Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лістапада 2020, 17:30

Галоўчанка: зарплаты бюджэтнікаў выраслі амаль на 14 працэнтаў, у ахове здароўя - на 22 працэнты

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зарплаты бюджэтнікаў у Беларусі выраслі амаль на 14 працэнтаў, у ахове здароўя - на 22 працэнты. Такія даныя агучыў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка сёння на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе абмяркоўваюцца вынікі работы эканомікі за студзень - верасень бягучага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З сямі важнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацбанка выкананы тры: сальда знешняга гандлю, рэальныя даходы насельніцтва і прамыя замежныя інвестыцыі. Падагульняючы паказчык работы ўсёй эканомікі - рэальныя грашовыя даходы, яны выраслі на 3,6 працэнта. Гэта вышэй, чым планавалі. Рэальная заработная плата павялічылася на 8 працэнтаў, у тым ліку ў бюджэтнай сферы - амаль на 14 працэнтаў, і перш за ўсё, у сістэме аховы здароўя - на 22 працэнты", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр назваў галоўнай задачай, якую ўдалося вырашыць у няпростых эканамічных умовах, захаванне бесперабойнай работы прадпрыемстваў і адсутнасць масавага вызвалення работнікаў. "Няпоўная занятасць на прадпрыемствах у параўнанні з маем скарацілася ў чатыры разы", - адзначыў ён.

Паводле даных прэм'ер-міністра, колькасць арганізацый з нізкім узроўнем аплаты працы ў гэтым годзе скарацілася амаль у 10 разоў.

Кіраўнік урада назваў аб'ектыўным зніжэнне экспарту па такіх пазіцыях, як нафта і нафтапрадукты, калій, на фоне сітуацыі на сусветных рынках. У той жа час ён звярнуў увагу на зніжэнне экспарту грузавых аўтамабіляў, перш за ўсё БЕЛАЗаў. Акрамя таго, у верасні знізіліся пастаўкі на экспарт трактароў, седлавых цягачоў і легкавых аўтамабіляў. Прэм'ер-міністр папрасіў далажыць, якія меры прымаюцца па аднаўленні экспарту гэтых пазіцый да канца года.

Раман Галоўчанка адзначыў, што з чэрвеня ВУП паступова аднаўляецца і апошнія два месяцы захоўваецца на адзнацы 98,7 працэнта. "Нягледзячы на распаўсюджваемую фальсіфікацыю і раздуваемую звонку істэрыю аб няўстойлівасці эканомікі Беларусі, паводле аператыўнай інфармацыі за кастрычнік, відаць ўмацаванне дадатнай дынамікі прамысловай вытворчасці, якая прыбавіла 0,6 працэнта", - заявіў ён.

Падтрымку эканоміцы таксама аказвае сельская гаспадарка, дзе дабаўленая вартасць прырасла на 5,5 працэнта, будаўнічая галіна (на 4 працэнты), сектар інфармацыі і сувязі (на 8,2 працэнта). "На гэтыя галіны ў меншай ступені паўплывала сітуацыя з пандэміяй. Дынаміку прыросту трэба захаваць да канца 2020 года", - даручыў прэм'ер-міністр.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў ліпені на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна ўрад вызначыў мэтавыя задачы, якія трэба выканаць, каб забяспечыць эканамічны рост не ніжэйшы, чым у 2019 годзе. Гэтых задач чатыры: экспарт, запасы гатовай прадукцыі, інвестыцыі і затраты - з імі пакуль спраўляюцца не ўсе. Запасы гатовай прадукцыі да канца 2020 года трэба знізіць на Br1 млрд, у цэлым гэта работа ідзе па графіку, але адставанне ёсць у арганізацыях Мінпрама, "Беллегпрама", Віцебскай вобласці і Мінска. Затраты на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі падраслі ў Мінпраме, Магілёўскай і Гомельскай абласцях і Мінску.

Сярод рэгіёнаў толькі ў Магілёўскай вобласці валавы рэгіянальны прадукт дасягнуў узроўню 2019 года. Прэм'ер-міністра насцярожвае сітуацыя з выкананнем устаноўленых паказчыкаў у Гомельскай вобласці і Мінску.

Акрамя таго, у сталіцы адзін з самых нізкіх тэмпаў уводу жылля ў эксплуатацыю. Раман Галоўчанка прызнаў, што была праблемная сітуацыя, звязаная з дастатковасцю ліквіднасці банкаў для фінансавання будаўніцтва. "Усе неабходныя меры прыняты. Таму адстаючым неабходна навярстаць упушчанае", - заўважыў кіраўнік урада.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў Гомельскай вобласці не выконваюцца амаль усе асноўныя паказчыкі, за выключэннем прамых замежных інвестыцый. Другі год запар зніжаецца вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельгасарганізацыях рэгіёна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі