Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 снежня 2018, 10:33

У Беларусі пашырылі пералік тых, каго не будуць уключаць у базу даных не занятых у эканоміцы

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пашырылі пералік тых, каго не будуць уключаць у базу даных не занятых у эканоміцы. У прыватнасці, у яго ўвайшлі ўласнікі маёмасці (заснавальнікі, удзельнікі) камерцыйных арганізацый, за выключэннем акцыянерных таварыстваў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2018 года нумар 881, якая афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Таксама да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, не будуць адносіць жонак і мужоў маладых рабочых (служачых), якія пачалі працаваць па размеркаванні (пераразмеркаванні) або накіраванні ў мясцовасці, дзе ў гэты час складана знайсці работу. Не трапяць у базу даных не занятых у эканоміцы людзі, якія знаходзяцца пад дыспансерным наглядам з-за хранічных або зацяжных псіхічных расстройстваў (захворванняў). Гэта не распаўсюджваецца на тых, хто мае сіндром залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў або таксічных рэчываў. Акрамя таго, не занятымі ў эканоміцы не будуць лічыцца жонкі, мужы дыпламатаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Беларусы перадпенсійнага ўзросту таксама не будуць уключацца ў базу. Наконт гэтага ў пастанове Савета Міністраў сказана наступнае: "Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры фарміраванні базы даных за першае паўгоддзе бягучага года выключае з яе грамадзян, якія на 1 студзеня наступнага года дасягнуць агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або будуць з'яўляцца асобамі старэйшымі за гэты ўзрост, за другое паўгоддзе бягучага года - грамадзян, якія на 1 ліпеня наступнага года дасягнуць агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або будуць з'яўляцца асобамі старэйшымі за гэты ўзрост". Не будуць уносіць у базу даных бацькоў, калі дзіцяці споўнілася 7 гадоў у паўгоддзі, за якое яна фарміруецца. Тое ж датычыцца шматдзетных. Калі дзіця дасягнула 18 гадоў, то ў базу даных за гэта паўгоддзе ўсё роўна будзе ўносіцца інфармацыя аб наяўнасці ў грамадзяніна трох і больш непаўналетніх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

У базе даных з'явіцца больш інфармацыі аб грамадзяніне. Цяпер гэта ідэнтыфікацыйны нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пол, грамадзянства, даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (знаходжання), від, серыя і нумар дакумента, які засведчвае асобу. Цяпер у базу будзе абавязкова ўносіцца інфармацыя аб падданстве, ідэнтыфікацыйны нумар і дата нараджэння дзіцяці, дата пазбаўлення і аднаўлення ў бацькоўскіх правах і некаторыя іншыя даныя.

Некаторыя змяненні закрануць дакументы, якія трэба прадастаўляць, каб не быць уключанымі ў базу не занятых у эканоміцы. Так, камісія па садзейнічанні занятасці прыме не толькі арыгіналы, але і копіі. У пастанове прапісана, што дакументы павінны быць на рускай, беларускай мовах. Тыя, што прадстаўляюцца на замежных мовах, павінны быць з афіцыйным перакладам на рускую або беларускую.

Што датычыцца парадку інфармавання грамадзян, якім трэба будзе аплачваць паслугі ЖКГ з пакрыццём затрат, то рабіць гэта будуць праз жыроўкі.

Акрамя таго, у Беларусі створаць адзіную базу даных навучэнцаў. Весці і суправаджаць яе будзе Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Мінадукацыі. Згодна з пастановай міністэрства вызначыць парадак фарміравання і вядзення базы даных. Урад даручыў яму да 1 красавіка інтэграваць яе ў агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі