Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 кастрычніка 2014, 11:46

"Гомсельмаш" вывучае магчымасці пастаўкі ў Сібір ільноўборачных камбайнаў

23 кастрычніка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. ВА "Гомсельмаш" вывучае магчымасці пастаўкі ў Сібір сваіх мадэрнізаваных ільноўборачных камбайнаў. Аб гэтым паведаміў журналістам у Новасібірску дырэктар гандлёвага дома "Гомсельмаш - Сібір" Уладзімір Галоўчанка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Самаходныя льноўборачныя камбайны прадпрыемства нядаўна прайшлі пэўную мадэрнізацыю (быў удасканалены тэхналагічны працэс - механізм цераблення, вычаскі і рассцілання), гэтым летам тэхніка была выпрабавана ў адной з гаспадарак Кіраўскага раёна. "Мы атрымалі заданне ад завода па вывучэнні рынку Сібіры. Думаю, за зіму мы гэта пытанне вывучым", - сказаў кіраўнік гандлёвага дома.

Паводле яго слоў, сярод сібірскіх рэгіёнаў, куды ў першую чаргу магла б пастаўляцца гэта тэхніка, Новасібірская і Омская вобласці.

Гандлёвы дом "Гомсельмаш - Сібір" быў створаны ў 2007 годзе. За гэты час у рэгіёны Расіі (ад Цюмені да Чыты) пастаўлена больш як 2 тыс. 800 самаходных машын пад маркай "Палессе". У Новасібірску гандлёвы дом прымаў удзел у Нацыянальнай выстаўцы Рэспублікі Беларусь. У час работы выстаўкі гандлёвы дом прадаў новы для Сібіры камбайн. Як адзначыў Уладзімір Галоўчанка, гэта машына малой магутнасці зроблена спецыяльна для невялікіх мясцовых фермерскіх гаспадарак (КЗС-5).

ААТ "Гомсельмаш", чыя гісторыя пачынаецца з 1930 года, цяпер з'яўляецца шматпрофільным вытворцам, які выпускае пад брэндам "Палессе" мадэльныя рады збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Тэхніка "Палессе" налічвае 9 тыпаў сельгасмашын, 23 базавыя мадэлі, 26 мадыфікацый, 48 адаптараў і прыстасаванняў для ўборкі розных культур. Яна працуе ў Расіі, Украіне, Казахстане, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Балгарыі, краінах Балтыі, Аргенціне, Бразіліі, Іране, Кітаі, Паўднёвай Карэі і іншых краінах. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, шэраг сумесных прадпрыемстваў і зборачных вытворчасцей.

Нацыянальная выстаўка ў Новасібірску праходзіла ў час дзён Беларусі ў Сібіры (з 19 па 23 кастрычніка). Яна стала самай маштабнай за ўвесь час супрацоўніцтва Беларусі і сібірскіх рэгіёнаў прэзентацыяй магчымасцей айчынных галін машынабудавання, сельскай гаспадаркі, хіміі і нафтахіміі, будаўніцтва, лёгкай і харчовай прамысловасці, развіцця інфармацыйных тэхналогій, а таксама дасягненняў беларускіх рэгіёнаў. Удзел у выстаўцы прынялі больш як 100 айчынных прадпрыемстваў, што, паводле слоў старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіла Мятлікава, сведчыць аб высокай зацікаўленасці айчынных кампаній у развіцці супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам Расіі.

У размове з карэспандэнтам БЕЛТА Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што Новасібірск, дзе праходзіла выстаўка, - трэці горад Расіі па колькасці насельніцтва. "Гэта буйнейшы для нас транспартны і лагістычны цэнтр. Гэта чыгуначныя, аўтамабільныя, рачныя і авіязносіны на многія рэгіёны Расійскай Федэрацыі, у тым ліку на Забайкалле, Далёкі Усход. Таму для нашых кампаній важна з пункту гледжання пашырэння экспарту выйсці і ўстанавіць кантакты з лагістычнымі кампаніямі Новасібірскай вобласці як асноўнага лагістычнага цэнтра за Уралам", - сказаў ён.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі