З гісторыі трактарабудавання
29 мая 1946 г. заснаваны Мінскі трактарны завод*. Прадпрыемства ўзводзілася на плошчах былога авіяцыйнага завода №453, фактычна на руінах. На будаўніцтва прыязджалі спецыялісты з усяго Савецкага Саюза.
Першая машына, вырабленая на МТЗ, - гусенічны трактар "Кіравец КД-35" (4 лістапада 1950 г. пачаты серыйны выпуск).
У 1949 г. выпушчана некалькі доследных узораў МТЗ-1 - першага колавага акучвальнага трактара, ад пачатку да канца вырабленага на заводзе (стаў асновай для серыйнай машыны МТЗ-2).
14 кастрычніка 1953 г. з канвеера сышоў першы серыйны колавы трактар МТЗ-2. Гэта машына вызначыла спецыялізацыю завода і паклала пачатак масавай вытворчасці колавых трактароў у Беларусі.
5 лістапада 1972 г. выпушчаны першы мільён трактароў (юбілейнай стала мадэль МТЗ-52).
22 лютага 2022 г. з канвеера сышоў 4-мільённы трактар (юбілейная мадэль - BELARUS-2022).
Трактарабудаванне сёння
Беларусь уваходзіць у топ-15 краін - экспарцёраў трактароў у свеце. Удзельная вага тэхнікі BELARUS у агульнай вытворчасці колавых трактароў у СНД - 75%.
Лінейка беларускіх трактароў - больш за 200 мадэлей і мадыфікацый.
Зараз праходзяць выпрабаванні самы магутны ў краіне энерганасычаны трактар BELARUS-5425 (8-га цягавага класа магутнасцю 542 л.с.).
Цікавы факт
За рулём першага МТЗ-2 быў трактарыст эксперыментальнага цэха былы франтавік М.Вялічкін. Машыну плаўна спусцілі з канвеера, пасля чаго яна зрабіла ганаровы круг каля будынка. МТЗ-2 выпускаўся да 1957 г., усяго было сабрана 43 979 адзінак. Самы першы МТЗ-2 працаваў у калгасе "Бальшавік" Капыльскага раёна да 1971 г.
* Пастанова Савета Міністраў СССР №1142 "Аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода".
Крыніцы: МТЗ, адкрытыя крыніцы.
