Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 снежня 2019, 16:50

Урад Беларусі разлічвае на паскарэнне сертыфікацыі для паставак мяса і малочкі ў В'етнам

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі разлічвае на паскарэнне сертыфікацыі для паставак мяса, малочнай прадукцыі і птушкі ў В'етнам, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сёння на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу В'етнама Нгуен Тхі Кім Нган, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца гандлёвага супрацоўніцтва, у бягучым годзе мы ўзялі добры тэмп і вельмі важна яго захаваць, наладжваць сустрэчныя пастаўкі тавараў, і мы запрашаем да гэтага нашых в'етнамскіх партнёраў. Мы падтрымліваем сумесныя праекты па пастаўках в'етнамскага каўчуку ў Беларусь і пастаўкі традыцыйнай сельскагаспадарчай прадукцыі на наш рынак. У сувязі з гэтым мы былі б вельмі ўдзячныя за вырашэнне пытання аб хутчэйшай сертыфікацыі беларускіх мяса-малочных і птушкагадоўчых прадпрыемстваў на права паставак сваёй прадукцыі ў В'етнам", - адзначыў Сяргей Румас.

Беларусь таксама гатова нарошчваць пастаўкі ў В'етнам усіх відаў тэхнікі - грузавой, пасажырскай, кар'ернай, сельскагаспадарчай. "Са свайго боку мы гатовы фінансаваць стварэнне сумесных прадпрыемстваў і прапаноўваць новыя эфектыўныя фінансавыя інструменты іх падтрымкі", - дадаў кіраўнік урада.

У кастрычніку 2016 года ўступіла ў сілу пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і В'етнамам. На думку Сяргея Румаса, гэта адкрывае прынцыпова новыя магчымасці для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам.

Беларусь разглядае В'етнам як плацдарм для замацавання на рынку ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі, і для гэтага бакі перайшлі ад простага гандлю да прамысловай кааперацыі. У верасні 2019 года адкрыта сумеснае прадпрыемства "МАЗ-Азія" для выпуску грузавой тэхнікі, спецыяльна распрацаванай для в'етнамскага рынку. "Прычым гэта будуць в'етнамскія аўтамабілі, сабраныя ў В'етнаме. Беларускі ўрад стварыў максімальна камфортныя ўмовы для работы гэтага прадпрыемства, і я прашу вас аказаць падтрымку яму на самым цяжкім, на першым этапе яго станаўлення", - сказаў прэм'ер-міністр.

Аснову тавараабароту дзвюх краін складаюць пастаўкі калійных угнаенняў, і, паводле слоў Сяргея Румаса, Беларусь гатова поўнасцю задаволіць патрэбнасці в'етнамскага рынку і разглядаць супрацоўніцтва на доўгатэрміновай аснове.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам можа быць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы. Сяргей Румас прапанаваў в'етнамскаму боку звярнуць увагу на запатрабаваныя ў многіх краінах свету беларускія распрацоўкі горна-абагачальнага абсталявання. "У нас ёсць перспектывы супрацоўніцтва ў сферах мікрабіялогіі, новых матэрыялаў, медыцыне, фармацэўтыцы. Упэўнены, што В'етнам таксама зацікавяць нашы распрацоўкі беспілотных лятальных комплексаў і тэхналогій ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый", - адзначыў Сяргей Румас.

Беларусь таксама гатова забяспечыць для В'етнама падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі і арганізаваць узаемныя стажыроўкі па тэмах, што цікавяць в'етнамскі бок. Сярод іх энергетыка, мікраэлектроніка, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, медыцынская дыягностыка.

"Абсалютна ўпэўнены, што пры ўзаемнай падтрымцы мы зможам рэалізаваць гэтыя праекты", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі