Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 снежня 2019, 16:00

У чаканні росту даходаў ад тытунёвай прамысловасці дзяржава ўзмоцніць кантроль за абаротам яе прадукцыі - Ермаловіч

10 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У 2020 годзе дзяржава чакае павелічэння даходаў ад тытунёвай прамысловасці і плануе ўзмацніць кантроль за абаротам яе прадукцыі на ўнутраным рынку. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр фінансаў Максім Ермаловіч па выніках нарады ў Прэзідэнта, дзе абмяркоўваліся пытанні павышэння эфектыўнасці работы тытунёвай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У бюджэт на 2020 год закладзены рост даходаў ад тытунёвай прамысловасці. "Гэта павінна суправаджацца не аслабленнем, а ўзмацненнем кантролю за абаротам гэтай прадукцыі на ўнутраным рынку", - сказаў міністр. Ён адзначыў даволі высокую напаўняльнасць бюджэту за кошт тытунёвай галіны. "Мы атрымліваем больш за Br800 млн акцызаў на тытунёвую прадукцыю. Усяго ад гэтай галіны паступае больш за Br1 млрд 200 млн за кошт розных падаткаў і збораў, якія выплачваюць тытунёвыя вытворцы", - прадоўжыў міністр. Улічваючы ёмістасць унутранага рынку, кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача паступовага павелічэння гэтых даходаў.

"Размова ідзе аб тым, каб гэты сектар працаваў выключна пад кантролем дзяржавы, каб у асноўным за кошт айчынных вытворцаў насычаўся ўнутраны рынак тытунёвай прадукцыяй, каб была магчымасць кантраляваць цэны на ўнутраным рынку. Гэта вельмі бюджэтаёмістая галіна, яна прыносіць значныя даходы, - растлумачыў Максім Ермаловіч. - Ад таго, наколькі эфектыўна працуе гэты сектар, наколькі добра сябе адчувае тытунёвая прамысловасць, моцна залежыць бюджэт".

"Мы паэтапна ідзём па шляху павелічэння даходаў бюджэту ад рэалізацыі тытунёвай прадукцыі на ўнутраным рынку. Неабходна прадоўжыць гэту дынаміку, каб бюджэт атрымліваў тыя даходы, якія плануецца: выкараніць ухіленне ад падаткаў, любыя факты нелегальнага абароту, забяспечыць загрузку вытворчых магутнасцей тытунёвых фабрык", - адзначыў міністр. Ён нагадаў, што за напаўняльнасць бюджэту адказвае Міністэрства фінансаў. "Адпаведна, будзе ўзмоцнены кантроль за гэтым сектарам (тытунёвай галіной. - Заўвага БЕЛТА) у наступным годзе", - дадаў ён.

На 2020 год запланавана павышэнне ставак акцызаў на тытунёвую прадукцыю на 15 працэнтаў, што ў сваю чаргу прывядзе да нязначнага павышэння цэн на гэту прадукцыю. "Пры гэтым мы не ствараем якіх-небудзь цэнавых шокаў, не ўзмацняем інфляцыйны націск на эканоміку краіны", - падкрэсліў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі