ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 11 мая 2021
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 красавіка 2021, 13:59

Папулярызацыя беларускіх тавараў і кантроль у сферы гандлю - МАРГ аб мерах па абароне ўнутранага рынку

Фота з архіва
Фота з архіва

22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аксана Канстанціновіч расказала сёння журналістам аб мерах, якія прымаюцца ў Беларусі па абароне ўнутранага рынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як праінфармавала Аксана Канстанціновіч, пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы і прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку прайшло 20 красавіка ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. У ім прынялі ўдзел першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў, прадстаўнікі міністэрстваў, канцэрнаў, дзяржаўных камітэтаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. "Сёння з улікам лакдаўну, закрыцця граніц, увядзення забарон на экспарт найбольш запатрабаваных тавараў і сусветнага росту цэн, у тым ліку на прадукты харчавання, задача па абароне ўнутранага рынку мае надзвычай важнае значэнне для эканомікі. Гэта комплексная задача ўсіх дзяржаўных органаў, у кампетэнцыю якіх уваходзяць пытанні, звязаныя з увозам, вытворчасцю і абарачэннем тавараў на рынку. Цяпер рэалізуецца зацверджаны ўрадам комплекс мер па абароне ўнутранага рынку на 2021-2022 гады", - сказала яна.

У час пасяджэння рабочай групы дэталёва абмяркоўваліся меры, што прымаюцца, па скарачэнні імпарту харчовых тавараў, якія вырабляюцца ў Беларусі ў дастатковай колькасці. "Размова ішла аб высокай ступені адкрытасці нашай эканомікі ў рамках развіцця інтэграцыйных працэсаў. У сувязі з гэтым абвастраецца канкурэнцыя паміж таварамі айчынных і замежных вытворцаў. Было адзначана, што прычынай росту імпарту можа з'яўляцца неканкурэнтаздольнасць некаторых беларускіх тавараў перш за ўсё па цане, а ў асобных выпадках і па якасці. Трэба працаваць над зніжэннем сабекошту, павышэннем канкурэнтаздольнасці вытворчасці. Акрамя таго, неабходна больш актыўнае пазіцыянаванне айчыннай прадукцыі яе вытворцамі, а таксама комплексны аналіз рынку для пашырэння тавараў з улікам іх запатрабаванасці і пажаданняў пакупнікоў", - адзначыла намеснік міністра.

На пасяджэнні была адзначана і недастатковая работа гандлёвых арганізацый па папулярызацыі айчыннай прадукцыі на спажывецкім рынку. "Тэндэнцыя зніжэння долі тавараў айчыннай вытворчасці ў агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту захоўваецца на працягу апошніх 10 гадоў. Таму адна з ключавых задач сёння - максімальны рэжым спрыяння для нашых тавараў і вытворцаў унутры краіны", - падкрэсліла Аксана Канстанціновіч.

Яна адзначыла тры асноўныя вектары абароны ўнутранага рынку. Перш за ўсё, гэта асартыментны пералік, які з'яўляецца гарантыяй наяўнасці тавараў у продажы на працягу ўсяго рабочага дня гандлёвага аб'екта. Другі вектар - кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, якія накіраваны на забеспячэнне выканання заканадаўства ў сферах гандлю і цэнаўтварэння. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца на пастаяннай аснове.

Трэці вектар - устанаўленне правіл арганізацыі гандлю, у тым ліку заканадаўчых норм. МАРГ прыняў шэраг нарматыўных прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне рэгулявання гандлю. Таксама міністэрства распрацавала рэкамендацыі па забеспячэнні выканання палажэнняў дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі. "У адпаведнасці з гэтай дактрынай аптымістычны ўзровень забяспечанасці ўнутранага рынку харчовымі таварамі айчыннай вытворчасці складае 80-85 працэнтаў. У апошнія гады ў Беларусі гэты паказчык перавышаў 77 працэнтаў. Рэкамендацыі па рэалізацыі дактрыны, у прыватнасці, прадугледжваюць прыярытэтнае выкладанне беларускіх тавараў у гандлёвых залах магазінаў, іх візуальнае абазначэнне для пакупнікоў. У гэтым годзе мы распаўсюдзілі рэкамендацыі і на інтэрнэт-магазіны: прапануецца абазначаць беларускія тавары на сайце значком герба або элементам арнаменту", - праінфармавала намеснік міністра.

"Дасягненне вынікаў па абароне ўнутранага рынку магчыма толькі на ўмовах узаемавыгаднага супрацоўніцтва вытворцаў і суб'ектаў гандлю, узаемнай зацікаўленасці ў пашырэнні айчыннай прадукцыі. Тут асноўная задача МАРГ - захаваць устойлівы баланс паміж попытам і прапанаваннем на спажывецкім рынку", - рэзюмавала Аксана Канстанціновіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі