Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 лістапада 2020, 18:13

Першыя сумешчаныя таргі піламатэрыяламі на ўнутраны і знешні рынкі пройдуць на БУТБ 1 снежня

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя сумешчаныя біржавыя таргі па рэалізацыі піламатэрыялаў на ўнутраны рынак і на экспарт пройдуць на Беларускай універсальнай таварнай біржы 1 снежня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"Раней экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі і яе пастаўкі айчынным спажыўцам заўсёды адносіліся да розных гандлёвых сесій. Цяпер беларускія ўдзельнікі таргоў змогуць набываць прызначаныя для экспарту лоты піламатэрыялаў нараўне з замежнымі кампаніямі", - расказаў Раман Яніў.

Для правядзення аб'яднаных сесій у гандлёвую сістэму біржы былі ўнесены змяненні. У прыватнасці, здзелкі на ўнутраным рынку будуць фіксавацца ў беларускіх рублях з улікам дзеючай стаўкі ПДВ, а экспартныя - у валюце заяўкі на продаж, пры гэтым стаўка ПДВ будзе роўная нулю.

На пілотныя таргі выстаўлена звыш 87 тыс. куб.м абразных і неабразных піламатэрыялаў, драўляных загатовак, слупоў і калоў. Заяўкі на куплю паступілі ўжо ад 68 айчынных і замежных кампаній. "Ужо цяпер колькасці зарэгістраваных пакупнікоў цалкам дастаткова, каб забяспечыць прымальны ўзровень канкурэнцыі. Разам з тым пакуль складана сказаць, як менавіта паўплывае аб'яднанне гандлёвых сесій на біржавыя каціроўкі. Праводзячы таргі па новай схеме, біржа стварае прэцэдэнт, і шмат будзе залежаць ад таго, як будуць дзейнічаць удзельнікі рынку", - адзначыў прэс-сакратар.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі