Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
14 мая 2014, 12:53

Аляксандр Румак: У Беларусі прапрацоўваюцца прапановы па праекце "Вялікая сям'я"

Жыццё кожнага чалавека з моманту нараджэння і да смерці залежыць непасрэдна ад таго, як будуюцца сямейныя ўзаемаадносіны, ад здароўя інстытута сям'і ў цэлым. Аб тым, якая беларуская сям'я сёння і наколькі аптымістычныя прагнозы яе ўстойлівасці ў будучым, як дзяржава плануе стымуляваць рэпрадуктыўную актыўнасць беларусаў, якія перспектывы праекта "Вялікая сям'я" і халасцяцкага падатку, ці магчыма ўвядзенне бацькаўскага водпуску па догляду дзяцей - расказвае ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.


- Аляксандр Аляксеевіч, ужо шмат гадоў гавораць аб паглыбленні крызісу інстытута сям'і. Ці так гэта, на ваш погляд? Якія станоўчыя і адмоўныя тэндэнцыі адзначаюцца ў нашай краіне апошнім часам?


- На мой погляд, больш правільна гаварыць не аб крызісе, а аб новых праявах сямейнай псіхалогіі і шлюбна-сямейных адносін. Сям'я - гэта рухомы сацыяльны інстытут. Для сучаснай беларускай сям'і характэрны павышэнне ўзросту ўступлення ў шлюб, адкладанне нараджэння дзяцей на больш познія тэрміны (сярэдні ўзрост маці - 28 гадоў), пазашлюбныя саюзы. Разам з тым, як сведчаць вынікі сацыялагічных даследаванняў, сямейнае шчасце, наяўнасць дзяцей застаюцца прыярытэтамі ў сістэме каштоўнасцей усіх пакаленняў, у тым ліку і моладзі.


Тэндэнцыі, якія назіраюцца апошнім часам, сведчаць аб умацаванні інстытута сям'і. Галоўны аргумент - рост нараджальнасці. У мінулым годзе нарадзілася амаль 118 тыс. дзяцей, а гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў. Павялічваецца і склад беларускіх сем'яў - каля 50 працэнтаў народжаных дзяцей з'яўляюцца другімі і наступнымі. Зніжаецца ўзровень сацыяльнага сіроцтва.


- Свайго піка ўзровень колькасці разводаў у нашай краіне дасягнуў у 1999 годзе, потым адбылося яго скарачэнне ў 1,6 раза. Аднак гэты паказчык застаецца вельмі высокім на фоне краін Еўропы і свету. На вашу думку, ці стануць у Беларусі сямейныя вузы больш трывалымі?


- Паводле статыстыкі, колькасць разводаў у Беларусі з 2003 года вагаецца ў межах 29-39 тыс. Прыемна, што ў апошнія гады іх становіцца менш, а шлюбаў - больш: калі ў 2012 годзе было зарэгістравана 76,2 тыс. шлюбаў і 39 тыс. разводаў, то ў 2013 годзе колькасць шлюбаў склала 87,1 тыс., а разводаў - 36,1 тыс.


Вялікая колькасць разводаў мае пэўныя сацыяльныя рызыкі для развіцця грамадства - пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі (менш нараджаецца дзяцей, становіцца больш адзінокіх людзей), зніжэнне сацыяльнай актыўнасці і працаздольнасці людзей, якія перажываюць развод. Асабліва цяжка сітуацыю разводу ў сем'ях перажываюць дзеці.


Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў 2008 годзе, кожная пятая разведзеная жанчына і кожны трэці разведзены мужчына выхоўваліся ў няпоўнай сям'і або без бацькоў. Атрымліваецца, несямейныя паводзіны часта вынікаюць з вопыту бацькоўскай сям'і і трансліруецца ў дарослым жыцці.


Таму вельмі важна прапагандаваць ідэю аб тым, што мець моцную, шчаслівую сям'ю - значыць быць асобай, якая адбылася. На ўмацаванне інстытута сям'і накіраваны ў тым ліку рэспубліканскі конкурс "Сям'я года", што будзе праводзіцца ў кастрычніку бягучага года ўжо другі раз.


Шчаслівая, моцная, з'яднаная сям'я - гэта асабістае шчасце, гэта аснова стабільнасці дзяржавы, яе ўстойлівасці.


- Беларусь ушчыльную сутыкнулася з дэмаграфічным рэхам 90-х гадоў: свае сем'і стварае нешматлікае пакаленне таго перыяду. Паколькі колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту стала інтэнсіўна змяншацца, патэнцыял нараджальнасці аб'ектыўна зніжаецца. Акрамя таго, у краіне дамінуюць аднадзетныя сем'і. Як стварыць падушку бяспекі для нараджальнасці? Ці можна паўплываць на змяненне рэпрадуктыўных установак беларусаў?


- Змяненне рэпрадуктыўных паводзін - гэта складаны, даволі інертны працэс. Але ўплываць на яго можна і трэба, паколькі дэмаграфічныя працэсы кіруемыя, і важная роля тут адводзіцца дзяржаве. Развіццё дэмаграфічных працэсаў паказвае, што ўсплёскі нараджальнасці прыпадаюць якраз на тыя гады, калі прымаліся актыўныя пранаталісцкія меры дзяржаўнай палітыкі (напрыклад, увядзенне водпуску па догляду дзіцяці ва ўзросце да 1 года ў 80-я гады, потым яго павелічэнне да 3 гадоў).


Сярод асноўных стымулаў у змяненні рэпрадуктыўных паводзін былі і застаюцца сацыяльна-эканамічныя фактары - стабільны даход сям'і, удасканаленне сістэмы дзіцячых дапамог, вырашэнне жыллёвых пытанняў, гарантыі працуючым бацькам і інш. Толькі за апошнія два гады павялічаны ў два разы памеры дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Значна ўзраслі аб'ёмы фінансавай дапамогі пры будаўніцтве жылля шматдзетным сем'ям (больш як 50 працэнтаў шматдзетных сем'яў ужо скарысталіся такой дапамогай). Уведзены новыя сацыяльныя паслугі для сем'яў з дзецьмі, у тым ліку па кароткачасовым доглядзе малышоў (колькасць нянек вырасла амаль у 2,5 раза).


Вынік гэтых мер відавочны: пры пастаянным зніжэнні колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (15-49 гадоў) павялічылася колькасць народжаных дзяцей. Гэта водгук беларускіх сем'яў на меры, што прымаюцца дзяржавай для падтрымкі сем'яў з дзецьмі.


Паводле прагнозаў дэмографаў, у бліжэйшы час колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту будзе скарачацца. Да 2016 года мяркуецца змяншэнне іх колькасці амаль на 65 тыс.


У структуры сем'яў аднадзетныя сем'і складаюць 65 працэнтаў, таму для прадухілення магчымага спаду нараджальнасці неабходна стымуляванне нараджэння ў сем'ях менавіта другіх і наступных дзяцей. А для гэтага патрэбны новыя комплексныя меры падтрымкі сем'яў, якія характарызаваліся б сваёй навізной, маштабнасцю, мелі доўгачасовы характар. У фокусе такіх мер - стымуляванне нараджэння другога дзіцяці, падтрымка шматдзетных сем'яў.


- Думаю, самым актуальным пытаннем для людзей з'яўляецца сямейны капітал па-беларуску - "Вялікая сям'я". Як ідзе адпрацоўка прапаноў па гэтым праекце?


- Па даручэнні Прэзідэнта была створана спецыяльная рабочая група на чале з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Уладзіміравіча Кабякова. Групай выпрацаваны прапановы па ўвядзенні дадатковых мер падтрымкі сем'яў у перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама па адкрыцці дэпазіту на суму $10 тыс. пры нараджэнні ў сям'і трэцяга дзіцяці (з атрыманнем іх пасля дасягнення гэтым дзіцем паўналецця). Гэтыя прапановы агучаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка бягучага года.


Ураду даручана ў двухмесячны тэрмін прапрацаваць гэтыя прапановы ў мэтах канкрэтызацыі механізма іх рэалізацыі і крыніц фінансавання. Да гэтай работы падключаны розныя міністэрствы - працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, аховы здароўя, фінансаў, архітэктуры і будаўніцтва і інш.


Па ўсеагульным прызнанні, у Беларусі створана эфектыўная сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем'ям з дзецьмі. Яна павінна развівацца і ў далейшым.


Акрамя матэрыяльных стымулаў вельмі важнае асяроддзе, што акружае сям'ю. Гэта і даступнасць інфраструктуры дзіцячага адпачынку і вольнага часу, і высокая якасць медыцынскіх і адукацыйных паслуг. Немалаважныя і добразычлівыя адносіны да сям'і наймальнікаў, бізнес-супольнасці. Інтарэс у гэтым плане мае міжнародны вопыт. Напрыклад, у Германіі на прадпрыемствах рэалізуецца бізнес-праграма "Сям'я з фактарам поспеху", у Славеніі дзейнічаюць сертыфікаты прадпрыемства, арыентаваныя на падтрымку сям'і. Асноўная задача такіх праграм - зрабіць павышэнне якасці жыцця сем'яў арыенцірам нацыянальнай эканомікі. Гэта сучасны падыход, і мы будзем рухацца ў тым жа напрамку.


- Традыцыйным для беларускага грамадства з'яўляецца пераважна жаночы ўдзел у доглядзе дзяцей і іх выхаванні. Гэта пацвярджаецца як сацыялагічнымі апытаннямі, так і перавагай практыкі выхавання дзяцей маці пасля разводу бацькоў.


- Сапраўды, жанчыны нясуць асноўную нагрузку і па догляду дзяцей, і па іх выхаванні, і па вядзенні дамашняй гаспадаркі, вымушаны сумяшчаць работу і шматлікія сямейныя абавязкі.


Арганізацыя і правядзенне вольнага часу дзяцей, падрыхтоўка дамашніх заданняў, удзел у бацькоўскіх сходах, наведванне гурткоў - гэта ў роўнай ступені павінна размяркоўвацца паміж абодвума бацькамі. Тады дзіця будзе развівацца гарманічна, у яго будзе фарміравацца адэкватнае разуменне ролі маці і бацькі ў сям'і, і, стаўшы дарослым, яно створыць сваю паўнацэнную сям'ю.


У апошнія гады ў нашым грамадстве ідзе пераасэнсаванне ролі мужчын у выхаванні дзяцей, вядзенні дамашняй гаспадаркі. Працэс ідзе не так хутка, як хацелася б, але сама тэндэнцыя ўсяляе аптымізм. Паводле даных Шматіндыкатарнага кластарнага абследавання па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын у Рэспубліцы Беларусь (2012 год), праведзенага Белстатам, доля дзяцей ва ўзросце 3-5 гадоў, з якімі бацькі займаліся навучальнымі або развіваючымі відамі дзейнасці, склала 68,4 працэнта. А сацыялагічнае даследаванне, праведзенае сярод студэнцкай моладзі сталіцы ў 2012 годзе, паказала, што ўдзел мужчын у дамашніх справах успрымаецца як нармальная з'ява большасцю студэнтаў і студэнтак універсітэтаў. Большасць студэнтаў (86 працэнтаў) і студэнтак (92 працэнты) лічаць, што мужчыны могуць добра клапаціцца аб дзецях. Важна падтрымліваць і развіваць гэтыя настроі ў маладзёжным асяроддзі.


- Ці разглядаецца як варыянт увядзенне абавязковага водпуску для бацькаў па догляду дзіцяці?


- Дзеючым заканадаўствам прадастаўляецца права бацькам знаходзіцца ў такім водпуску паводле меркавання самой сям'і. Статыстыка сведчыць, што з кожным годам колькасць мужчын, якія знаходзяцца ў водпуску па догляду дзіцяці, павялічваецца. Так, у 2012 годзе знаходзіліся ў такім адпачынку амаль 3,6 тыс. мужчын (для параўнання: у 2010-м - 2,4 тыс.). Пытанне аб абавязковасці такога водпуску для ўсіх бацькаў не разглядаецца.


- Часта гавораць аб неабходнасці фарміравання адказнага бацькоўства. А што вы ўкладваеце ў гэта паняцце?


- Адказнае бацькоўства - гэта пытанне ўзаемнай адказнасці. Дастойнае выхаванне праяўляецца ў далейшым у клопаце дарослых дзяцей аб сваіх састарэлых бацьках. Падарыць жыццё - гэта, вядома, вельмі важна, але выхаваць сына або дачку як мае быць, навучыць быць чулым, неабыякавым, здольным аддаваць, а не толькі прымаць - больш важна. І, несумненна, больш цяжка.


Таму нельга зводзіць адказнае бацькоўства толькі да матэрыяльных затрат - гэта штодзённы дыялог з дзіцем, веданне яго псіхалогіі і праблем, удзел у яго жыцці. Спытайце ў любога бацькі, ці ведае ён, які любімы прадмет у школе ў яго дзіцяці, хто яго лепшы сябар. І вы зможаце зрабіць вывад аб тым, які ён бацька.


- На ваш погляд, ці мэтазгодна ўвядзенне халасцяцкага падатку ў Беларусі ва ўмовах дэпапуляцыі? Між іншым, сродкі, якія паступілі б, можна было б перанакіраваць на падтрымку шматдзетных сем'яў, многія з якіх адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных...


- Халасцяцкі падатак быў уведзены ў пасляваенныя гады. У наш час апраўданасць увядзення такога падатку, на маю думку, адсутнічае.


У сучасным грамадстве рэпрадуктыўныя правы разглядаюцца ў кантэксце правоў чалавека, пытанні ўступлення ў шлюб, нараджэння дзяцей з'яўляюцца выключна асабістымі і не могуць вырашацца пад націскам. Дзяржава можа ўплываць на гэтыя тэндэнцыі апасродкавана, ствараючы ўмовы для іх рэалізацыі.


- Ёсць такая катэгорыя сем'яў, як студэнцкая. Ці трэба дзяржаве падтрымліваць гэтыя сем'і дадаткова? Размова ідзе не толькі аб забеспячэнні пакоем у інтэрнаце, але і аб матэрыяльных выплатах, паслугах нянек і г.д., каб такія сем'і не адкладалі нараджэнне першынцаў "на потым", а маглі сумяшчаць вучобу і бацькоўства?


- Падтрымка студэнцкіх сем'яў ажыццяўляецца ў рамках агульнай дзяржаўнай сямейнай палітыкі. Прававое поле забяспечвае магчымасць сумяшчэння догляду дзіцяці і прадаўжэння вучобы. Гэта перадача права на водпуск па догляду дзіцяці з атрыманнем дапамогі бацьку дзіцяці, іншаму члену сям'і, сваяку дзіцяці ў выпадку, калі маці-студэнтка прадоўжыла навучанне на дзённай форме атрымання адукацыі. Ёсць таксама права перавесціся на завочнае аддзяленне, а пры выхадзе на работу на 0,5 стаўкі захаваецца поўны памер дапамогі. У нашай краіне добра развіта сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі. Сістэма дзяржаўных дапамог у роўнай ступені пашыраецца і на студэнтаў - незалежна ад таго, на якой форме навучання (дзённай або завочнай) яны вучацца.


Што датычыцца нянек, то такая паслуга бясплатна прадугледжана для пэўных катэгорый сем'яў: якія выхоўваюць двайнят і больш дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, няпоўным сем'ям, што выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 4 гадоў, сем'ям, якія выхоўваюць дваіх дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 4 гадоў. А студэнцкая гэта сям'я або не, значэння не мае.


- Ці магчыма ў Беларусі адкрыццё прыватных дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў?


- Магчыма, але такіх прапаноў пакуль не паступала.


Цяпер ідзе работа над праектам дзяржаўнага стандарта "Сацыяльныя паслугі", які будзе распаўсюджвацца на сацыяльныя паслугі, што прадастаўляюцца насельніцтву дзяржарганізацыямі (іх структурнымі падраздзяленнямі), іншымі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі.


У рэспубліцы функцыянуе 10 дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, дзе пражываюць амаль 1,8 тыс. чалавек. Чарговасці ў гэтыя ўстановы няма.


Развіваюцца розныя формы работы з дзецьмі-інвалідамі для паляпшэння ўмоў іх пражывання ў сямейным асяроддзі. У апошнія гады ў дамы-інтэрнаты паступаюць толькі дзеці з найбольш цяжкімі шматлікімі парушэннямі развіцця, яны ў большай ступені маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, доглядзе і медыцынскай дапамозе, якія ім не могуць забяспечыць у дамашніх умовах.


- Сямейная палітыка сарыентавана перш за ўсё на падтрымку сем'яў з непаўналетнімі дзецьмі. На жаль, у падтрымцы маюць патрэбу і пажылыя бацькі, якія церпяць ад сваіх дарослых дзяцей. Ці патрэбны дадатковыя меры па абароне старых? Складанасць гэтай праблемы ў тым, што яна латэнтная. А спецыяльных службаў па абароне старасці (аналагаў службаў па абароне дзяцінства) у нас няма...


- Абавязацельствы дзяцей адносна непрацаздольных і маючых патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе бацькоў, адказнасць за невыкананне гэтых абавязацельстваў прадугледжаны Кодэксам аб шлюбе і сям'і і Крымінальным кодэксам. У мэтах прадухілення правапарушэнняў адносна пажылых грамадзян, узмацнення іх абароны ад проціпраўных замахаў праводзяцца абследаванні жыллёва-бытавых умоў, асаблівая ўвага ўдзяляецца адзінокім старым і тым, хто пражывае з асобамі асацыяльных паводзін. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў сумесна з сацыяльнымі работнікамі праводзяць рэйды, тлумачаць пажылым людзям спосабы абароны ад злачынных замахаў з боку чужых людзей і членаў сям'і, пераконваюць у неабходнасці інфармавання органаў унутраных спраў аб кожным такім факце.


Таму неабходнасці ў стварэнні дадатковай службы па абароне правоў пажылых людзей у нашай краіне няма, патрэбны перш за ўсё клопат дарослых дзяцей аб сваіх састарэлых бацьках і зладжаная сумесная работа ўсіх службаў па падтрымцы пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе.


Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі