21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца нарошчваць аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля за кошт прыцягнення прыватных інвестараў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Цяпер вядзецца работа па актывізацыі будаўніцтва арэнднага жылля за кошт розных крыніц і прыцягненні прыватных забудоўшчыкаў. "Работа арганізавана ў двух напрамках. Гэта ўключэнне пустуючых арэндных жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду і прыватнага жылля фізічных асоб, якія маюць свабодныя кватэры для перадачы ў арэнду па рыначным кошце, і нарошчванне аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля за кошт стварэння эканамічных умоў і стымулявання прыватных інвестараў на ажыццяўленне такога будаўніцтва. Забяспечвацца арэндным жыллём будуць перш за ўсё маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з прадастаўленнем дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе субсідый на частковую кампенсацыю арэндных плацяжоў", - растлумачылі ў прэс-службе.
Як адзначылі ў міністэрстве, каб прыцягнуць прыватных забудоўшчыкаў да будаўніцтва арэнднага жылля, плануецца прадастаўляць ім без аўкцыённых таргоў адразу два зямельныя ўчасткі для будаўніцтва арэнднага жылля і жылога дома на камерцыйных умовах. Пры гэтым зямельныя ўчасткі павінны быць перададзены без абцяжаранняў, гэта значыць без будынкаў пад знос. Будаўніцтва інжынерных сетак для арэнднага дома плануецца ажыццяўляць за кошт дзяржавы, а для камерцыйнага дома будзе кампенсацыя за кошт дзяржавы ў памеры 50 працэнтаў. "Магчыма, будуць прадастаўляцца падатковыя льготы, а менавіта, вызваленне ад падатку на прыбытак часткі валавога прыбытку, што накіроўваецца арганізацыяй на будаўніцтва або набыццё арэнднага жылля. Таксама абмяркоўваецца магчымасць прадастаўлення крэдытаў для будаўніцтва такіх дамоў з больш нізкай працэнтнай стаўкай у выпадку, калі большая частка сродкаў будзе самога забудоўшчыка", - расказалі ў ведамстве.
У Мінбудархітэктуры дадалі, што ўсе гэтыя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца, іх прыняцце будзе залежаць ад пазіцый усіх зацікаўленых бакоў.-0-