызначаны арганізоўваць унутры краін узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых у супрацоўніцтве па напрамках дзейнасці арганізацыі. У склад нацыянальных камісій рашэннем урада ўключаюцца прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, навукі, культуры, няўрадавых арганізацый, навуковыя і культурныя дзеячы. Асноўная задача гэтага органа - прыцягваць інтэлектуальны і навуковы патэнцыял дзяржавы для выканання галоўнай місіі ЮНЕСКА - умацавання міру і бяспекі шляхам пашырэння супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры.

Першая Камісія Беларусі па справах ЮНЕСКА была створана ў 1956 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў БССР. Нацыянальная камісія садзейнічае рэалізацыі праектаў ЮНЕСКА ў краіне, прыцягвае беларускія дзяржаўныя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі да ўдзелу ў праграмах арганізацыі, дапамагае ўстанаўліваць кантакты ўнутры краіны і з замежнымі партнёрамі праз супрацоўніцтва з нацыянальнымі камісіямі па справах ЮНЕСКА іншых краін.

Напрыклад, у 2014 годзе ў супрацоўніцтве з нацыянальнымі камісіямі Расіі і Японіі наша камісія і беларуская навуковая і адукацыйная супольнасць адзначалі 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча, дыпламата, усходазнаўца, вельмі таленавітай асобы. Гэты юбілей ураджэнца беларускай зямлі ўключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА.

У наступным годзе грамадскасць шэрага краін разам з Беларуссю будзе святкаваць 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Нацыянальныя камісіі Беларусі, Літвы і Польшчы працуюць сумесна, каб гэты юбілей атрымаў належны рэзананс.

Дарэчы, у канцы мінулага года Нацыянальная камісія Беларусі прыняла рашэнне аб структурыраванні сваёй дзейнасці і стварыла тэматычныя камітэты па асноўных напрамках дзейнасці ЮНЕСКА. Сёння ў камісіі дзейнічаюць камітэты па пытаннях адукацыі, культуры, інфармацыі, навукі і прыродазнаўча-навуковай адукацыі, моладзі і клубаў ЮНЕСКА. Мы разлічваем, што дзейнасць камітэтаў дасць магчымасць яшчэ больш пашырыць магчымасці ў рабоце з насельніцтвам. Усе члены камісіі адкрыты да супрацоўніцтва з кожным, хто зацікаўлены падтрымліваць каштоўнасці ЮНЕСКА і пашыраць уклад Беларусі ў дзейнасць гэтай арганізацыі.

- Раскажыце аб найбольш паказальных прыкладах супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА.

- Адзначу, што плённае і практычнае супрацоўніцтва мела месца на працягу ўсяго членства Беларусі ў ЮНЕСКА.

Не ўсе ведаюць, што ЮНЕСКА была першай міжнароднай арганізацыяй, якая пачала аказваць Беларусі міжнародную тэхнічную дапамогу ў галіне мінімізацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Па лініі ЮНЕСКА ў нашай краіне быў рэалізаваны шэраг праектаў па гэтай праблеме. Яны не толькі прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці да праблем, з якімі сутыкнулася Беларусь, але і аказалі рэальную дапамогу ў іх вырашэнні. Былі створаны тры цэнтры сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі для пацярпелых ад катастрофы і перасяленцаў, распрацаваны спецыяльныя праграмы для навучання школьнікаў у забруджаных зонах, праграма захавання і дэзактывацыі дзяржаўных архіваў з раёнаў, што пацярпелі. Для сельскай гаспадаркі практычнае значэнне мелі даныя аб перамяшчэнні радыеактыўных часціц па тэрыторыі краіны, адсочванне якіх праводзіцца праз створаную Чарнобыльскую даследчую экалагічную сетку.

Цікавы і той факт, што ў 1983 годзе менавіта ў Беларусі прайшоў першы Сусветны кангрэс па біясферных запаведніках па Праграме ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера" ў сувязі з прызнаннем укладу нашай краіны ў стварэнне і развіццё гэтай праграмы.

Ужо ў 80-я гады беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы распрацоўвалі вучэбна-метадычныя матэрыялы наконт ролі біясферных запаведнікаў у адукацыі аб ахове навакольнага асяроддзя для школьнікаў. Гэта работа праводзілася на прыкладах Бярэзінскага біясфернага запаведніка і Белавежскай пушчы. Беларускія спецыялісты рыхтавалі навуковыя даследаванні па экалагічных праблемах і экалагічным планаванні развіцця беларускіх гарадоў, размешчаных на рэках. Вучоныя Акадэміі навук БССР разам з экспертамі ЮНЕСКА вывучалі змяненне расліннасці Беларусі пад уплывам дзейнасці людзей і ступень уздзеяння чалавека на натуральныя працэсы ў біясферы. У час гэтага супрацоўніцтва беларускія вучоныя стваралі Чырвоную кнігу па рэдкіх і знікаючых відах жывёл і раслін.

У нашы дні праграма "Чалавек і біясфера" - адна з лідзіруючых у ЮНЕСКА. Сёння яе мэтай з'яўляецца ўстанаўленне аптымальных узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, і Беларусь прадаўжае заставацца яе актыўным членам. Беларусь выбрана на перыяд з 2011 па 2015 год у склад Міжнароднага каардынацыйнага савета праграмы "Чалавек і біясфера". Гэты орган кіруе Сусветнай сеткай біясферных рэзерватаў, якая ўключае 621 аб'ект у 117 краінах.

Хачу асабліва адзначыць той факт, што ў нашай краіне тры прыродаахоўныя тэрыторыі маюць статус міжнароднага біясфернага рэзервата і ўваходзяць у Сусветную сетку: Белавежская пушча, якая адначасова прызнана аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА; Бярэзінскі біясферны рэзерват; а таксама трансгранічны рэзерват "Заходняе Палессе" - унікальны сумесны аб'ект з Польшчай і Украінай. Дарэчы, трансгранічных рэзерватаў усяго 12 у свеце.

Прызнанне прыродаахоўных тэрыторый Беларусі ў якасці міжнародных біясферных рэзерватаў сведчыць аб тым, што наша краіна рухаецца ў правільным напрамку для дасягнення гарманічнага суседства чалавека і прыроды.

У сферы гуманітарных і сацыяльных навук Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце Праграмы ЮНЕСКА па біяэтыцы, заснаванай у 1993 годзе. З 2006 года пры Міністэрстве аховы здароўя створаны Нацыянальны біяэтычны камітэт, які ў супрацоўніцтве з Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэтам імя А.Д.Сахарава і дзеючай на яго базе кафедры ЮНЕСКА навук аб навакольным асяроддзі і менеджменту актыўна займаецца пытаннямі біяэтычнага выхавання дзяцей і моладзі.

На мой погляд, адпавядаць этычным прынцыпам павінны не толькі біялогія і медыцына, але і ўся навука ў цэлым не павінна супярэчыць маральным асновам. ЮНЕСКА - міжнародная пляцоўка для абмеркавання этычных аспектаў у галінах экалогіі, змянення клімату, прымянення нанатэхналогій. У лістападзе 2013 года 37-я сесія генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА прыняла рашэнне аб правядзенні даследавання адносна этыкі ў Інтэрнэце. Арганізацыя не застаецца ўбаку ад сапраўды актуальных праблем сучаснасці. А эксперты Беларусі прымаюць актыўны ўдзел у абмеркаванні і выпрацоўцы падыходаў да вырашэння такіх праблем.

- Як Беларусь узаемадзейнічае з ЮНЕСКА ў сферы адукацыі?

- Па гэтым напрамку ў нас набыты вялікі вопыт. Можна пералічыць значны спіс сумесных мерапрыемстваў з ЮНЕСКА, якія далі магчымасць беларускім спецыялістам азнаёміцца з лепшай сусветнай практыкай у галіне адукацыі. У тым ліку дзякуючы ўзаемадзеянню з ЮНЕСКА Беларусь разам з Германіяй і Кітаем з'яўляецца адным з лідараў у галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі і падрыхтоўкі. Спецыялісты ЮНЕСКА пацвердзілі правільнасць выбранага ў нашай краіне курсу на падтрымку ўстаноў прафтэхадукацыі, чым дапамаглі нам захаваць і развіць гэту важную адукацыйную дзейнасць. Сёння ўсе эканамічна развітыя краіны прызнаюць, што эфектыўная прафесійна-тэхнічная адукацыя з'яўляецца важным элементам эканамічнага росту і забеспячэння занятасці. У красавіку 2013 года ў Мінску прайшла прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя "Прафесійная адукацыя ва ўмовах глабальных выклікаў", якая сабрала педагогаў і вучоных з усяго свету для выпрацоўкі рэкамендацый па далейшым развіцці гэтай галіны адукацыі.

Яшчэ адна сфера супрацоўніцтва - выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Асноўным партнёрам беларускіх устаноў у гэтым пытанні з'яўляецца Інстытут ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі (ІІТА), які знаходзіцца ў Маскве. Беларускія школы, у прыватнасці асацыіраваныя школы ЮНЕСКА, якіх у Беларусі больш як 10, і іх колькасць павялічваецца, удзельнічаюць у праекце ІІТА "Разумная школа будучыні". Праект дае магчымасць на практыцы работы школ у іншых краінах азнаёміцца з падыходамі да арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем найноўшых інфармацыйных тэхналогій.

ЮНЕСКА асаблівую ўвагу ўдзяляе інклюзіўнай адукацыі, гэта значыць адукацыі для ўсіх. Для нашай краіны гэта тэма таксама вельмі актуальная. Выбудоўваюцца падыходы ў адукацыйнай сістэме адносна дзяцей з інваліднасцю, ствараюцца ўмовы для атрымання такімі дзецьмі паўнацэннай і якаснай адукацыі. Па лініі супрацоўніцтва з ЮНЕСКА ў Беларусі быў рэалізаваны праект па стварэнні спецыяльнай камп'ютарнай праграмы, прызначанай для агучвання тэкставых дакументаў. Дзякуючы гэтай праграме людзі з парушэннем зроку могуць азнаёміцца з электроннымі тэкстамі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гэта значна пашырае магчымасці дзяцей са слабым зрокам у працэсе навучання. Падрыхтавана ўжо электронная калекцыя твораў школьнай праграмы па беларускай літаратуры для 9-11-х класаў.

Развіта ў Беларусі сетка УНІТВІН - кафедры ЮНЕСКА, якая садзейнічае ўмацаванню супрацоўніцтва паміж ВНУ па ўсім свеце і, адпаведна, развіццю навукі. У Беларусі дзейнічаюць сем кафедраў ЮНЕСКА па такіх актуальных тэмах, як аднаўляльныя крыніцы энергіі, інфармацыйныя тэхналогіі і права, навакольнае асяроддзе і прыродазнаўча-навуковая адукацыя, культура свету, талерантнасць, правы чалавека і дэмакратыя. Ствараецца кафедра прафесійнай адукацыі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для людзей з асаблівымі патрэбнасцямі.

- Наколькі плённае супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА ў галіне культуры?

- Супрацоўніцтва ў пытаннях культуры мэтанакіравана развівалася на ўсім працягу членства Беларусі ў арганізацыі. Яшчэ ў 70-я гады Беларусь узнімала ў ЮНЕСКА пытанне важнасці вывучэння славянскіх культур ва ўсім свеце. Славянская тэма атрымала міжнароднае гучанне праз публікацыі ЮНЕСКА: падрыхтаваная беларускімі вучонымі манаграфія пра Францыска Скарыну была выдадзена на англійскай і французскай мовах у серыі "Выдатныя дзеячы славянскіх культур". Беларускія этнографы і мастацтвазнаўцы прымалі ўдзел у падрыхтоўцы альбома "Драўляная архітэктура і скульптура славянскіх народаў".

У 1983 годзе на англійскай і французскай мовах выйшла "Анталогія беларускай паэзіі". У 1982 годзе ў Мінску праходзіла навуковая канферэнцыя "Славянскія культуры і сусветны культурны працэс", у якой удзельнічалі больш як 200 вучоных з 23 краін.

І сёння Беларусь з'яўляецца актыўнай удзельніцай міжнароднага супрацоўніцтва славістаў. У жніўні 2013 года Мінск прымаў 25-ы Міжнародны з'езд славістаў, які сабраў больш як 600 удзельнікаў з 35 краін свету. Ірына Бокава накіравала сваё пасланне мінскаму з'езду.

У Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны чатыры беларускія аб'екты. Першы з іх - у 1992 годзе. Беларуская частка ўнікальнага ляснога масіву Белавежскай пушчы атрымала гэты прэстыжны статус, далучыўшыся да польскай часткі, якая была ўключана ў спіс у 1979 годзе. Беларусь і Польшча сумесна ўнеслі прапанову аб пашырэнні тэрыторыі аб'екта сусветнай спадчыны "Белавежская пушча". Гэта сведчыць, што мы паспяхова спраўляемся з задачай захавання ў першапачатковым выглядзе гэтага старажытнага ляснога масіву Еўропы. Яшчэ адзін трансгранічны аб'ект сусветнай спадчыны - "Геадэзічная дуга Струвэ" - сетка апорных геадэзічных пунктаў нагляду, якая была закладзена яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя і знаходзіцца на тэрыторыі 10 краін - ад Нарвегіі да Чорнага мора ва Украіне. У 2000 і 2005 гадах у спіс былі ўключаны культурныя аб'екты "Комплекс Мірскага замка" і "Архітэктурны, жылы і культурны комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы".

Атрыманне статусу аб'екта сусветнай спадчыны - гэта перш за ўсё прызнанне яго выключнасці і значнасці для ўсяго чалавецтва. Эксперты дасканала вывучаюць прапановы дзяржаў, і далёка не ўсе яны атрымліваюць падтрымку. Уключыўшы аб'ект у Спіс Сусветнай спадчыны, дзяржава і ўсе яе грамадзяне бяруць на сябе абавязацельства захоўваць яго для будучых пакаленняў. Пры гэтым захаванне не азначае кансервацыю і ахову ад публікі, захаванне - гэта разумнае і беражлівае выкарыстанне, перш за ўсё прадастаўленне магчымасці знаёміцца са спадчынай, усведамляць яе ролю і значэнне для гісторыі і культуры краіны. Як адзначаюць многія даследчыкі, статус аб'екта сусветнай спадчыны аўтаматычна павялічвае яго наведвальнасць на 30 працэнтаў. Гэта і дадатковыя эканамічныя магчымасці для рэгіёна, дзе размешчаны помнік, але і новыя рызыкі, паколькі нельга дапусціць, каб ён быў сапсаваны і страціў сваю каштоўнасць.

Нягледзячы на ўсе складанасці з пытаннямі захавання спадчыны, гэта дзейнасць застаецца адной з самых запатрабаваных у ЮНЕСКА, і Спіс Сусветнай спадчыны прадаўжае папаўняцца.

- Некалькі гадоў таму беларускі абрад "Калядныя цары" быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Раскажыце крыху аб гэтым.

- Абарона нематэрыяльнай спадчыны, гэта значыць нацыянальных культурных традыцый, творчасці і рамёстваў, - тэма не новая для ЮНЕСКА. І хоць міжнародны дагавор у гэтай галіне з'явіўся толькі ў 2003 годзе, ён ужо стаў практычна ўніверсальным, як і Канвенцыя аб Сусветнай спадчыне.

Наша краіна мае ўнікальную нематэрыяльную спадчыну. Тое, што ў 2006 годзе Беларусь далучылася да Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай у 2003 годзе, дапамагло нам своечасова арганізаваць работу па інвентарызацыі і захаванні гэтай спадчыны. Фонд, які дзейнічае ў рамках гэтай Канвенцыі, выдзеліў сродкі на рэалізацыю праекта па стварэнні нацыянальнага інвентару беларускай нематэрыяльнай спадчыны. З вынікам гэтай работы кожны можа азнаёміцца на сайце www.livingheritage.by.

Беларусь пакуль уключыла адзін элемент у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА - абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава Мінскага раёна, але нашы эксперты сумесна з носьбітамі нацыянальных традыцый ужо рыхтуюць прапановы для пашырэння прадстаўленасці нашай краіны ў спісах нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Нельга не згадаць і плённае супрацоўніцтва з ЮНЕСКА ў галіне дакументальнай спадчыны. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву ў краіну вярнуўся ў электронным выглядзе архіў М.К.Агінскага, праведзена вялікая работа па віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны Сапегаў, Храптовічаў і Радзівілаў. У бягучым годзе завяршыўся праект па фарміраванні электроннай бібліятэкі Юзэфа Крашэўскага, унікальная спадчына якога ўключана ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Вынікі гэтай дзейнасці даступныя кожнаму ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў культуры нашай краіны.

Збор і аднаўленне дакументальнай спадчыны нашых суайчыннікаў маюць важнае значэнне і для міжнароднай супольнасці. Архівы і Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў у 2009 годзе па ініцыятыве Беларусі ўключаны ў рэестр ЮНЕСКА "Памяць свету".

- Якімі вы бачыце перспектывы ўзаемадзеяння нашай краіны з ЮНЕСКА?

- Сёння ЮНЕСКА - гэта важны партнёр Беларусі ў вырашэнні задач у сацыякультурнай сферы, а таксама ўнікальная платформа для прапаганды дасягненняў у сферах культуры, навукі, адукацыі, інфармацыйных тэхналогій, для папулярызацыі знешнепалітычных ініцыятыў рэспублікі і развіцця ўзаемавыгадных двухбаковых кантактаў.

Інтэлектуальны патэнцыял нашай краіны дае магчымасць нам уносіць важкі ўклад у фарміраванне палітыкі ЮНЕСКА, яе парадку дня, удзельнічаць у распрацоўцы нарматыўных дакументаў, ініцыіраваць новыя напрамкі дзейнасці. У нашага супрацоўніцтва вялікія перспектывы, і Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА прадоўжыць прыкладаць усе намаганні для напаўнення гэтага супрацоўніцтва канкрэтнымі і ўзаемавыгаднымі праектамі.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ
Версія для друку
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Змяненне меж Мінска У мэтах развіцця тэрыторыі, што прылягае да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, змяняюцца межы Мінска і Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.