Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 жніўня 2016, 15:43

Мясніковіч лічыць мэтазгодным увесці ахоўныя меры для вытворцаў дываноў

4 жніўня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Айчынныя вытворцы дываноў маюць патрэбу ў пэўных ахоўных мерах. Такое меркаванне выказаў сёння пры наведванні ААТ "Дываны Брэста" ўпаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі моцную канкурэнцыю на рынку дываноў Еўразійскага эканамічнага саюза ствараюць трэція краіны, не члены ЕАЭС. Таму я лічу, што трэба было б ураду ўвесці пэўныя ахоўныя меры адносна айчынных вытворцаў дываноў, каб павялічыць працэнт беларускай дывановай прадукцыі на ўнутраным рынку, на рынку ЕАЭС. Нормы дагавора даюць магчымасць гэта зрабіць. Проста гэтым трэба займацца больш актыўна", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Сітуацыя ў ААТ "Дываны Брэста" няпростая, але пэўная пазітыўная дынаміка ёсць. Прадпрыемства знаходзіцца ў стане санацыі, што дало магчымасць палепшыць яго эканоміку. Паводле слоў антыкрызіснага кіраўніка Віктара Марынічава, камбінат забяспечаны заказамі. Асноўная вытворчасць - ткацкі цэх - працуе круглыя суткі. За першае паўгоддзе тут выраблена 481 тыс. кв.м дываноў (за аналагічны перыяд 2015-га - 232 тыс. кв.м), прададзена 438 тыс. кв.м дывановых вырабаў (за гэты ж перыяд мінулага года - 265 тыс. кв.м).

Пры гэтым, нягледзячы на рэструктурызацыю запазычанасці банкамі, абаротных сродкаў прадпрыемству па-ранейшаму не хапае. Таксама існуе шмат разнастайных непрадукцыйных выдаткаў, устараніўшы якія можна было б палепшыць эканоміку прадпрыемства за кошт зніжэння сабекошту. У прыватнасці, больш як 40 тыс. кв.м вытворчых плошчаў ААТ не выкарыстоўваецца, але яны прадаўжаюць быць на балансе. Міхаіл Мясніковіч даручыў кіраўніцтву горада актыўней заняцца вырашэннем гэтага пытання.

"Прадпрыемства павялічвае аб'ёмы вытворчасці. Калі гэты трэнд будзе захоўвацца, то з пэўнай доляй упэўненасці можна меркаваць, што да канца санкцыйнага перыяду, а гэта восень 2019 года, прадпрыемства стане на ногі. Безумоўна, трэба абнаўляць асартымент. На ўнутраным рынку вырабы брэсцкіх дываншчыкаў займаюць амаль 20 працэнтаў. Калі будзе канкурэнтаздольная прадукцыя па цане, якасці, дызайне, доля айчынных дываноў на ўнутраным рынку павялічыцца. Акрамя таго, можна будзе актыўна працаваць на рынку ЕАЭС", - адзначыў кіраўнік Савета Рэспублікі.

Сёння Міхаіл Мясніковіч робіць рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. У праграме - наведванне Брэсцкага электралямпавага завода, Маларыцкага кансервава-агароднінасушыльнага камбіната, ПУП "Савушкіна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі