Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 мая 2019, 14:22

Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС даручылі прадоўжыць распрацоўку справядлівага падыходу па нарматывах размеркавання ўвазных мытных пошлін

29 мая, Нур-Султан /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС даручылі прадоўжыць распрацоўку справядлівага падыходу па нарматывах размеркавання ўвазных мытных пошлін. Аб гэтым сёння заявіў па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета старшыня калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

"У рамках вузкага пасяджэння мы прайшліся па ўсім парадку дня і прынялі рашэнне па пытаннях. Па пятым пытанні нам дадзена даручэнне прадоўжыць распрацоўку справядлівага падыходу па каэфіцыенце расшчаплення. І мы гэта пытанне вынесем на абмеркаванне чарговага пасяджэння савета, а таксама на пасяджэнне міжурадавага савета. Па астатніх пытаннях дасягнуты пагадненні", - сказаў Тыгран Саркісян.

Як паведамлялася БЕЛТА, Беларусь разлічвае на змяненне нарматываў размеркавання ўвазных мытных пошлін у ЕАЭС з 2020 года, што адпавядала б эканамічным інтарэсам краіны. У сакавіку ў інтэрв'ю газеце "Звязда" намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка паведаміў, што па ўсіх варыянтах папярэдніх разлікаў нарматывы размеркавання для Беларусі павінны быць павышаны на 0,65-1,36 працэнтнага пункта.

Прапанову замацаваць дзеючыя нарматывы на пастаяннай аснове Беларусь не падтрымлівае, аргументуючы тым, што эканамічная сітуацыя ў свеце дынамічная і дзяржавы павінны мець магчымасць рэгулярна пераглядаць памеры ўвазных мытных пошлін. Напрыклад, агучвалася прапанова пераразлічваць іх раз у тры гады.

Беларусь хоча пералічыць нарматывы па некалькіх прычынах. Яны звязаны з уступленнем Расіі і Казахстана ў СГА, зніжэннем агульнай стаўкі адзінага мытнага тарыфу, наяўнасцю і з'яўленнем новых выключэнняў, пераарыентацыяй і ростам імпарту. Для краіны важна вырашыць гэту праблему, таму што ёй неабходна мінімізаваць свае страты ад адмоўнага сальда ва ўзаемных разліках па пошлінах. Калі ў 2015 годзе яно складала $44,7 млн, то ў 2018-м - ужо $80 млн.

Пры гэтым Беларусь задавольвае існуючая схема размеркавання сум увазных пошлін паміж бюджэтамі дзяржаў - членаў ЕАЭС. Краіны спаганяюць мытныя пошліны пры ўвозе тавараў на сваю тэрыторыю, а затым размяркоўваюць іх па ўстаноўленых нарматывах паміж бюджэтамі. Беларускі бок не задавольвае менавіта сума залічэння ў бюджэт (паступаючых ад іншых дзяржаў-членаў) увазных мытных пошлін, якая ў сваю чаргу залежыць ад памеру нарматыву размеркавання, устаноўленага для Беларусі. Увазныя мытныя пошліны паміж бюджэтамі дзяржаў - членаў спачатку Мытнага саюза, а затым Еўразійскага эканамічнага саюза размяркоўваюцца з 2010 года. З пачатку функцыянавання ЕАЭС (2015 год) сальда разлікаў для Беларусі стала адмоўным, што неаднаразова даводзілася да Еўразійскай эканамічнай камісіі з прапановай правесці пераразлік дзеючых нарматываў размеркавання. Цяпер нарматывы размеркавання пошлін выглядаюць так: Арменія - 1,22 працэнта, Беларусь - 4,56 працэнта, Казахстан - 7,055 працэнта, Кыргызстан - 1,9 працэнта, Расія - 85,265 працэнта.

Пры далучэнні Кыргызстана да ЕАЭС з-за адсутнасці неабходнай статыстычнай інфармацыі нарматывы размеркавання ўвазной мытнай пошліны былі ўстаноўлены часова - да жніўня 2018 года. Аднак да гэтага тэрміну ўпаўнаважаныя органы краін не змаглі дасягнуць дамоўленасці, якія нарматывы павінны быць, у сувязі з тым што па-ранейшаму адсутнічалі статыстычныя даныя па Кыргызстану. Таму лідары краін дамовіліся прадоўжыць устаноўленыя нарматывы да 31 снежня 2019 года. Такім чынам, пытанне патрабуе аператыўнага вырашэння. Аднак і на праведзеным 30 красавіка ў Ерэване пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета бакі не змаглі выпрацаваць узаемапрымальнага рашэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі