Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 лютага 2019, 12:32

"Славкалій" пачаў будаўніцтва 11 аб'ектаў Нежынскага ГАКа

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗТАА "Славкалій", якое ўваходзіць у групу "Сафмар", пачало будаўніцтва 11 аб'ектаў Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне, паведамілі БЕЛТА ў кампаніі.

"Гэта аб'екты часовага перыяду: аўтастаянка, агароджа, пляцоўка для захоўвання матэрыялаў, адміністрацыйна-бытавы комплекс, а таксама тыя, якія будуць эксплуатаваць пасля запуску Нежынскага ГАКа ў работу, - рамонтна-тэхнічны, аўтатранспартны і складскі блокі, акрамя таго, будынак другога корпуса будучага рудаўпраўлення", - растлумачылі ў кампаніі.

Падрыхтавана тэрыторыя да забудовы водазаборных збудаванняў і помпавых станцый. Выконваюцца работы па ўкладцы вадавода.

"Славкалій" таксама пачынае чарговы этап будаўніцтва чыгуначнага пуці, па якім будзе арганізавана дастаўка грузаў і калійных угнаенняў, перавозка пасажыраў па маршруце Любань - станцыя "Славкалій". "Бягучыя работы закрануць участак веткі даўжынёй звыш 1 км, якая будзе пралягаць па тэрыторыі ГАКа. Этап рэканструкцыі чыгуначнай станцыі Урэчча, ад якой бярэ пачатак новы чыгуначны пуць, сёння на завяршальнай стадыі", - адзначылі на прадпрыемстве.

Актыўныя будаўнічыя работы на аб'ектах будуць выконвацца ўвесь вясенне-летні перыяд.

Як паведамлялася, у верасні 2015 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў урачыста заклалі капсулу ў азнаменаванне пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва ГАКа запушчана ў 2016 годзе. Рэалізуе праект ЗТАА "Славкалій".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі