Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 жніўня 2019, 10:34

Зніжэнне дзярждоўгу і навацыі для бюджэту - якой будзе праграма кіравання дзяржфінансамі да 2025 года

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Планамернае зніжэнне дзярждоўгу і ўдасканаленне падыходаў пры выдзяленні бюджэтных грошай стануць задачамі дзяржпраграмы "Кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і рэгуляванне фінансавага рынку" на 2019-2020 гады і на перыяд да 2025 года. Праект дзяржпраграмы абмяркоўваўся 20 жніўня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўны пасыл, які стаяў па дзярждоўгу, - каб мы яго не нарошчвалі. Мы прадугледжваем шэраг параметраў, якія будуць накіраваны на яго планамернае зніжэнне. Рэзкага змяншэння дзярждоўгу не плануецца, гэта працэс плаўны", - пракаменціраваў журналістам праект дзяржпраграмы першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.

Чаканы ў 2025 годзе памер дзярждоўгу першы намеснік міністра не назваў, але растлумачыў: "Ідзём на яго зніжэнне. Большым, чым цяпер, да 2025 года дзярждоўг не будзе".

Што датычыцца бюджэтнай палітыкі, то для ўдасканалення расходаў плануецца выдзяленне бюджэтных грошай у адпаведнасці з нарматывамі, якія павінны быць распрацаваны ў кожнай галіне. Паводле ацэнкі Мінфіна, гэта забяспечыць справядлівае і раўнамернае размеркаванне сродкаў.

Адносна параметраў бюджэту Юрый Селіверстаў удакладніў, што на трохгадовы бюджэт у поўным аб'ёме пакуль пераходзіць не будуць. Фінансавая праграма рэспубліканскага бюджэту ўжо фарміруецца на тры гады, у ёй замацаваны пэўныя макрапараметры. "Але дэталізацыі па ўсіх артыкулах бюджэту на трохгадовы перыяд у бліжэйшы час, гэта значыць, да 2025 года, мы не плануем", - дадаў першы намеснік міністра.

Як адзначыў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, асноўная мэта дакумента - "запраграмаваць" бюджэтныя расходы па гадах і пачаць сістэмна вырашаць такія складаныя пытанні, як высокі ўзровень дзярждоўгу, фіскальныя рызыкі ў рабоце рэальнага сектара, нераўнамернасць развіцця рэгіёнаў.

Дакумент у цэлым узгоднены пастаяннай міжведамаснай камісіяй па дзяржаўных праграмах пры Мінэканомікі. У той жа час ёсць некаторыя пытанні, якія дадаткова абмяркоўваюцца ва ўрадзе. Перш за ўсё, гэта пытанні зніжэння даўгавой і падатковай нагрузкі на эканоміку. "Зніжэнне падатковай нагрузкі стымулюе развіццё бізнесу. Але, зыходзячы з матэрыялаў, падатковая нагрузка зафіксавана з 2019 па 2025 год на адным узроўні - не больш за 26 працэнтаў ВУП. Гэта нават вышэй, чым ёсць - 24,7 працэнта. Пры гэтым падатковая нагрузка разлічана без уліку ўзносаў у ФСАН, што фактычна не адлюстроўвае рэальнага стану спраў", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада адзначыў, што ў праекце дзяржпраграмы не праглядаецца скарачэнне аб'ёмаў нявыкананых арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі абавязацельстваў перад бюджэтам і адсутнічаюць мэтавыя паказчыкі росту экспарту і інвестыцый. Акрамя таго, па праекце праграмы ёсць няўлічаныя заўвагі, у асноўным яны звязаны з пытаннямі аказання дзяржаўнай падтрымкі.

Дзяржпраграма будзе ўключаць 8 падпраграм. Асноўныя мэты - забеспячэнне доўгатэрміновай збалансаванасці і ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы, павышэнне якасці кіравання дзяржаўнымі фінансамі, далейшае развіццё рынку каштоўных папер, страхавой і аўдытарскай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі