ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 19 верасня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +6°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 мая 2021, 16:46

СЭЗ "Віцебск" у 2021 годзе плануе пабудаваць 3 аб'екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры

Фота з архіва
Фота з архіва

31 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. СЭЗ "Віцебск" у 2021 годзе плануе пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю тры важнейшыя аб'екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры коштам амаль Br25,5 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ.

Усе аб'екты ўключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму 2021 года. Яны прадугледжваюць будаўніцтва пад'язных чыгуначных пуцей, а таксама паніжальнай падстанцыі 110/10 кВ з паветранай лініяй электраперадачы 110 кВ у сектары нумар 1 СЭЗ на ўскраіне абласнога цэнтра. Гэта дасць магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць тэрыторыі СЭЗ, нарасціць энергетычную забяспечанасць і палепшыць транспартную даступнасць пляцоўкі пад патрэбнасці дзеючых прадпрыемстваў і для рэалізацыі перспектыўных інвестпраектаў.

Сёння праведзены неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, Міністэрства фінансаў Беларусі адкрыла фінансаванне і па некаторых аб'ектах пачалося ўжо будаўніцтва. Для гэтага заключаны дагаворы з УКБ Віцебскага аблвыканкама на выкананне інжынерных паслуг і з генеральнымі падраднымі арганізацыямі, у тым ліку распрацаваны графікі фінансавання і ўзвядзення аб'ектаў. Акрамя таго, паралельна актуалізуецца праектная дакументацыя па аб'екце "Будаўніцтва магістральных сетак водазабеспячэння другой чаргі асваення СЭЗ "Віцебск". Аб'ект таксама ўключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму з фінансаваннем у 2022 годзе.

Адначасова адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" прапрацоўвае магчымасці павышэння інфраструктурнай забяспечанасці і іншых тэрыторый. У прыватнасці, у 2021 годзе пачалося праектаванне новых аб'ектаў чыгуначнай і энергетычнай інфраструктуры на пляцоўках у Віцебску (сектар нумар 1) і пасёлку Фарынава Полацкага раёна (сектар нумар 14). На гэтыя мэты будзе накіравана больш за Br500 тыс. са сродкаў фонду развіцця СЭЗ, а фінансаванне будаўніцтва аб'ектаў плануецца з рэспубліканскага бюджэту.

Развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры дасць магчымасць актывізаваць новы інвестыцыйны цыкл у СЭЗ "Віцебск" і стане драйверам росту эканомікі ў цэлым Віцебскай вобласці, упэўнены ў адміністрацыі СЭЗ. Так, з улікам планаў па будаўніцтве чыгуначных пуцей заснавальнікі кампаніі ТАА "ВМГ ВудАрт" вырашылі паскорыць узвядзенне вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу па праекце, разлічаным на тры гады, з запускам першага завода па вытворчасці дранкі ўжо ў 2021 годзе. На гэтыя мэты дадаткова выдзелена каля 9 млн еўра. Таксама павысілася інтэнсіўнасць перагавораў з дзвюма буйнымі кампаніямі VidaXL (Нідэрланды) і WoodForce (Швецыя), якія выказваюць інтарэс да праектаў у сферы дрэваапрацоўкі коштам 100 млн еўра кожны з запланаваным стварэннем сумарна да 1 тыс. рабочых месцаў. Такім чынам, прынятае рашэнне аб бюджэтным інвесціраванні ў развіццё інфраструктуры ўжо ў бліжэйшай будучыні канверсуецца ў прыцягнутыя замежныя інвестыцыі, дадатковыя пераважна высокатэхналагічныя рабочыя месцы і падатковыя адлічэнні, падкрэслілі ў адміністрацыі СЭЗ "Віцебск".

Усяго ў СЭЗ "Віцебск" рэалізуецца 56 інвестпраектаў з удзелам інвестараў з 15 краін, у тым ліку Германіі, Чэхіі, Расіі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Кіпра, Іспаніі. СЭЗ "Віцебск" складаецца з 16 сектараў агульнай плошчай амаль 2,8 тыс. га, з якіх восем размешчаны ў Віцебску, пяць у Аршанскім раёне, а таксама па адным у Наваполацку, Паставах і Полацкім раёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі