Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 кастрычніка 2019, 13:35

Механізм суфінансавання падрыхтоўкі кіраўнікоў па праграмах МВА распрацуюць у Беларусі

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Механізм суфінансавання падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў па праграмах МВА (ЕМВА, mini-МВА) з трох крыніц распрацуюць у Беларусі. Адпаведная ініцыятыва Міністэрства эканомікі падтрымана ўдзельнікамі чарговага пасяджэння Рэспубліканскага савета па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

На гэтыя мэты прапануецца накіроўваць сродкі навучэнцаў, арганізацый і рэспубліканскага бюджэту. Прадугледжваецца стварэнне рабочай групы пад эгідай Мінэканомікі з удзелам усіх зацікаўленых.

Таксама на пасяджэнні адобраны праект прафесійнага стандарту на від працоўнай дзейнасці "Кіраванне камерцыйнай арганізацыяй", да 25 кастрычніка дакумент рэкамендавана накіраваць на зацвярджэнне ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Вырашана вярнуцца і да падрыхтоўкі асобнай падпраграмы (раздзела), прысвечанай бізнес-адукацыі, у праграмным дакуменце па развіцці сістэмы адукацыі ў Беларусі на 2021-2025 гады. Намечаны алгарытм канкрэтных дзеянняў па прыцягненні ў сферу міжнароднай тэхнічнай дапамогі і знешніх фінансавых рэсурсаў на сярэднетэрміновую перспектыву.

Акрамя таго, рэспубліканскі савет падтрымаў ініцыятыву Інстытута бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аб перайменаванні спецыяльнасці перападрыхтоўкі "Дзелавое адміністраванне" ў "Бізнес-адміністраванне". Міністэрству адукацыі прапанавана правесці нараду па змесце абноўленай адукацыйнай праграмы.

Пасяджэнне прайшло пад старшынствам міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога і міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч. У ім прынялі ўдзел міністр фінансаў Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч, больш за 30 прадстаўнікоў адукацыйнай сферы і бізнес-супольнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі