Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 снежня 2019, 13:48

Развіццё гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Кіраўскай вобласці абмяркуюць 19-20 снежня

16 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне сумеснай рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Кіраўскай вобласці пройдзе 19-20 снежня ў расійскім рэгіёне, паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Аляўціна Саранчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліць старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Як растлумачыла Аляўціна Саранчук, Гомельскі аблвыканкам замацаваны адказным за развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Кіраўскай вобласцю.

"Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных адносін, праблемныя пытанні ўзаемных паставак у частцы машынабудавання, сельскагаспадарчай прадукцыі, шляхі іх вырашэння", - акрэсліла кола тэм начальнік упраўлення. Па выніках сустрэчы бакі падпішуць пратакол, на аснове якога будуць грунтавацца далейшыя ўзаемаадносіны. Таксама да пасяджэння прапрацоўваюцца прадкантрактныя намеры прадпрыемстваў, міжвузаўскія пагадненні.

У час візіту беларускай дэлегацыі плануюцца і сустрэчы дзвюх гандлёва-прамысловых палат (Вяцкай ГПП і Гомельскага аддзялення БелГПП), рыхтуюцца В2В-перагаворы, на якіх прадпрыемствы агучаць свае інтарэсы.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя азнаёміцца з перадавым вопытам работы прамысловых, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Кіраўскай вобласці. Аб міжвузаўскім супрацоўніцтве размова пойдзе ў час тэматычнага круглага стала. Яшчэ адзін круглы стол будзе прысвечаны пытанню стварэння вучэбнага класа для навучання студэнтаў, выкладчыкаў на базе Вяцкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Таксама ў планах і правядзенне рабочай сустрэчы ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама і Цэнтра развіцця турызму Кіраўскай вобласці, турыстычных кампаній.

Як адзначыла Аляўціна Саранчук, знешнегандлёвы абарот Беларусі і Кіраўскай вобласці ў студзені-кастрычніку бягучага года склаў $62,9 млн, тэмп росту - 120 працэнтаў. Пры гэтым на экспартныя пазіцыі прыпадае $11,7 млн, імпарт перасягнуў $51 млн. Прадпрыемствы Гомельскай вобласці за 10 месяцаў у Кіраўскую вобласць экспартавалі тавараў на $2,5 млн.

Асновай экспарту ў названым перыядзе з'яўляюцца пастаўкі металапрадукцыі, пластыкавай упакоўкі, вырабаў з цэменту, бетону, штучнага каменю. Аснову імпарту складаюць хімічныя вырабы, металаканструкцыі, розныя машыны і абсталяванне. "Вядома, прырост тавараабароту ў асноўным за кошт імпарту выклікае занепакоенасць", - сказала начальнік упраўлення.

Яна нагадала, што ў кастрычніку 2018 года на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім аблвыканкамам і ўрадам Кіраўскай вобласці, Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў і Заканадаўчым сходам Кіраўскай вобласці. "Па пагадненнях праходзіць абмен узаемнымі візітамі, работа выбудоўваецца планамерна", - удакладніла Аляўціна Саранчук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі