Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны
Наталля Качанава

Эвалюцыя сацыяльнай палітыкі прадоўжыцца

Інтэрв'ю 28.12.2015 | 16:53
Наталля Качанава Наталля Качанава Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Праблематыка аховы здароўя, адукацыі, сацпадтрымкі, пенсійнага забеспячэння пастаянна знаходзіцца ў зоне павышанай грамадскай увагі, паколькі гэта сфера інтарэсаў кожнага чалавека незалежна ад яго статусу і ўзросту. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава выказала сваё меркаванне па пытаннях, якія найбольш хвалююць жыхароў Беларусі, - аб павышэнні пенсійнага ўзросту і абмежаваннях для працуючых пенсіянераў, мерах падтрымкі сем'яў з дзецьмі, працягласці летніх канікул, змяненні правіл прыёму ў ВНУ, плаце за наведванне паліклінік, барацьбе з п'янствам, падатку на багатых, кошце беларускіх віз і інш.

- Наталля Іванаўна, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Бюджэт па-ранейшаму будзе сацыяльна-арыентаваным. На вашу думку, ці захаваецца сацыяльная арыентацыя ў наступныя гады і якія сацыяльныя сферы ў будучым запатрабуюць выдзялення больш важкіх асігнаванняў?

- Дзяржава не зменіць сацыяльныя арыенціры: клопат аб чалавеку быў і застаецца лейтматывам усёй дзяржаўнай палітыкі. Гэта пацвярджае і рэспубліканскі бюджэт на 2016 год. На адукацыю выдзяляецца 4,85 працэнта ВУП (на 2015 год - 4,82 працэнта), на ахову здароўя - 4,28 працэнта (у 2015-м - 3,99 працэнта), а з улікам пазабюджэтнай дзейнасці гэтыя лічбы будуць яшчэ вышэйшыя.

Я думаю, што ў наступныя гады дынаміка захаваецца, на сацыяльную сферу будуць і ў далейшым выдзяляцца сур'ёзныя фінансавыя рэсурсы.

Хачу падкрэсліць: нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы, ні адна сацыяльная праграма не закрыта. Пры гэтым іх колькасць скарочана за кошт акумуляцыі ўзаемазвязаных напрамкаў. Такі праграмна-мэтавы падыход дасць магчымасць сканцэнтраваць рэсурсы на вырашэнні самых важных праблем.

Напрыклад, у бягучым годзе завяршаецца рэалізацыя другой Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Паколькі пытанні дэмаграфіі па-ранейшаму вельмі важныя для нашай дзяржавы, распрацавана новая дзяржпраграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" на 2016-2020 гады. Яна ўключае 7 падпраграм: "Сям'я і дзяцінства", "Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў", "Папярэджанне і пераадоленне п'янства і алкагалізму", "Туберкулёз", "Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі", "Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя", "Знешняя міграцыя".

На рэалізацыю праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" ў наступным пяцігоддзі прадугледжваецца накіраваць больш як Br265 трлн ($14,5 млрд у эквіваленце). Аб'ём фінансавання павялічаны больш як у 15 разоў у параўнанні з папярэдняй праграмай дэмаграфічнай бяспекі (з улікам аб'яднання дзяржпраграм, якія рэалізоўваліся паасобку).

- Дзяржавай у апошнія гады прыняты сур'ёзныя меры па падтрымцы сем'яў з дзецьмі, стымуляванні нараджальнасці, умацаванні здароўя насельніцтва. Удалося знізіць тэмпы дэпапуляцыі, значна палепшыліся і іншыя дэмаграфічныя паказчыкі. Куды будзе накіраваны вектар сямейнай палітыкі ў наступным пяцігоддзі?

- Галоўныя прыярытэты дзяржаўнай сямейнай палітыкі - паўнацэнная сям'я з дзецьмі, устойлівыя шлюбы, здаровае гарманічнае жыццё. Гэта аснова асноў, фундамент будучага дабрабыту чалавека, грамадства, краіны. Таму наша агульная задача - прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця. І пачынаць яе трэба з дзіцячых гадоў у сям'і, якая павінна быць прыкладам для пераймання, са школьнай парты.

У Беларусі трэба ўкараніць нацыянальную мадэль планавання сям'і - матываваць моладзь на нараджэнне двух і больш дзяцей. Дарэчы, з кожным годам узрастае колькасць сем'яў, якія маюць двух і больш дзяцей. Пры гэтым змяншаецца доля пазашлюбных нараджэнняў (з 25 працэнтаў да 15 працэнтаў). Гэта не можа не радаваць.

- А такіх франтальных мер падтрымкі, як сямейны капітал, не чакаецца?

- Мы пастаянна ўдасканальваем сістэму падтрымкі сем'яў з дзецьмі. У Беларусі гэта сістэма разгалінаваная па напрамках і маштабная па фінансаванні. Яна ўключае значныя меры па падтрыманні даходаў сем'яў (толькі дзіцячых дапамог выплачваецца 11 відаў), ільготы і гарантыі ў сферы працы і падаткаабкладання, аказанне фінансавай дапамогі пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля, а таксама меры па развіцці сеткі ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. Па некаторых пазіцыях Беларусь знаходзіцца наперадзе краін-суседзяў з вялікім адрывам.

Дзяржава прадоўжыць развіваць сацыяльныя праграмы, накіраваныя на падтрымку юнага пакалення беларусаў, сем'яў з дзецьмі, на стварэнне спрыяльных умоў для іх дзейнасці.

- Якія новыя падыходы будуць прыменены ў рэспубліцы для вырашэння праблем здароўя нацыі?

- Новым этапам у аказанні медыцынскай дапамогі стануць скрынінгавыя мерапрыемствы па раннім выяўленні анкалагічнай паталогіі (толькі ў 2016 годзе на гэтыя мэты прадугледжваецца больш як Br375 млрд). Своечасовае выяўленне анкалагічных захворванняў дасць магчымасць дасягнуць прарыву ў лячэнні пацыентаў, а значыць, яны будуць жыць даўжэй і, што вельмі важна, з лепшай якасцю жыцця.

Упершыню асобны блок дзяржпраграмы прысвечаны барацьбе з неінфекцыйнымі захворваннямі. Размова ідзе аб зніжэнні ўплыву фактараў рызыкі, якія з'яўляюцца асноўнымі прычынамі захваральнасці і смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту, новаўтварэнняў, цукровага дыябету, захворванняў органаў дыхання і інш.

- П'янства - адзін з фактараў рызыкі. Якія метады барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва дзейсныя і эфектыўныя? Ці будзе развівацца сетка выцвярэзнікаў і ЛПП у Беларусі?

- У Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах функцыянуе 20 спецыялізаваных ізалятараў (як цяпер называюцца медвыцвярэзнікі). Павялічваць іх колькасць не плануецца.

У тым, што ёсць такія ўстановы, не бачу нічога дрэннага, хутчэй наадварот. Гэта дае магчымасць прадухіліць парушэнні і злачынствы, прычынай якіх з'яўляецца п'янства. Кожнае чацвёртае злачынства ў краіне ўчыняецца ў стане алкагольнага ап'янення, а доля "п'яных" забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, грабяжоў, разбойных нападзенняў, хуліганстваў дасягае 70-80 працэнтаў. Ужыванне алкаголю з'яўляецца першапрычынай насілля ў сям'і, сацыяльнага сіроцтва.

Ёсць у краіне і ЛПП. Разам з тым, лічу, што будучае - за рэабілітацыйнымі цэнтрамі пры ўстановах аховы здароўя і грамадскіх фарміраваннях. Іх неабходна ствараць ва ўсіх гарадах з колькасцю жыхароў большай за 100 тыс. чалавек. Праграмы рэабілітацыі, заснаваныя на самых сучасных методыках, дадуць станоўчы эфект, прадухіляць дэградацыю асобы, дапамогуць захаваць сем'і.

Безумоўна, вельмі важна фарміраваць у беларусаў дакладныя ўстаноўкі на здаровы лад жыцця, на здароўезахавальныя паводзіны. Таму такая ўвага ўдзяляецца развіццю ў краіне фізкультуры і спорту. Пастаўлена амбіцыйная задача павялічыць у 1,5-2 разы колькасць людзей, якія актыўна займаюцца фізкультурай і спортам (з цяперашніх 20 працэнтаў да 30-40 працэнтаў), задзейнічаць у поўным аб'ёме спартыўныя аб'екты.

Беларусь дасягнула ўражальных поспехаў у аказанні спецыялізаванай дапамогі, у прымяненні высокатэхналагічных метадаў лячэння. Але асаблівая ўвага ў бліжэйшы час будзе ўдзелена першаснаму звяну аховы здароўя.

- Паколькі прыватным арганізацыям аховы здароўя ўжо дазволілі выдаваць бальнічныя лісты, нагрузка на паліклінікі знізіцца. І якасць абслугоўвання павінна стаць лепшай. Дарэчы, якое ваша стаўленне да прапановы, каб работнікі маглі не афармляць бюлетэнь пры лёгкім недамаганні да трох рабочых дзён? Гэта быў бы яшчэ адзін крок да разгрузкі паліклінік.

- Не лічу, што гэта пытанне трэба рэгламентаваць на ўзроўні нарматыўнага прававога акта - гэта сфера адносін наймальніка і работніка, і яна можа быць урэгулявана калектыўным дагаворам.

- Не магу не задаць яшчэ адно пытанне, якое ў свой час бурна абмяркоўвалася, ды і цяпер знаходзіцца на хвалі грамадскай увагі. На вашу думку, ці трэба ўводзіць плату за наведванне паліклінік?

- На гэтым этапе не трэба. Неабходна ўдасканальваць работу паліклінік, укараняць сучасныя метады арганізацыі іх дзейнасці.

- У развітых краінах пенсійны парог намнога вышэйшы, чым у Беларусі. У адной узроставай катэгорыі з Беларуссю застаюцца толькі Расія і Узбекістан. Якія перспектывы ў нашай краіне па павелічэнні ўзросту выхаду на пенсію ў цэлым і ў адносінах жанчын у прыватнасці?

- Прэзідэнт Беларусі неаднаразова адзначаў, што павышаць пенсійны ўзрост трэба, але пры ўмове, што людзі выкажуцца "за".

Палеміка па пытанні павышэння пенсійнага парога вядзецца вельмі актыўна. Сапраўды, пенсійны ўзрост у нас нізкі. Ён не ўлічвае ні эканамічных рэалій, ні тую акалічнасць, што расце сярэдняя працягласць жыцця і, адпаведна, падаўжаецца перыяд атрымання пенсіі. Так, жанчыны атрымліваюць пенсію ў сярэднім больш як 25 гадоў. Пры гэтым большасць з іх, дасягнуўшы 55 гадоў, прадаўжае працаваць.

Я мяркую, што да пытання аб павышэнні пенсійнага парога ў будучым мы прыйдзем так ці інакш.

У гэтым годзе мне споўнілася 55 гадоў, не раблю з гэтага сакрэту. Многія з маіх равесніц (з кім я вучылася ў школе, у інстытуце, мы па-ранейшаму сустракаемся, размаўляем) на пенсію не пайшлі. Паглядзіце вакол: большасць жанчын у 55 гадоў яшчэ поўныя сіл, у іх ёсць вопыт і жаданне працаваць, гэта ўзрост рэалізацыі. Зразумела, многае залежыць ад стану здароўя і патэнцыялу чалавека.

- На маю думку, пенсія не павінна быць бонусам да зарплаты, за выключэннем, бадай, самых нізкааплатных работ. Прамое прызначэнне пенсій - гэта выплаты непрацаздольным людзям, якія па аб'ектыўных прычынах не могуць працаваць і зарабляць сабе на жыццё. У Беларусі ж кожны чацвёрты пенсіянер прадаўжае працоўную дзейнасць, атрымліваючы заработную плату і практычна поўны памер працоўнай пенсіі. Ці плануецца змяняць заканадаўства ў адносінах да працуючых пенсіянераў?

- Пытанне гэта вельмі далікатнае. На выплату пенсій працуючым пенсіянерам накіроўваюцца вялікія фінансавыя рэсурсы. А гэтыя сродкі маглі б пайсці на павелічэнне пенсій тым, хто сапраўды ўжо не можа працаваць і ў каго пенсія - адзіная крыніца даходу.

У адпаведнасці з нашым заканадаўствам, пенсія працуючым пенсіянерам абмяжоўваецца нязначна. Пры гэтым памер атрымліваемай пенсіянерам зарплаты не аказвае ўплыву на памер пенсіі.

- Ва ўмовах старэння насельніцтва ўсё больш пажылых людзей застаюцца ў адзіноце пры жывых і здаровых сваяках, спадзеючыся на дапамогу дзяржавы, сацыяльных работнікаў. Ці трэба, на вашу думку, узмацняць адказнасць дарослых працаздольных дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў?

- Кодэксам аб шлюбе і сям'і рэгламентуецца абавязак паўналетніх працаздольных дзяцей клапаціцца аб сваіх непрацаздольных бацьках і аказваць ім неабходную дапамогу. У заканадаўстве дастаткова норм, якія даюць магчымасць прыцягнуць працаздольных дзяцей да ўтрымання маючых патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы бацькоў.

Але, разумееце, ніякім законам (старым або новым) не прымусіш любіць і берагчы сваіх блізкіх. Гэту культуру ўзаемаадносін паміж пакаленнямі трэба выхоўваць з дзяцінства.

- У 2015 годзе вы ўзначальвалі дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Зыходзячы з аналізу гэтай кампаніі, якія навацыі рыхтуюцца для абітурыентаў 2016 года?

- У Беларусі створаны празрысты механізм фарміравання студэнцкай аўдыторыі, сур'ёзных парушэнняў у час уступных іспытаў не выяўлена. Як паказаў аналіз работы і зваротаў грамадзян, прынцыповыя змяненні ў правілы прыёму не патрабуюцца, але некаторыя карэкціроўкі неабходны.

Так, прапануецца асаблівы парадак прыёму ў педагагічныя ВНУ выпускнікоў профільных класаў педагагічнага напрамку. Плануецца прадаставіць ім права паступлення без уступных іспытаў, калі ацэнкі па ўсіх школьных прадметах - 7 і вышэйшыя, па профільных вучэбных дысцыплінах - не ніжэйшыя за 9 балаў. Акрамя таго, абітурыенту пры паступленнi на педагагічную спецыяльнасць у 2016 годзе абавязкова спатрэбіцца рэкамендацыя педсавета ўстановы адукацыі, якую ён скончыў.

Я лічу, што гэта правільна. Дарэчы, аб гэтым неаднаразова даводзілася чуць на сустрэчах у педагагічных калектывах. У педагагічныя ВНУ павінны ісці маладыя людзі, якія захапляюцца гэтай прафесіяй і маюць да яе здольнасці, а не проста саіскальнікі дыплома аб вышэйшай адукацыі. Паколькі настаўнік - прафесія асаблівая, і адбор абітурыентаў павінен грунтавацца не толькі на выніках ЦТ, але і на характарыстыцы асобы.

І яшчэ. Для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту плануецца такая новая норма, як наяўнасць спартыўнага разраду (звання). Гэта таксама дасць магчымасць прыцягнуць прафесійна арыентаваных абітурыентаў, якія маюць не толькі высокую фізпадрыхтоўку, але і навыкі ў пэўным відзе спорту.

Быў зварот ад маці дзіцяці-інваліда наконт таго, што яна не можа паступіць на завочнае аддзяленне без даведкі аб рабоце, а працаваць не можа з-за неабходнасці даглядаць сваё дзіця. Лічу, што права на паступленне ў ВНУ ў такіх людзей павінна быць. Іх імкненне атрымаць прафесію трэба толькі вітаць.

- Паводле інфармацыі прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, з 2017 года абітурыентам плануецца прадаставіць магчымасць здаваць ЦТ па чатырох вучэбных прадметах замест цяперашніх трох (чацвёрты тэст прапануецца зрабіць неабавязковым). Акрамя таго, не выключаецца магчымасць прызнання вынікаў ЦТ сапраўднымі на працягу двух гадоў.

- Пакуль аб гэтых навацыях гаварыць ранавата - пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання. Гэтыя прапановы Міністэрства адукацыі будуць уважліва прапрацаваны.

- Цікава, ці скароцяць летнія канікулы школьнікам? І летні водпуск настаўнікам?

- Безумоўна, не. Аб гэтым нават размова не ідзе.

Я ўпэўнена, што трэба максімальную ўвагу ўдзяліць здароўю школьнікаў, якое пагаршаецца ў тым ліку з прычыны перагрузак - урокі, гурткі, секцыі... Запланавана сумесная калегія міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, на якой будзем абмяркоўваць, як увязаць вучэбную нагрузку з захаваннем здароўя школьнікаў. Важна ў гэтым пытанні і роля бацькоў. Менавіта яны павінны вызначыць збалансаваны аб'ём дадатковых заняткаў у секцыях, гуртках, клубах, які забяспечвае неабходнае развіццё дзіцяці, але не прыводзіць да іх ператамлення і страты цікавасці да заняткаў.

- У Беларусі ў адрозненне ад іншых краін СНД няма франтальнага расслаення грамадства па ўзроўні даходаў. Тым не менш, ці актуальна для нашай краіны пытанне ўвядзення падатку на багатых?

- Адсутнасць такога расслаення, у прыватнасці, была адной з прычын, па якой сем гадоў таму ў Беларусі перайшлі ад прагрэсіўнага падаходнага падатку (калі больш высокія даходы абкладаліся ў больш высокім памеры) да адзінай падатковай стаўкі. Цяпер незалежна ад таго, які памер даходу мае той ці іншы грамадзянін, з яго спаганяецца падатак у памеры 13 працэнтаў. Пры гэтым, зразумела, чым большая сума даходу, тым большая і сума падаходнага падатку.

А ўводзіць падатак на багатых? Для нашай краіны гэта пытанне не з'яўляецца актуальным.

- Хацелася б ведаць ваша меркаванне і па такім пытанні. Як вядома, адной з умоў павышэння турыстычнай прывабнасці з'яўляецца спрашчэнне парадку выдачы віз, адмена візавага збору. Ці патрэбны Беларусі гэтыя меры? Якія яшчэ фактары могуць стаць дадатковым стымулам для турыстаў-іншаземцаў?

- Цяпер віза не патрэбна грамадзянам СНД (акрамя Туркменістана), Кубы, Сербіі і Чарнагорыі, Катара, Турцыі, Грузіі, Манголіі, Македоніі, Бразіліі, Венесуэлы, Ізраіля. Турысты з КНР пры наяўнасці шэнгенскай візы могуць наведваць Беларусь на перыяд да 3 дзён без візы. Афармленне віз грамадзянам Японіі ажыццяўляецца бясплатна. З 12 чэрвеня 2015 года пачаў дзейнічаць бязвізавы ўезд у Нацыянальны парк "Белавежская пушча" для замежных турыстаў, якія могуць знаходзіцца на тэрыторыі парку без візы не больш як тры дні. Лічу, што практыку бязвізавага наведвання асноўных турыстычных аб'ектаў Беларусі трэба пашырыць.

Пры гэтым, паводле даных сацыялагічных апытанняў, турысты называюць галоўнай перашкодай для падарожжаў менавіта неабходнасць афармляць візы. Таму лібералізацыя візавага рэжыму важная і патрэбная. Пэўныя напрамкі гэтай работы намечаны.

Па-першае, на кожны год загадзя павінен быць вызначаны спіс значных мерапрыемстваў, наведаць якія можна ў бязвізавым рэжыме (буйныя фестывалі, выстаўкі, спартыўныя мерапрыемствы). Прычым, калі замежны грамадзянін пабываў ужо на такіх мерапрыемствах, добра б прадугледзець выдачу яму дазволу на паўторны бязвізавы ўезд у Беларусь.

Па-другое, мэтазгодна прадугледзець магчымасць бязвізавага ўезду ў Беларусь на пэўны тэрмін для маючых шэнгенскую візу грамадзян дзяржаў, паспяховых у міграцыйным плане (па аналогіі з грамадзянамі КНР).

Па-трэцяе, трэба спрасціць парадак і зрабіць больш камфортнай працэдуру атрымання турыстычнай візы, у тым ліку ў аэрапорце. Неабходна разгледзець магчымасць атрымання электроннай візы і шэраг іншых мер.

Матэрыяльныя страты з-за недаатрыманых візавых збораў будуць невялікімі (у год Беларусь выдае 20-30 тыс. турыстычных віз), а выгада - відавочная. Гэта не толькі развіццё сферы паслуг, але і павышэнне іміджу краіны: чым больш замежных грамадзян наведаюць нашу рэспубліку, тым больш добрага аб ёй будуць ведаць у свеце. Наша Беларусь гэтага заслугоўвае.

Алена ПРУС

Версія для друку
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Машынабудаванне Беларусі Машынабудаўнічы комплекс Беларусі прадстаўляюць каля 250 вялікіх і сярэдніх арганізацый, у якіх працуюць 192 тыс. чалавек.