Сцяг Пятніца, 29 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 мая 2026, 09:54

Як у Беларусі з дапамогай "лічбы" ацэньваюць турпаток, расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме

Фота з архіва
Фота з архіва
28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як у Беларусі з дапамогай лічбавых тэхналогій ацэньваюць турыстычны паток, расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі на панэльнай дыскусіі "Сучасныя лічбавыя рашэнні ў сферы турызму: вопыт краін ЕАЭС" V Еўразійскага эканамічнага форуму (ЕЭФ-2026) у Астане (Казахстан), паведамляе БЕЛТА.

Дзякуючы аналітыцы Big Data можна аператыўна адсочваць траты падарожнікаў. "Для нас як рэгулятара гэта мікраскоп, які дае магчымасць убачыць рэальныя патокі людзей, грошай і інтарэсаў там, дзе традыцыйная статыстыка фактычна бяссільная. Для эфектыўнага рэгулявання неабходна аб'яднаць тры патокі даных у адзіную аналітычную экасістэму. Гэта, перш за ўсё, даныя мабільных аператараў. Яны даюць шмат у чым больш аб'ектыўны, праўдзівы аб'ём турпатоку. Бачым не толькі тых, хто засяліўся ў гасцініцы, але і тых турыстаў, якія проста прыехалі, каб наведаць тую ці іншую лакацыю, што крытычна важна для ацэнкі нагрузкі на дарогі, малыя гарады, экалогію", - адзначыў Кірыл Машарскі.

Зразумець, дзе госці пакідаюць грошы, дае магчымасць аналіз банкаўскіх транзакцый. Калі ў раёне высокі турыстычны паток, але нізкія траты ў сістэме грамадскага харчавання, то гэта прамы сігнал для органаў кіравання: рэгіёну не хапае кафэ, сувенірных крам і іншых сэрвісаў.

Яшчэ адзін напрамак - вывучэнне пошукавых запытаў і браніраванняў, што дае магчымасць прадказаць попыт за два-тры месяцы да пачатку сезона і скарэкціраваць работу транспарту, музеяў. Кірыл Машарскі звярнуў увагу, што некаторыя вынікі аказаліся нечаканымі. Напрыклад, у Беларусі на адным з турыстычных парталаў самым папулярным запытам 2025 года аказаўся самы вялікі падвесны мост, які адкрыўся пасля рэканструкцыі.

"Адна з галоўных задач рэгулятара - якаснае размеркаванне інвестыцый, і Big Data дае нам інструмент для яе вырашэння. Калі даныя паказваюць, што тысячы людзей штогод прыязджаюць да адной закінутай сядзібы або прыроднай крыніцы, да прыродаахоўнай тэрыторыі, дзе няма ніякай інфраструктуры, менавіта туды павінен прыйсці дзяржаўны інвестар або бізнес", - расказаў Кірыл Машарскі.

Таксама, паводле яго слоў, Big Data дапамагае ў ацэнцы падзейнага турызму, што актуальна для ўсіх краін-членаў ЕАЭС. "Неабходна вучыцца эфектыўна праводзіць падзейныя мерапрыемствы, зарабляць на гэтым. Кіраванне галіной яшчэ і кіраванне іміджам краіны. Інструменты Big Data даюць магчымасць адысці ад дарагой і неэфектыўнай рэкламы", - звярнуў ён увагу.

Аналіз звестак важны і для вызначэння катэгорый турыстаў, напрыклад, жыхары якіх рэгіёнаў Расіі часцей за ўсё едуць у Беларусь, маніторынгу водзываў, разумення болевых кропак сэрвісу. На думку дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме, Big Data - неабходнасць сённяшняга дня, чыя актуальнасць толькі ўзрастае.

"Вялікія даныя даюць магчымасць прымаць рашэнні не навобмацак, а на аснове вывераных фактаў, будаваць атэлі або сродкі размяшчэння, глэмпінгі, дамы A-frame, дзе сапраўды неабходна, дзе ёсць мэтазгоднасць, развіваць маршруты, інфраструктуру, камунікацыі, якія будуць запатрабаваны", - сказаў Кірыл Машарскі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі