Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 чэрвеня 2021, 15:09

Мінэканомікі пракаменціравала ўказ аб развіцці "Вялікага каменя"

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна пракаменціравала сёння на прэс-канферэнцыі ўказ нумар 215 ад 11 чэрвеня 2021 года, які ўдасканальвае прававое рэгуляванне ў мэтах палепшыць інвестыцыйны клімат у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Індустрыяльны парк "Вялікі камень" - адзін з самых значных праектаў Беларусі. На сёння гэта маштабны сучасны інвестыцыйны горад, які развіваецца і нарошчвае свае абароты ў частцы прыцягнення інвестыцый і новых рэзідэнтаў. Некалі мы стваралі гэты праект у рамках канцэпцыі Шаўковага шляху, цяпер жа ён з'яўляецца асноўнай платформай эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін - Беларусі і КНР", - сказала Анжаліка Нікіціна.

Паводле яе слоў, праект пастаянна на кантролі як кіраўніка дзяржавы, так і ўрада. "Да ўказа нумар 215 было прынята яшчэ тры ўказы па развіцці індустрыяльнага парка. Асноўная іх задача была стварыць умовы для прыцягнення інвестараў, інвестыцый. Нам гэта ўдавалася ў рамках папярэдніх дакументаў. Указам жа нумар 215 мы ўдасканалілі структуру самога падыходу да льгот парка, а таксама тыя механізмы, якія мы адпрацавалі сумесна з нашымі кітайскімі партнёрамі на ўзроўні рабочай групы, створанай паміж Міністэрствам эканомікі Беларусі і нашымі калегамі з Мінкамерцыі Кітая. Акрамя таго, праект абмяркоўваўся на дзелавых пляцоўках сярод рэзідэнтаў індустрыяльнага парка, кітайскіх бізнесменаў і партнёраў", - растлумачыла намеснік міністра.

Калі гаварыць аб асноўных напрамках, Анжаліка Нікіціна адзначыла: указам нумар 215 у першую чаргу пашыраны напрамкі дзейнасці рэзідэнтаў індустрыяльнага парка. Будзе рабіцца акцэнт на медыцынскім напрамку, біятэхналогіях, вытворчасці медабсталявання, медпрадукцыі, паслугах па прыцягненні інтэлектуальнай уласнасці, 5G-тэхналогіях, беспілотным аўтамабілебудаванні і іншых сумежных напрамках і галінах.

Таксама зроблена стаўка на прыцягненне аб'ёмных інвестыцый. "Сёння рэзідэнты парка - гэта сярэднія арганізацыі з колькасцю каля 90 чалавек, з аб'ёмам інвестыцый амаль $20 млн і з экспартам прыкладна $15 млн. Таксама мы зрабілі стаўку на вялікія арганізацыі. Для ўсіх рэзідэнтаў, якія зарэгіструюцца з аб'ёмам інвестыцый $50 млн і больш, у нас прадугледжаны дадатковыя льготы. Павялічваецца льготны рэжым па падатку на дывідэнды, спрашчаюцца пэўныя мытныя працэдуры. Для рэзідэнтаў, якія набываюць ва ўласнасць зямельныя ўчасткі на тэрыторыі парка, кошт кадастравай ацэнкі на гэтыя ўчасткі будзе зніжаны на 25 працэнтаў", - падкрэсліла яна.

Адзін з асноватворных момантаў - кластарная ініцыятыва. "Паводле ўказа, калі кампанія ў любым рэгіёне краіны, горадзе абласнога падпарадкавання займаецца вытворчасцю прадукцыі сумесна з рэзідэнтамі парка, то такім чынам iльготы распаўсюджваюцца i на названае прадпрыемства. Гэта вельмі важна, асабліва для развіцця рэгіёнаў. Тут мы зможам сумясціць кітайскі капітал з беларускім вопытам і нашымі тэхналогіямі і выпускаць новы імпартазамяшчальны прадукт на рэгіянальным узроўні. Асноўная задача Міністэрства эканомікі і ўрада зрабіць умовы для рэзідэнтаў асаблівай зоны індустрыяльнага парка "Вялікі камень" найбольш выгаднымі сярод нашых суседзяў, каб прыцягваць інвестара. Мы павінны паказаць нашаму стратэгічнаму партнёру Кітаю, што Беларусь можа быць эканамічна эфектыўнай платформай для развіцця Шаўковага шляху", - канстатавала намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі