Сцяг Нядзеля, 22 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 мая 2021, 11:01

У Беларусі плануюць развіваць праекты па выкарыстанні торфапрадукцыі на цэментных заводах

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праекты па выкарыстанні торфу ў якасці паліва пры вытворчасці цэменту плануюць развіваць у Беларусі. Аб гэтым заявіў 3 мая міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з калектывам праектнага навукова-даследчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "НДІ Белдзіпрапалівагаз", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

Віктар Каранкевіч адзначыў, што ў бягучым годзе плануецца павялічыць пастаўкі тарфяной прадукцыі на цэментныя заводы, у прыватнасці тарфакрошкі ў ААТ "Краснасельбудматэрыялы". Сярод прыярытэтных напрамкаў міністр энергетыкі назваў і перавод кацельняў ЖКГ з прыроднага газу на фрэзерны торф. "Добрыя прыклады такіх праектаў у нас ёсць: частка з іх ужо знаходзіцца на завяршальнай стадыі рэалізацыі, частка адпрацоўваецца як перспектыўныя", - сказаў ён.

Віктар Каранкевіч абазначыў тэндэнцыю росту попыту на тарфяную прадукцыю на ўнутраным рынку. "Калі ў 2011 годзе каля 40-45 працэнтаў ад агульнага аб'ёму вытворчасці тарфяной прадукцыі ішло на экспарт, то цяпер гэта прадукцыя ў асноўным запатрабавана ў нас у краіне", - канстатаваў кіраўнік Мінэнерга.

У канцы 2020 года зацверджана праграма комплекснай мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцей на 2021-2025 гады. "Гэта сістэмны дакумент, у якім адлюстравана далейшае развіццё тарфяной прамысловасці і кожнага торфапрадпрыемства, - падкрэсліў міністр. - Прадугледжана мадэрнізацыя абсталявання, укараненне сучасных тэхналогій, прымяненне новых метадаў распрацоўкі тарфяных палёў і здабычы торфу. Гэта рост прадукцыйнасці працы, рост выручкі, магчымасці для пашырэння рынкаў збыту і асартыменту выпускаемай тарфянымі заводамі прадукцыі".

Падчас наведвання прадпрыемства Віктар Каранкевіч прадставіў працоўнаму калектыву новага дырэктара НДІ Белдзіпрапалівагаз - Сяргея Гвоздзя. "Сяргей Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст і адказны кіраўнік, які ўнёс значны ўклад у развіццё сістэмы газазабеспячэння Віцебскай вобласці, займаючыся праектаваннем і будаўніцтвам. Спадзяюся, той вопыт, які ён напрацаваў, будзе карысным на новай пасадзе", - сказаў міністр. Генеральны дырэктар ДВА "Белпалівагаз" член Савета Рэспублікі Аляксей Кушнарэнка дадаў, што Сяргей Гвоздзь паспяхова прайшоў працоўны шлях у газавай гаспадарцы і мае неабходныя веды, каб узначаліць НДІ, які мае стратэгічнае значэнне для галіны.-0-

Фота Міністэрства энергетыкі

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі