Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
08 жніўня 2013, 15:30

 Бацькі дашкольнікаў на першае месца павінны ставіць псіхічнае і фізічнае развіццё дзяцей

Бацькі, жадаючы бачыць сваё дзіця сярод вучняў лепшых навучальных устаноў, а таксама пераможцам прадметных алімпіяд, ледзь ці не з пялёнак запісваюць дзяцей у розныя студыі і школы ранняга развіцця. Часта дашкольнікі, акрамя дзіцячага сада, 5-6 разоў на тыдзень наведваюць адукацыйныя курсы. Бацькі ж не задумваюцца, як такая нагрузка можа паўплываць на здароўе дзяцей. Аб тым, як правільна падрыхтаваць дзіця да школы і пазбегнуць у гэтым нялёгкім працэсе перакосаў, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала педагог са шматгадовым стажам, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, дырэктар гімназіі нумар 1 г.Віцебска Валянціна Шырокава. За стабільныя поспехі ў падрыхтоўцы вучняў, асабісты ўклад у развіццё адукацыі Валянціна Трафімаўна ўдастоена звання "Чалавек года Віцебшчыны", а гімназія, якую яна ўзначальвае ў гэтым годзе, занесена на гарадскую Дошку гонару.

- Гонка за адукацыяй, захапіўшая маладых бацькоў, пагражае дзецям значнымі перагрузкамі. На якіх напрамках лепш за ўсё сканцэнтраваць прыярытэты пры падрыхтоўцы дашкольніка, каб не нанесці шкоду дзіцяці?

- Сапраўды, пэўны перакос у атрыманні адукацыі на гэтай стадыі сёння ёсць. Асабліва гэта адчуваецца, калі бацькі будучых першакласнікаў пачынаюць расказваць аб тым, дзе навучаліся іх дзеці, пачынаючы з трох-чатырох гадоў. Безумоўна, развіваць дзіця і знаходзіць яму нейкі карысны занятак трэба абавязкова. І добра, што бацькі думаюць аб развіцці сваіх дзяцей, запісваючы іх у розныя секцыі, гурткі. Тут важна не перагінаць палку. Залішнія нагрузкі могуць нанесці шкоду, напрыклад вывучэнне дашкольнікамі англіскай мовы. Справа ў тым, што ў любой навучальнай установе, дзе гэты прадмет вывучаецца з другога класа, заняткі вядуць прафесіянальныя педагогі, мэта якіх - дапамагчы дзецям правільна авалодаць базавымі ведамі, а не перавучваць іх.

Разам з тым пэўны багаж ведаў пры залічэнні ў школу дзіцяці павінен быць, ён стане асновай для атрымання адукацыі. Заняткі з дашкольнікам павінны ўключаць развіццё маторыкі рук, знаёмства з алфавітам і гэтак далей. Добра, калі да прыходу ў першы клас дзіця будзе ўмець складаць склады, яшчэ лепш, калі чытаць. На дашкольным этапе самае галоўнае - фізічнае, псіхічнае, эстэтычнае і, вядома, разумовае развіццё дзіцяці. Трэба вучыць яго логіцы, пашыраць лексічны запас слоў і веды аб навакольным свеце, развіваць элементарныя матэматычныя навыкі.

- Як выбраць аптымальную нагрузку для дзіцяці?

- Важны ўмераны збалансаваны падыход і ўважлівае стаўленне бацькоў да малыша. Калі дзіця напоўнена энергіяй і імкнецца ў нейкі гурток, то бацькі павінны падтрымліваць і заахвочваць такую зацікаўленасць. Пры гэтым фізічная і інтэлектуальная нагрузкі павінны быць строга дазіраваны. Не варта ператамляць дзіця дадатковымі заняткамі па 5-6 разоў на тыдзень, прад'яўляць да яго павышаныя патрабаванні, у размове параўноўваць яго ўзровень з дасягненнямі іншых равеснікаў. Гэтыя фактары ў выніку толькі прывядуць да зніжэння ўласнай самаацэнкі дзіцяці і негатыўна паўплываюць на яго ў будучым. Задача бацькоў - навучыць дашкольніка верыць у сябе, пераадольваць цяжкасці, а таму важна адзначаць кожны яго поспех.

- Найбольш гарачыя дыскусіі на розных бацькоўскіх форумах у Інтэрнэце датычацца разнастайнасці магчымасцей на рынку адукацыйных паслуг: рэпетытары, курсы пры ўстановах адукацыі, прыватныя студыі, асабістыя заняткі з дзіцем. На чым лепш спыніць выбар?

- На мой погляд, галоўны клопат пры падрыхтоўцы дзіцяці да школы кладзецца на плечы мамы і таты. Гэта самыя блізкія малышу людзі, з якімі яму зручней за ўсё пазнаваць свет. Пры такім падыходзе і бацькам прасцей будаваць свой графік, рэжым заняткаў, бачыць узровень развіцця свайго дзіцяці. Акрамя таго, цяпер прапануецца шырокі выбар цікавых кніг, дапаможнікаў, педагагічнай літаратуры па падрыхтоўцы дашкольніка. Кожны можа выбраць што-небудзь прыдатнае для сябе па цане і зместу. Варта ўлічваць і той факт, што асабістыя заняткі нясуць больш нізкую псіхалагічную нагрузку на малога. Курсы і гурткі таксама можна задзейнічаць, але нельга спадзявацца толькі на іх.

- Яшчэ адно актуальнае пытанне датычыцца выбару школы і педагога, які будзе весці дзіця ўсю пачатковую школу.

- Калі бацькі вызначыліся з навучальнай установай і хочуць трапіць да пэўнага педагога, то яны маюць на гэта права. Галоўнае, каб у настаўніка і вучня склаўся кантакт і ўзаемаразуменне. Ад гэтага шмат што залежыць, бо аўтарытэт педагога з'яўляецца залогам поспеху вучня.

- Некаторыя бацькі прадузята ставяцца да маладых педагогаў. Наколькі абгрунтаваныя іх страхі?

- Так, сярод бацькоў у пэўнай ступені прысутнічае боязь маладых педагогаў. Але іншым разам гэта фобія беспадстаўная. Не варта баяцца таго, што ваша дзіця будзе весці настаўнік, які толькі пачынае сваю педагагічную дзейнасць. Галоўнае, каб ён быў Настаўнікам, каб у яго гарэлі вочы і было жаданне даць веды дзецям. Тады ўсё атрымаецца. У нас у гімназіі шмат такіх прыкладаў. Некаторых бацькоў я ўгаворвала даверыць педагогу. І ў выніку яны не пашкадавалі: адбыўся і настаўнік, і яго вучні. Трэба давяраць маладым, бо ўсе мы калісьці пачыналі свой шлях.

- Хочацца закрануць і тэму ацэнак, якая займае не апошняе месца ў абмеркаваннях. Бо шкала адзнак у выглядзе зорачак, крыжыкаў і іншых варыяцый прымяняецца нават на дашкольным этапе.

- Я стаўлюся да ацэнак вельмі асцярожна. Напрыклад, калі вучань просіць не ставіць яму нізкі бал, аргументуючы тым, што добра падрыхтуецца да наступнага ўрока, - калі ласка! Для мяне важна не ацэнка, а веды, таму калі ў дзіцяці ёсць жаданне і яно гатова папрацаваць, каб атрымаць 9 або 10, то я абавязкова іду яму насустрач. Хочацца ўспомніць і вопыт Германіі, дзе ацэнкі не зачытваюць услых. Настаўнік сам-насам з вучнем называе яму выстаўлены бал і абмяркоўвае, за што ён яго атрымаў. Гэты падыход правільны, бо ацэнка - гэта вельмі асабістае, і ставіцца да яе трэба адпаведна, каб не сфарміраваць у школьніка комплекс непаўнацэннасці. Пры гэтым у выпадках з дашкольнікамі варта праяўляць асаблівую далікатнасць, бо іх асоба яшчэ толькі пачынае фарміравацца, а таму асабліва чуллівая.

- Цяпер пільная ўвага ўдзяляецца павышэнню ролі тэхнічнага кампанента ў навучальным працэсе. Як вы ставіцеся да навінак, якія сёння апрабоўваюцца ва ўстановах адукацыі?

- Свет змяняецца. У адпаведнасці з патрабаваннямі часу павінны змяняцца і мы - школа, педагогі. Аднак да ўсяго павінен быць разумны падыход. Напрыклад, няма нічога дрэннага ў выкарыстанні электроннага падручніка. Калі дзіцяці зручна ім карыстацца, яно паспявае працаваць, то ўсё выдатна. Галоўнае - умець карыстацца тэхналогіяй і бачыць яе рэальную эфектыўнасць. Некалькі гадоў таму на базе нашай установы адукацыі праводзіўся эксперымент Міністэрства адукацыі па ўкараненні камп'ютарных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці. Размова ідзе аб электронных дзённіках. Эксперымент паказаў, што згаданая тэхналогія мае патрэбу ў дапрацоўцы, якая, магчыма, зойме не адзін-два гады, паколькі важна зрабіць яе па-сапраўднаму функцыянальнай і эфектыўнай. Тады будзе і вынік.

- Валянціна Трафімаўна, вам давялося працаваць і пры пяцідзённым, і пры шасцідзённым навучальным тыдні. З вышыні вашага педагагічнага вопыту, які з іх усё ж больш пажаданы?

- Спадзяюся, што шасцідзённага навучальнага тыдня ніколі не будзе. Галоўная заслуга менавіта такой, як цяпер, мадэлі навучальнага тыдня ў выбары, які застаецца за вучнем. Ён можа правесці гэты дзень з сям'ёй або прыняць удзел у школьных мерапрыемствах. Правесці суботу і нядзелю з сям'ёй, бацькамі вельмі важна. Выхадныя павінны належаць сям'і. Што ж датычыцца факультатываў па суботах на трэцяй ступені навучання, то лічу, што наведваць іх трэба, але вучань павінен свядома да гэтага падыходзіць, разумець, для чаго ён гэта робіць.

- Узначаленая вамі навучальная ўстанова ўжо на працягу 16 гадоў падтрымлівае пастаянны кантакт з адной з гімназій у Франкфурце-на-Одэры (Германія), удзельнічае ў міжнародных адукацыйных праектах. Вучні - пастаянныя прызёры і пераможцы міжнародных Сахараўскіх чытанняў. Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, наведаўшы гімназію, напісаў у Кнізе ганаровых наведвальнікаў, што быў бы рады вучыцца ў такой школе, у такіх настаўнікаў. Цалкам заканамерна пытанне аб якасці школьнай адукацыі ў Беларусі, што шырока абмяркоўваецца і параўноўваецца з еўрапейскай.

- Міжнароднае супрацоўніцтва вельмі важна не толькі для вышэйшых навучальных устаноў, але і для школьных педагогаў, вучняў. Гэта магчымасць абмяняцца вопытам, у асабістым кантакце абмеркаваць арганізацыю навучальнага працэсу, асаблівасці адукацыйных сістэм. Для навучальнай установы такія кантакты становяцца моцным стымулам да развіцця, павышэння ўзроўню культуры. Напрыклад, нашым вучням здаецца, што ўзровень гімназіі, умовы, створаныя ў ёй для навучання, заўсёды такімі і былі. Але мы ж ведаем, якім шляхам усё гэта дасягалася. Гэты паступовы працэс бачаць і калегі з Германіі, калі прыязджаюць да нас і параўноўваюць са сваімі навучальнымі ўстановамі. Прыемна, што сёння наша навучальная база, тэхнічнае абсталяванне нічым не горшае. У час свайго апошняга візіту педагогі з Франкфурта-на-Одэры выказвалі шчырыя словы захаплення гімназіяй. Гэта яшчэ раз даказвае, што ў нас працуюць цудоўныя настаўнікі, і адукацыя сапраўды еўрапейская.

Вольга БАГАЧОВА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі