Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 лютага 2024, 17:38

Новыя дагаворы аб супрацоўніцтве заключыць Брэсцкая вобласць на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана

Фота з архіва
Фота з архіва
6 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі Брэсцкай вобласці на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана заключаць новыя дагаворы аб супрацоўніцтве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Брэсцкага аблвыканкама.

"Брэсцкі аблвыканкам падрыхтаваў праекты планаў мерапрыемстваў на 2024-2025 гады па рэалізацыі міжрэгіянальных пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Сырдар'інскай і Бухарскай абласцямі. Іх падпісанне запланавана ў час II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. У рамках візіту плануецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкай абласной клінічнай бальніцай і Бухарскім абласным шматпрофільным медыцынскім цэнтрам, а таксама пратакола аб намерах паміж гарадамі Брэст і Бухара", - праінфармавалі ў Брэсцкім аблвыканкаме.

У склад дэлегацыі Брэсцкай вобласці, якую на Форуме ўзначальвае намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, увайшлі прадстаўнікі ўлады, сферы аховы здароўя, бізнес-колаў. Прыярытэтамі для супрацоўніцтва з узбекскімі партнёрамі вызначаны вытворчасць тэкстыльнай прадукцыі, дарожная гаспадарка, вытворчасць цэглы, керамічных камянёў і блокаў. Бакі маюць намер абмеркаваць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, арганізацыі ўзаемных паставак прадуктаў харчавання. У прыватнасці, брастаўчане зацікаўлены ў закупках арахісу, разынак, кампотных сумесей, курагі, чарнасліву, спецый.

Дэлегацыя Брэсцкай вобласці 8 лютага плануе наведаць Бухарскую вобласць. У праграме - сустрэчы з кіраўнікамі гэтага ўзбекскага рэгіёна і горада Бухара, абмеркаванне пытанняў актывізацыі супрацоўніцтва па розных напрамках.

Варта сказаць, што супрацоўніцтва з Узбекістанам з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў для развіцця знешнеэканамічных сувязей Брэстчыны. Па выніках 2023 года адзначаецца рост тавараабароту, павялічыліся аб'ёмы экспарту.

"Прадпрыемствы Брэсцкай вобласці не толькі пастаўляюць сваю прадукцыю ва Узбекістан і імпартуюць узбекскія тавары, але і з'яўляюцца інвестарамі. Так, кобрынскае "Палессе", якое спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячых цацак, інвесціравала ў будаўніцтва аналагічнага завода ў Ташкенце, - прывялі адзін з прыкладаў у камітэце эканомікі Брэсцкага аблвыканкама. - Развіццю міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння садзейнічаюць заключаныя на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пагадненні паміж Брэсцкім аблвыканкамам і хакіміятамі Бухарскай і Сырдар'інскай абласцей аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі