Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2024, 12:50

Мінпрам разлічвае на хуткае з’яўленне праектаў па новай праграме фінансавання прамкааперацыі ў ЕАЭС 

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці Беларусі разлічвае, што першыя праекты для фінансавання прамысловай кааперацыі ў рамках ЕАЭС з’явяцца ўжо ў хуткім часе. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў у Мінску ў час прэзентацыі новага механізма фінансавання, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.

Мерапрыемства праходзіць на пляцоўцы Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода з удзелам прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, зацікаўленых у развіцці кааперацыйнага супрацоўніцтва з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, фінансавых арганізацый, галіновых аб’яднанняў, Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі.

Адзначыўшы эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы ў частцы фінансавання інтэграцыйных праектаў (за сродкі расійскага дзяржкрэдыту зацверджаны пашпарты па 24 праектах), Аляксандр Агароднікаў выказаў упэўненасць у тым, што ў хуткім часе з’явяцца і першыя праекты з выкарыстаннем новага механізма фінансавання прамкааперацыі ў рамках ЕАЭС.

Генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "Белаўтамаз" Валерый Іванковіч выказаў меркаванне, што ўдзельнікам мерапрыемства будзе цікава даведацца і абмеркаваць дэталі рэалізацыі гэтага новага механізма фінансавання.

Артак Камалян – міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі, адказны за распрацоўку і ўкараненне новага механізма, падрабязна расказаў аб тым, як будзе рэалізоўвацца праграма падтрымкі шматбаковых праектаў. Удзельнікі прэзентацыі даведаліся, якім крытэрыям павінен адпавядаць кааперацыйны праект для атрымання фінансавай падтрымкі, якія патрабаванні ўстаноўлены для пазычальніка і фінансавых арганізацый, якія галіны рэальнага скектара з’яўляюцца прыярытэтнымі для аказання падтрымкі.

Палажэнне аб адборы сумесных кааперацыйных праектаў у галінах прамысловасці і аказанні фінансавага садзейнічання пры іх рэалізацыі дзяржавамі – членамі ЕАЭС зацвердзіў Еўразійскі міжурадавы савет 26 кастрычніка 2023 года.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі