Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Мікалай Копнеў: Дзяржпагранкамітэт Беларусі будзе павялічваць набор кантрактнікаў на пасады салдат і сяржантаў

Інтэрв'ю 08.10.2014 | 15:10

У Беларусі набірае абароты чарговы асенні прызыў. Як і заўсёды, навабранцаў накіроўваюць не толькі ва Узброеныя Сілы, але, напрыклад, і ў органы пагранічнай службы. Аднак гэты прызыў адкрывае для моладзі новыя магчымасці. Цяпер, калі кандыдат пройдзе адбор, можна ісці служыць па кантракце з 18 гадоў, не маючы вопыту тэрміновай службы. Гэта новаўвядзенне маюць намер актыўна выкарыстоўваць у Дзяржаўным пагранічным камітэце. Як чакаецца, колькасць кантрактнікаў у пагранічным ведамстве будзе толькі расці, у тым ліку на фоне таго, што суседнія краіны наогул перавялі свае пагранслужбы поўнасцю на кантрактную аснову. Аб тым, якія перавагі дае служба па кантракце, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення камплектавання і штатаў Дзяржпагранкамітэта палкоўнік Мікалай Копнеў.


- Чаму цяпер ваша ведамства зацікаўлена ў наборы менавіта кантрактнікаў на месцы сяржантаў і салдат?


- Спачатку ўсё ж некалькі слоў пра звычайных салдат тэрміновай службы. У органы пагранслужбы ў асеннюю кампанію мы плануем прызваць на тэрміновую службу каля 1,2 тыс. чалавек. Цяпер у нас доля салдат тэрміновай службы крыху большая за чацвёртую частку спісачнага складу. Лічу, усе разумеюць, што пры ахове дзяржаўнай граніцы выкарыстоўваюць усё больш сучасныя, складаныя комплексы ўзбраення і тэхнікі, якія патрабуюць глыбокіх ведаў, уменняў і навыкаў. Нам патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, якія дасканала валодаюць усімі пагранічнымі спецыяльнасцямі і маюць неабходную фізічную і маральна-псіхалагічную падрыхтоўку. Таму ў органах пагранічнай службы неабходна ствараць прафесійнае звяно сяржантаў і салдат, што ў поўнай меры можа забяспечыць ваенная служба па кантракце. На гэты час у нас больш за 10 працэнтаў пасад сяржантаў і салдат займаюць ваеннаслужачыя-кантрактнікі. Частка іх нясе службу ў падраздзяленнях, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржаўную граніцу. Мы будзем толькі павышаць долю кантрактнікаў у органах пагранслужбы.


- Але вы прадаўжаеце набіраць салдат тэрміновай службы, відаць, у якасці кандыдатаў у кантрактнікі?


- Можна і так сказаць. Аналіз даных прыёму на ваенную службу па кантракце з ліку салдат тэрміновай службы, якія служылі менавіта ў нас, паказвае, што гэтыя ваеннаслужачыя і ёсць асноўная крыніца кандыдатаў для камплектавання пасад "кантрактных" сяржантаў і салдат. У мінулым годзе тры чвэрці кандыдатаў былі падабраны з тых, хто праходзіў тэрміновую службу ў пагранічным ведамстве. Пры гэтым трэба ўлічваць, што сяржанты і салдаты, якія служаць па кантракце, - патэнцыяльныя прапаршчыкі, а можа і афіцэры. Але ў гэтым годзе мы не проста будзем набіраць салдат тэрміновай службы, якія ў будучым маюць права перайсці на кантракт. Як вядома, не так даўно былі ўнесены папраўкі ў закон "Аб воінскім абавязку і воінскай службе". Цяпер грамадзянам мужчынскага полу, якія не знаходзяцца ў запасе і дасягнулі 18-гадовага ўзросту, прадастаўляецца права прызвацца адразу на службу па кантракце.


- Інакш кажучы, калі хлопцу спаўняецца 18 гадоў, ён можа прэтэндаваць, скажам так, на больш прафесійны ўзровень, абмінаючы тэрміновую службу?


 - Так, але ў нас пакуль захоўваецца змешаны прынцып камплектавання пасад сяржантаў і салдат. На тэрміновую службу прадоўжым прымаць у асноўным у падраздзяленні, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржграніцу. Пасля 6 месяцаў тэрміновай службы можна пераходзіць на кантракт. У той жа час мы актывізуем набор на кантракт моладзі, якой споўнілася 18 гадоў. Цяпер ужо ў нас праходзяць службу па кантракце 14 грамадзян, якія не маюць за плячыма "тэрміновага" вопыту. Яшчэ 50 васямнаццацігадовых грамадзян выказалі жаданне прызвацца на кантракт. Цяпер яны праходзяць адбор. Што датычыцца патрабаванняў да прызыўнікоў у цэлым, то мы ў першую чаргу разглядаем кандыдатуры тых, хто мае сярэднюю (сярэднюю спецыяльную) адукацыю або нават вышэйшую. Іх мы адпраўляем у вучэбную часць і цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў сувязі органаў пагранічнай службы. Затым хлопцы служаць у падраздзяленнях, якія ахоўваюць непасрэдна граніцу. У другую чаргу вывучаем кандыдатуры прызыўнікоў, якія маюць базавую адукацыю.


Да нас на службу звычайна трапляюць тыя, хто станоўча характарызуецца грамадскімі арганізацыямі або кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, навучальных устаноў. Органам пагранслужбы патрэбны людзі з высокімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі, добрым інтэлектуальным узроўнем. Вядома, не возьмем тых, хто прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці або стаіць на ўліку ў органах унутраных спраў. Не трэба забываць і аб такой дэталі, што адбор праводзіцца з ліку грамадзян, якія не маюць правоў на льготы і адтэрміноўкі ад прызыву па сямейным становішчы. Акрамя таго, у кандыдатаў не павінна быць блізкіх сваякоў, якія скончылі жыццё самагубствам або якія стаяць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры ці пражываюць за мяжой.


Мы, вядома, зацікаўлены ў тым, каб браць на службу па кантракце людзей з нейкімі спецыяльнасцямі. Гэта могуць быць повары або бульдазерысты. Апошнія нам неабходны для службы ў інжынерных падраздзяленнях. Вітаем мы і веданне замежных моў, у тым ліку моў краін-суседак, гэта значыць польскай, літоўскай...


- Якія выгады атрымлівае чалавек, які паступіў на службу па кантракце?


- Безумоўна, гэта рэчавае забеспячэнне. Кантрактнікам таксама прадастаўляюцца водпускі ад 30 да 45 сутак у залежнасці ад стажу і месца службы. Ёсць і сацыяльны водпуск працягласцю да 10 сутак па сямейных і іншых абставінах. Акрамя таго, яны маюць права на штогадовую дапамогу на аздараўленне ў памеры двух акладаў грашовага забеспячэння. Ім залічваецца 1 год службы ў падраздзяленнях граніцы за 1,5 года службы. Пры выслузе не менш як 20 гадоў можна выйсці на пенсію ў 45 гадоў. Як я ўжо казаў, у кантрактнікаў ёсць перспектыва кар'ернага росту. Можна стаць прапаршчыкам, а можна атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна ў нашым Інстытуце пагранічнай службы, каб стаць афіцэрам. І яшчэ вельмі важны момант - жыллё. Калі неабходна, мы прадастаўляем інтэрнат або арэнднае жыллё. Прадугледжана ў нас і грашовая кампенсацыя, калі кантрактнік здымае кватэру. У казармах яны не жывуць. Кантракт спачатку заключаецца на два гады, а ваеннаслужачыя тэрміновай службы, нагадаю, служаць паўтара года або адзін год, калі ёсць вышэйшая адукацыя.


- Некалі былі пагранічныя войскі, а потым іх перайменавалі ў органы пагранічнай службы. Што гэта змяніла?


- Органы пагранслужбы - гэта тыя ж воінскія фарміраванні. Супрацоўнікі носяць ваенную форму, усе правы і абавязкі ў іх нараўне з ваеннаслужачымі Узброеных Сіл. Іншая справа, што ва УС асноўная задача - гэта падрыхтоўка мабілізацыйнага рэсурсу на выпадак ваенных дзеянняў у будучым. У нас жа ваенная арганізацыя, якая пастаянна выконвае баявую задачу - ахову дзяржграніцы. У камітэта ёсць і праваахоўныя функцыі. Калі грамадзяніна прызываюць на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы, то яго галоўная задача - падрыхтавацца па нейкай пэўнай спецыяльнасці, натрэніравацца. Мы ж павінны не толькі падрыхтаваць чалавека, але і накіраваць яго да месца службы для аховы граніцы.


- Чым адрозніваецца ваш курс маладога байца ад армейскага?


- Афіцыйна гэта называецца курс пачатковай падрыхтоўкі. Ваеннаслужачыя тэрміновай службы праходзяць яго пасля прыбыцця ў воінскую часць да прыняцця прысягі. Доўжыцца курс прыкладна два тыдні. Кантрактнікі таксама праходзяць пэўную падрыхтоўку - уводзіны. Як і ваеннаслужачыя тэрміновай службы, яны вывучаюць статуты, асаблівасці нашай прафесіі. Калі чалавек будзе адпавядаць усім патрабаванням, упішацца ў наша асяроддзе, то яго чакае цікавая служба на карысць Айчыны. Таму запрашаем да нас маладых людзей, якія жадаюць прысвяціць сваё жыццё пагранічнай службе.


Васіль МАЛАШЭНКАЎ,
БЕЛТА.

Версія для друку
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Змяненне меж Мінска У мэтах развіцця тэрыторыі, што прылягае да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, змяняюцца межы Мінска і Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.