Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 снежня 2022, 15:06

"Новая старонка ў еўразійскай інтэграцыі". Лідары ЕАЭС вызначыліся з прамысловай кааперацыяй

9 снежня, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку прынялі рашэнне аб фінансаванні прамысловай кааперацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнікі дзяржаў у час саміту абмеркавалі крыніцы і механізмы фінансавання прамысловых кааперацыйных праектаў у ЕАЭС. Было вырашана надзяліць Еўразійскую эканамічную камісію новымі паўнамоцтвамі па рабоце з праектамі і аказанні ім фінансавай дапамогі. Прадугледжваецца, што 10 працэнтаў ад антыдэмпінгавых і іншых кампенсацыйных пошлін будуць накіроўвацца на субсідзіраванне працэнтнай стаўкі па крэдытах для рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў, якія атрыманы пад нашы сумесныя праекты.

"Мы заклалі аснову для фінансавання прамысловай кааперацыі, даручылі распрацаваць адпаведныя акты", - сказаў па выніках саміту Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў.

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч у сваю чаргу назваў гэта рашэнне "новай старонкай у еўразійскай інтэграцыі". Паводле яго слоў, ужо адабрана больш за паўтары сотні праектаў у 25 высокатэхналагічных галінах.

У час саміту кіраўнікі дзяржаў таксама зацвердзілі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці на 2023 год, прынялі рашэнне аб стварэнні Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў краін ЕАЭС у сферы энергетыкі.

На пасяджэнні таксама быў дадзены старт перагаворнаму працэсу па заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і ААЭ. Як растлумачыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, гэта выгаднае рашэнне і для ўсяго саюза, і для двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. "Мы плануем, што тавараабарот (Беларусі і ААЭ. - Заўвага БЕЛТА) павялічым прыкладна на 14 мільёнаў долараў (экспартны складнік) - на 17 працэнтаў", - сказаў ён.

Краіны ЕАЭС таксама маюць намер развіваць супрацоўніцтва з іншымі рэгіянальнымі аб'яднаннямі: ШАС, БРІКС, АСЕАН. "Там, дзе нас чакаюць, дзе да нас ставяцца дружалюбна, мы нацэлены на жывую, канкрэтную работу, каб прапаноўваць наш сумесны прадукт, выпушчаны ў Еўразійскім эканамічным саюзе", - заявіў Ігар Петрышэнка.

На саміце ў Бішкеку кіраўнікі дзяржаў таксама ўзгаднілі бюджэт Еўразійскага эканамічнага саюза на 2023 год. Ён складзе больш за 8,7 млрд расійскіх рублёў і будзе прыкладна на 10 працэнтаў вышэйшы, чым у 2022 годзе. "Гэтыя грошы накіраваны на тое, каб развіваць і лічбавізацыю, і ўсе астатнія праекты", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Што датычыцца ўстаранення перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС, Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што неабходна прыняць меры для павелічэння скорасці руху тавараў, урэгулявання тэхнічных і падатковых пытанняў. Работа па ўстараненні існуючых бар'ераў стала адным з цэнтральных пытанняў на саміце ў Бішкеку.

"Гэта пытанне знаходзіцца ў полі зроку і кіраўнікоў урадаў. Кропкава па кожным з напрамкаў ёсць рух па зняцці гэтых бар'ераў. Мы і ў далейшым будзем адпрацоўваць механізмы, каб гэтыя бар'еры не дапускаць, - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. - Ключавы аспект тут - гэта роўныя падыходы да галоўных элементаў: адзіны рынак газу, адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў і адзіны электраэнергетычны рынак. Як толькі мы выпрацуем адзіныя падыходы ў базісе, тады ўсе астатнія аспекты адпадуць самі сабой, паколькі для ўсіх суб'ектаў будуць роўныя канкурэнтныя ўмовы незалежна ад іх знаходжання на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі