Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 лютага 2021, 14:18

Прыёмка першага энергаблока БелАЭС у эксплуатацыю плануецца ў красавіку-маі

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыёмка першага энергаблока Беларускай АЭС у эксплуатацыю плануецца ў красавіку-маі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляду) Леанід Дзядуль у прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Прыёмку ў эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС будзе праводзіць прыёмачная камісія. Распараджэннем прэм'ер-міністра будзе зацверджаны склад групы. Але да гэтага на атамнай станцыі будзе праведзена работа па ацэнцы гатоўнасці блока нумар 1 да ўводу ў эксплуатацыю", - сказаў Леанід Дзядуль.

Паводле яго слоў, будзе пракантраляваны стан аб'ектаў і сістэм, гатоўнасць персаналу, разгледжаны дакументы, якія абгрунтоўваюць бяспеку станцыі. Наглядныя органы падрыхтуюць заключэнне, на падставе якога будзе выдадзена ліцэнзія на эксплуатацыю. Усе гэтыя дакументы будуць прад'яўлены прыёмачнай камісіі. "Чаканыя тэрміны прыёмкі - красавік-май", - адзначыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

"Перад тым, як вынесці пытанне аб выдачы ліцэнзіі на калегію МНС, пройдуць грамадскія слуханні. Там будзе даведзена інфармацыя аб тым, якія ў нас падставы разглядаць пытанне аб магчымасці выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС", - дадаў Леанід Дзядуль.

Як паведамлялася, урад Беларусі пастановай ад 3 лютага 2021 года нумар 71 зацвердзіў парадак прыёмкі ў эксплуатацыю пускавых комплексаў блокаў Беларускай атамнай электрастанцыі. Прыёмачная камісія будзе правяраць гатоўнасць пускавога комплексу блока АЭС да бяспечнай эксплуатацыі, ацэньваць якасць будаўнічых, мантажных і пусканаладачных работ і іх адпаведнасць праектнай дакументацыі, патрабаванням нарматыўнай дакументацыі. Таксама камісіі трэба будзе ацаніць адпаведнасць прымаемага блока патрабаванням ядзернай, радыяцыйнай, прамысловай, пажарнай і экалагічнай бяспекі, заканадаўству ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, у сферы энергетыкі і газазабеспячэння, аб ахове працы. Члены прыёмачнай камісіі будуць таксама правяраць адпаведнасць атрыманых фактычных паказчыкаў уводзімых у дзеянне магутнасцей велічыням, прадугледжаным праектнай дакументацыяй, ацэньваць якасць і бяспеку матэрыялаў, канструкцый і вырабаў і інш.

Датай прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу блока АЭС будзе лічыцца дата падпісання членамі прыёмачнай камісіі акта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі