Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 сакавіка 2019, 15:44

Рост зарплаты і аб'ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі, падрыхтоўка кадраў - як у Беларусі будзе развівацца аграрная галіна

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост аб'ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі і ўзроўню заработнай платы, падрыхтоўка кадраў стануць прыярытэтамі развіцця аграрнай галіны. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Ламакіна, каменціруючы Дырэктыву нумар 6 "Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны", - перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дырэктыва - гэта канцэптуальны дакумент, які вызначае стратэгію развіцця аграпрамысловага комплексу на бліжэйшую перспектыву. У ёй замацаваны ўжо дасягнутыя АПК вынікі. Сёння мы прымаем як належнае адсутнасць праблем з прадуктамі харчавання, шырокі асартымент тавараў у магазінах, нікога не здзіўляе ўзрастаючы экспарт. Харчовая бяспека ў нас забяспечана з 2010 года, а па выніках 2018-га мы паставілі сваю прадукцыю ў 95 краін на суму больш як $5 млрд. Дырэктыва вызначыла асноўныя напрамкі далейшага ўстойлівага развіцця аграрнай вытворчасці і перш за ўсё сельскіх тэрыторый, таму што гэта аснова сацыяльнай стабільнасці грамадства, аснова даходаў сельскага насельніцтва", - сказала Ала Ламакіна.

У якасці аднаго з напрамкаў развіцця аграрнай галіны Дырэктывай нумар 6 замацавана дасягненне эканамічна мэтазгодных аб'ёмаў вытворчасці. Яны вызначаны зыходзячы з прыроднага патэнцыялу, вытворчых магутнасцей і тэхналагічных рэзерваў. Пры выкананні ўстаноўленых Дырэктывай заданняў да канца 2020 года аб'ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 млн т у год, прадукцыі жывёла- і птушкагадоўлі - 1,8 млн т.

Таксама павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40 працэнтаў. "Для вырашэння ўсіх стратэгічных задач неабходна развіццё кадравага патэнцыялу. Таму падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для аграрнай галіны з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў, вызначаных Дырэктывай", - адзначыла намеснік міністра.

Узровень заработнай платы ў галіне да канца 2020 года павінен быць забяспечаны не ніжэйшы за ўзровень, што складваецца ў сярэднім у эканоміцы. "Будзе падрыхтаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы. Пытанне заработнай платы, безумоўна, вянец усяму. Задача па забеспячэнні росту заработнай платы стаіць, будзем яе выконваць", - дадала Ала Ламакіна.

"Дырэктыва вызначыла мэтавыя задачы для кіраўнікоў усіх узроўняў кіравання, пачынаючы ад урада і завяршаючы кіраўнікамі сельгасарганізацый і працоўнымі калектывамі", - падкрэсліла намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі