Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 снежня 2019, 10:22

Узгоднены практычна ўвесь беларуска-расійскі інтэграцыйны пакет - Крутой

24 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Узгоднены практычна ўвесь беларуска-расійскі інтэграцыйны пакет. Аб гэтым 23 снежня на прыёме ў пасольстве Расіі ў Беларусі заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, засталося ўсяго некалькі пытанняў, рашэнне па якіх, як чакаецца, будзе знойдзена ў бліжэйшыя дні. Пры гэтым ён падкрэсліў, што бакі ў першую чаргу вядуць дыялог па эканамічных пытаннях, палітычныя тэмы не стаяць на парадку дня.

"На сённяшні дзень у нас па вялікім рахунку, за выключэннем некалькіх пытанняў, якія, думаю, будуць удакладнены ў бліжэйшыя 2-3 дні, увесь інтэграцыйны пакет узгоднены. І мы падбяром час, каб нашы лідары ва ўрачыстай абстаноўцы яго падпісалі або парафіравалі. Гэта, вядома, дасць абсалютна беспрэцэдэнтны новы імпульс развіццю нашых адносін. У першую чаргу гэта будзе эканоміка", - заявіў Дзмітрый Крутой.

Першы віцэ-прэм'ер канстатаваў, што работа спачатку ішла вельмі марудна, калі яшчэ толькі пачалі рыхтаваць праграму паглыблення інтэграцыі. "Тут няма нічога дзіўнага. Асабліва за апошнія гады, калі Расійская Федэрацыя аказалася ў вельмі складанай сітуацыі і сутыкнулася па сутнасці з беспрэцэдэнтным знешнім націскам, яна была вымушана трансфармаваць сваю эканамічную і фінансавую палітыку. Адсюль і бюджэтная кансалідацыя, увядзенне правіл, падатковы манеўр, палітыка імпартазамяшчэння і іншае, - адзначыў Дзмітрый Крутой. - І нам як бліжэйшым партнёрам здавалася, што гэта шмат у чым накіравана супраць нас. Расійскія калегі з галіновых ведамстваў растлумачылі, што гэта не так. І сёння мы гэта адчуваем".

"Гэтыя ўсе войны, якія ў нас адбываліся - газавыя, нафтавыя, цукровыя, праблемы з доступам трактароў, малака або яшчэ чаго-небудзь - вядома, яны на галіновых нашых рэгулятараў наклалі адбітак пэўнай абсалютна нездаровай канфрантацыі, якая перашкаджала на першым этапе работы. Але калі людзі зразумелі, што гэта ўсур'ёз, гэта спроба выбудаваць на новай аснове эканамічныя адносіны (паступіла з самага верху такое ўказанне), цяпер не трэба баяцца самых прагрэсіўных форм супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, працэс, шчыра кажучы, пайшоў", - заявіў першы віцэ-прэм'ер.

Дзмітрый Крутой павіншаваў пасла і расійскі народ са знамянальнай датай - 20-годдзем падпісання саюзнага дагавора, якое адзначалася 8 снежня. "Гэта найважнейшы гістарычны дакумент, які на гады наперад вызначыў развіццё нашай краіны дакладна і, думаю, Расійскай Федэрацыі, мяркуючы па атмасферы сустрэч, якія адбываліся ў снежні паміж нашымі прэзідэнтамі", - сказаў ён.

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, гучыць вельмі шмат справядлівай і абгрунтаванай крытыкі, што не ўсе палажэнні дакумента ўдалося ажыццявіць, што ён патрабуе сур'ёзнай дапрацоўкі і перапрацоўкі. "Тым не менш усе яго палажэнні абсалютна актуальныя. І справядліва лічыць гэты праект прынамсі самым развітым на постсавецкай прасторы, - лічыць Дзмітрый Крутой. - Нязменным застаўся базіс дакумента - гэта эканоміка. Прэзідэнты 90 працэнтаў свайго часу гавораць толькі аб эканоміцы. За 20 гадоў нават ва ўмовах няспешнай рэалізацыі норм дагавора нашы эканамічныя адносіны вельмі сур'ёзна рушылі наперад. Расія для нас стала паўнацэнным стратэгічным партнёрам і саюзнікам".

Першы віцэ-прэм'ер са шкадаваннем канстатаваў, што многія палітычныя сілы выкарыстоўвалі інтэграцыйную работу, што вялася, у сваіх інтарэсах і часта звязвалі гэта з нейкай палітыкай, якой там не было з самага пачатку і няма цяпер. "Інтэграцыйны саюз грунтуецца на абсалютна роўных адносінах", - падкрэсліў ён.

У сваю чаргу пасол Дзмітрый Мезенцаў прывітаў шматлікіх гасцей і адзначыў асаблівыя адносіны, якія склаліся паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне іх на новым узроўні. "Калі мы гаворым аб саюзнай інтэграцыі, мы перш за ўсё павінны разумець, што гэта робіцца на карысць мільёнаў людзей. І на карысць краін-саюзнікаў, на карысць стабільнасці, міру і бяспекі ў Еўразіі і свеце ў цэлым", - упэўнены ён.

Дыпламат канстатаваў, што гэта зусім натуральна, калі дзве блізкія, братэрскія дзяржавы часам не могуць адразу дамовіцца і спрачаюцца па тых ці іншых пытаннях. "Вельмі ўжо складаная тканіна эканамічных адносін, якія выбудоўваюцца сёння", - сказаў ён.

"Чым мацнейшыя становяцца нашы адносіны з Беларуссю, тым, мне здаецца, больш прывабным будзе тое супрацоўніцтва і партнёрства, якое мы выбудоўваем з бліжэйшымі суседзямі", - падкрэсліў Дзмітрый Мезенцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі