Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 ліпеня 2017, 12:02

Мясніковіч адзначае рэзультатыўнасць мадэрнізацыі Баранавіцкага ВБА

20 ліпеня, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. Праект мадэрнізацыі ААТ "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне" дае добрыя вынікі. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час наведвання прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект мадэрнізацыі аб'яднання даволі эфектыўны, вынікі добрыя. У мінулым годзе тэмп росту па аб'ёмах вытворчасці і продажаў быў каля 125 працэнтаў, экспарт вырас больш як на 30 працэнтаў. За першае паўгоддзе 2017-га аб'ёмы прыраслі яшчэ на 30 працэнтаў, экспарт - у 1,6 раза да такога ж перыяду 2016 года. Гэта сведчыць аб тым, што прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. У асноўным за кошт новай прадукцыі - гэта саціны, жакардавыя тканіны, шмат вырабляецца сумесевых тканін", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Перад БВБА стаіць заданне выйсці на вытворчасць касцюмных і кашульных тканін.

Старшыня Савета Рэспублікі правёў нараду, на якой разглядаліся пытанні фінансавага стану Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання ў 2018 і 2019 гадах. За гэтыя два гады БВБА трэба будзе разлічыцца з выдзеленымі пад мадэрнізацыю крэдытамі. "Гэта асноўныя пікавыя выплаты. Усяго на мадэрнізацыю БВБА было ўкладзена каля 20 млн еўра па ўказе, яшчэ каля 10 млн еўра прадпрыемства прыцягнула самастойна. Сёння разам з кіраўніцтвам канцэрна "Беллегпрам" і асноўнымі банкамі-крэдыторамі разглядаем пытанне, каб прадпрыемства магло добра працаваць за кошт збалансаваных фінансавых патокаў і своечасова разлічыцца, рэструктурызаваўшы крэдыты. Хутчэй за ўсё, будзем прасіць Прэзідэнта дапамагчы прайсці гэтыя складаныя два гады, на якія прыпадае асноўны пік выплат", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

БВБА выйшла на ўстойлівы эканамічны ўзровень. У прыватнасці, каля трэці прадукцыі аб'ёмаў 2018 года ўжо закантрактаваны. Спыняцца на дасягнутым на прадпрыемстве не збіраюцца. У планах - нарошчванне аб'ёмаў швейнай вытворчасці. Цяпер яе доля складае 35 працэнтаў. "Тут павінна быць дапамога і з боку мясцовых улад, таму што забяспечанасць швачкамі недастатковая. У Баранавічах ёсць свой каледж, трэба рыхтаваць швачак і тэхнолагаў па швейнай вытворчасці, каб павялічыць гэтыя аб'ёмы", - рэзюмаваў старшыня Савета Рэспублікі.-0-

Фота Кацярыны Гараевай.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі