ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 28 верасня 2022
Мінск +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 красавіка 2014, 09:07

"Гомсельмаш" створыць гандлёвы дом ва Украіне

9 красавіка, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. ААТ "Гомсельмаш" плануе стварыць гандлёвы дом ва Украіне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік маркетынг-цэнтра прадпрыемства Дзмітрый Муляр.

Гэта рашэнне было прынята на пасяджэнні дырэкцыі адкрытага акцыянернага таварыства. Новая структура атрымала назву ТАА "Гандлёвы дом "Гомсельмаш-Украіна". Размяшчацца яна будзе ва Украіне. На пасяджэнні быў таксама зацверджаны статут гандлёвага дома і памер статутнага фонду.

Пачалася распрацоўка бізнес-плана, які павінен атрымаць адабрэнне ўрада, прадаўжаюцца кансультацыі з украінскімі партнёрамі па арганізацыйных пытаннях. "Канкрэтныя тэрміны пачатку работы ТАА "Гандлёвы дом "Гомсельмаш-Украіна" пакуль не ўстанаўліваліся. У абодвух бакоў ёсць жаданне правесці яго рэгістрацыю за некалькі месяцаў, хоць, як вы разумееце, існуюць пэўныя прычыны, якія могуць затрымаць гэты працэс", - сказаў Дзмітрый Муляр.

Буйнейшы ў Беларусі вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі ўжо мае некалькі аналагічных структур у Расіі, дзе раней былі створаны ГД "Гомсельмаш-Цэнтр", "Гомсельмаш-Урал", "Гомсельмаш-Сібір" і "Гомсельмаш-Поўдзень". Аналіз іх работы паказвае, што гэты напрамак у развіцці тавараправоднай сеткі прадпрыемства з'яўляецца адным з самых эфектыўных. Маючы магутную вытворчую базу, гандлёвыя дамы не толькі кантралююць і каардынуюць работу дылерскіх цэнтраў у сваіх і суседніх рэгіёнах, але і прадастаўляюць пакупнікам увесь спектр сэрвісных і маркетынгавых паслуг, аж да арганізацыі пастаянна дзеючых выставак. Акрамя таго, гэтыя структуры ствараюцца, як правіла, з удзелам змешанага капіталу, што павышае зацікаўленасць у выніках работы гандлёвага дома з боку мясцовых бізнесменаў. Усе гэтыя фактары ў канчатковым выніку станоўча ўплываюць на павелічэнне аб'ёмаў продажаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў канкрэтных рэгіёнах.

Пашырэнне супрацоўніцтва ў пытаннях паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і стварэнне сумесных прадпрыемстваў па яе зборцы не раз абмяркоўваліся на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін. Украіна мела намер значна павялічыць вытворчасць збожжа - важнага артыкула свайго экспарту. А ў Беларусі для гэтага выпускаецца практычна ўвесь неабходны мадэльны рад тэхнікі.

ААТ "Гомсельмаш" створана ў 2013 годзе на базе завода "Гомсельмаш", заснаванага ў 1930 годзе. З'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў краінах СНД і Еўропы. Выпускае самаходныя і прычапныя кормаўборачныя камбайны і касілкі-плюшчылкі, збожжаўборачныя камбайны, навясныя касілкі-здрабняльнікі, бульбаўборачныя і буракаўборачныя камбайны. Прадпрыемства вырабляе больш як 40 базавых пазіцый розных відаў сельгасмашын.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі